Дзеці, наперад!

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Да ХХІІ Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” засталося тры дні. І хаця ўрачыстае адкрыццё гэтага славутага форуму прызначана на 11 ліпеня, фестывальныя падзеі пачынаюцца ўжо 9-га.

Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што сёлета фестываль пачынаюць менавіта дзеці. Традыцыйнае лёсаванне ўдзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2013”, які пройдзе ўжо ў адзінаццаты раз, адбудзецца апоўдні 9 ліпеня, у цудоўнай лесапаркавай зоне Комплексу адпачынку імя Савецкай Арміі. Як заўсёды, замест сумнага выцягвання нумароў дзятве прапануюць захапляльную забаўляльную праграму, у час якой яны, акрамя ўласна лёсавання, яшчэ і адпачнуць, і пагуляюць, і перазнаёмяцца адно з адным, і — трапяць у казку, вядомую ва ўсім свеце. Гэтым разам выбар арганізатараў спыніўся на “Прыгодах Пінокіа”, галоўны герой якіх вядомы ў нас пад “псеўданімам” Бураціна. Таму ў спевака Івана Вабішчэвіча, вядомага як Дзядзька Ваня, з’явіцца новая роля — спадара Маджафока, які ўзначальвае казачны тэатр лялек і “перакладаецца” ў нас як Карабас-Барабас.

Сам дзіцячы конкурс таксама завершыцца яшчэ да адкрыцця фэсту, але даведацца пра яго вынікі можна будзе толькі ўвечары другога фестывальнага дня, у час гала-канцэрта і цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў. Нашу краіну на гэтым прэстыжным спаборніцтве, нагадаем, прадстаўляюць дзве юныя мінчанкі — 10-гадовая Аляксандра Лакціёнава і 11-гадовая Паліна Бурло.

Дзякуючы СМІ і шматлікім тэлерадыётрансляцыям далучыцца да фестывальных падзей змогуць ва ўсім свеце. На “Славянскі базар у Віцебску” акрэдытавана каля 500 журналістаў і супрацоўнікаў тэлерадыёкампаній, у тым ліку не толькі з былых савецкіх рэспублік, але і з Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Кітая, Швейцарыі ды іншых краін далёкага замежжа. Ад Беларусі — больш за 50 друкаваных і электронных выданняў. Прамыя трансляцыі па традыцыі атрымаюць гала-канцэрты адкрыцця, закрыцця, а таксама “Канцэрт Дружбы. Саюзная дзяржава запрашае...” і, вядома ж, “дарослы” конкурс, у якім ад нашай краіны ўдзельнічае саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Аляксандр Салаўёў. А вось лепшыя дзіцячыя конкурсныя выступленні можна будзе ўбачыць на тэлеэкране ў запісе.