Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Злачынства

Мастак Юрый (Юдаль) Пэн цягам амаль паловы стагоддзя з’яўляецца адной з галоўных віцебскіх славутасцей. Раніцай 1 сакавіка 1937-га яго знайшлі забітым у сваёй кватэры: злачынец не толькі ўдарыў 83-гадовага старога некалькі разоў сякерай па галаве, але яшчэ і нажом перарэзаў горла… Многія журналісты ды мастацтвазнаўцы, якія пішуць пра Ю.Пэна, і дагэтуль упарта працягваюць сцвярджаць, што гэтае забойства было здзейснена роднымі мастака, альбо — “нявызначанай асобай і пры нявызначаных абставінах”. На самой жа справе цяпер ужо і абставіны даволі вядомы, і хто гэта зрабіў — таксама не таямніца…

/i/content/pi/cult/433/9001/1-2.jpeg

Ю.Пэн. "Купанне каня". 1910 г.

Суседка Пэна Цэцылія Хейн узгадвае: “…Спачатку мастак жыў са сваёй сястрой, якая вяла гаспадарку: гатавала, прыбіралася, мыла бялізну, запальвала свечкі ў пятніцу і ставіла іх на падаконнік. Пасля яе смерці састарэлы мастак жыў адзін, незнаёмых людзей не ўпускаў. Яго наведвальнікамі былі, у асноўным, вучні <…> Кожную суботу наша глуханямая хатняя работніца Урсула прыносіла Юрыю Масеевічу снеданне, абед і вячэру, увечары забірала брудны посуд. У суботні дзень напрыканцы лютага 1937 года яна, як звычайна, аднесла вячэру, а вярнуўшыся, паведаміла, што бачыла ў Юрыя Масеевіча нейкага маладога, высокага, смуглага чалавека. Усіх нас гэтае паведамленне здзівіла: як я ўжо адзначала, калі да Пэна нехта прыязджаў, дык ён загадзя нашу сям’ю аб гэтым папярэджваў. На наступны дзень малочніца, як звычайна, прынесла яму малако. Падышоўшы да дзвярэй, убачыла, што тыя прачынены. Жанчына гукнула Юрыя Масеевіча, але ніхто не адказаў. Спалоханая малочніца прыбегла да маці. Тады яны ўдзвюх увайшлі ў пэнаўскую кватэру і ўбачылі забітага мастака <…> Маці адразу вярнулася ў нашу кватэру і патэлефанавала ў міліцыю (у Пэна тэлефона не было)”…

Праз два дні, 3 сакавіка, рэспубліканская газета “Звязда” апублікавала інфармацыю: “Урад БССР паведамляе ўсім працоўным Беларусі, што ў Віцебску ў ноч на 1 сакавіка ад варожай рукі загінуў вялікі мастак БССР Пэн Юрый Масеевіч. СНК (Савет Народных камісараў. — А.П.) БССР для арганізацыі пахавання Пэна Юрыя Масеевіча стварыў урадавую камісію <…> Пахаванне Ю.М. Пэна ўзята на рахунак дзяржавы. Камісія па арганізацыі пахавання 2 сакавіка прыбыла ў Віцебск”. Пра тое, якое значэнне надавалася гэтай падзеі, красамоўна сведчыць і тое, што ў той жа дзень, 3 сакавіка 1937 года, паведамленне пра забойства Ю.Пэна апублікавала і галоўная газета краіны — “Праўда”.

Следства

Далей было ўсё, як звычайна ў такіх выпадках: была заведзена крымінальная справа. Расследаваннем забойства Ю.Пэна займалася гарадское аддзяленне НКУС, якое ўзначальваў Іван Гарбаленя. Па горадзе паўзлі розныя чуткі. А 9 сакавіка 1937 года ў газеце “Звязда” быў апублікаваны матэрыял “Незразумелая маруднасць”: “…Зверскае забойства было здзейснена не дзе-небудзь за горадам, далёка ад людзей, а ў самым ажыўленым месцы буйнога прамысловага і культурнага цэнтра Віцебска, дзе амаль ля самога дома мастака стаіць паставы міліцыянер. З моманту паскуднага злачынства, безумоўна, зробленага подлай рукой класавага ворага, злачынства, якое глыбока ўсхвалявала ўсю грамадскасць Беларусі, прайшло восем дзён. Аднак да гэтага часу злачынцы яшчэ не выяўлены. Органы віцебскай міліцыі і крымінальнага вышуку праяўляюць у гэтай справе недапушчальную маруднасць і выключную неаператыўнасць…”.

Неўзабаве стала вядома, што па падазрэнні ў забойстве мастака быў арыштаваны яго вучань Якаў Бак...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск