Вектар прафесіяналізму

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

20 снежня прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры РБ. Быў абмеркаваны стан кадравай работы на Брэстчыне. Пытанне, вынесенае на парадак дня, — першараднае.

 /i/content/pi/cult/142/900/Kalegija.jpg

Як заўважыў міністр Уладзімір Матвейчук, плён дзейнасці галіны наўпрост залежыць ад прафесійнасці і адукаванасці бібліятэкараў, музейшчыкаў, работнікаў дамоў культуры, клубаў, школ мастацтваў... І любыя хібы кадравай палітыкі абавязкова цягнуць за сабой шэраг самых розных праблем. Таму кадравы вектар разглядаецца як складнік дзяржаўнай палітыкі. У сферы культуры, дзе апошнім часам адбываюцца якасныя змены, звязаныя і з навуковым прагрэсам, і з больш аптымальнымі падыходамі да духоўнага абслугоўвання насельніцтва, кадравае пытанне набывае надзвычайную актуальнасць. Неаспрэчна, развіццём культуры сёння павінны займацца не аматары, а прафесіяналы.
Як паведаміў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, у больш чым 1700 установах культуры і мастацтва Брэстчыны працуе амаль 6 тысяч творчых работнікаў і спецыялістаў.
84 працэнты з іх маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, 15,5 працэнта — практыкі (ёсць досвед, але няма адукацыі). 68,7 працэнта культработнікаў і 79,4 працэнта бібліятэчных атрымалі ў свой час спецыяльную адукацыю. Маюць яе ўсе супрацоўнікі школ мастацтваў.
За апошнія тры гады ва ўстановы культуры і мастацтва прыбылі і прыступілі да працы 489 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Дарэчы, спецыялістаў для галіны рыхтуюць тры ССНУ вобласці: Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы, Баранавіцкае дзяржаўнае музычнае вучылішча, Пінскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў. У іх цяпер навучаецца 840 чалавек, з іх 739 — ураджэнцы Брэстчыны, па мэтавым накіраванні — 112 навучэнцаў.
У ВНУ за 2005 — 2007 гады падрыхтавана 156 спецыялістаў, з іх 93 размеркаваны ў Брэсцкую вобласць.
Сёлетнія выдаткі мясцовага бюджэту на ўтрыманне ўстаноў культуры прадугледжана павялічыць у параўнанні з леташнім годам на 35 працэнтаў, больш чым на 30 працэнтаў узраслі паступленні ад камерцыйнай дзейнасці сферы. Павысіўся ўзровень адукаванасці работнікаў, якія займаюцца захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны. Як вынік, станоўчы досвед вобласці па ахове гісторыка-культурных помнікаў рэкамендаваны для вывучэння і распаўсюджвання ў рэгіёнах рэспублікі.
Адно з вядучых месц займае Брэстчына і па колькасці дзіцячых школ мастацтваў.
Штогод на калегіі упраўлення культуры аналізуецца размеркаванне маладых спецыялістаў і прыбыццё іх да месца працы, заслухоўваюцца кіраўнікі абласных устаноў і аддзелаў культуры райвыканкамаў па рабоце з маладой зменай.
Для яе замацавання прадугледжаны матэрыяльная дапамога, льготныя крэдыты на набыццё хатняй маёмасці. За апошнія тры гады для спецыялістаў па льготных крэдытах выдзелена 70 кватэр у ЖБК і 19 службовых кватэр...
Але, як адзначалася ў ходзе абмеркавання, арганізацыя работы ўстаноў культуры Брэстчыны мае і недахопы, наўпрост звязаныя з кадравымі пытаннямі.
Колькасць клубных работнікаў на вёсцы, якія не маюць спецыяльнай адукацыі, у 4 разы перавышае аналагічны паказчык па горадзе.
Назіраецца цякучасць кадраў: 7,8 працэнта сярод клубных работнікаў; 4,4 — сярод бібліятэчных; 3,7 — сярод музейшчыкаў; амаль столькі ж— сярод выкладчыкаў ДШМ. Брэстчына займае 5 месца сярод іншых абласцей па адукацыйным узроўні кадраў культуры. Некалькі гадоў не выконваецца план павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры вобласці ў Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры. Пэўна, гэта адна з прычын таго, што ў наведвальнікаў падае цікавасць да музейных экспазіцый і выставак. Калі ў 2005 годзе музеі Брэстчыны наведала 308 тысяч, у 2006 — 276 тысяч, дык за студзень-лістапад бягучага года — толькі 237 тысяч чалавек. За гэты час значна зменшылася і колькасць выставак. Для музеяў вобласці актуальным застаецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё выставачнага і экспазіцыйнага абсталявання, пашырэнне выставачных плошчаў, больш эфектыўнае выкарыстанне музейных магчымасцей для ўнутранага і міжнароднага турызму.
За апошнія тры гады ў бібліятэках Брэстчыны на 30 працэнтаў павялічылася колькасць пенсіянераў, больш чым у тры разы — цякучасць кадраў.
Праблемнымі ў сувязі з гэтым з’яўляюцца Ганцавіцкі, Баранавіцкі, Бярозаўскі і Камянецкі раёны.
Толькі 11,4 працэнта работнікаўсельскіх клубных устаноў вобласці маюць вышэйшую адукацыю.
Самымі запатрабаванымі застаюцца спецыялісты сярэдняга звяна: акампаніятары, рэжысёры масавых свят і абрадаў, харэографы. Раённыя метадычныя цэнтры адчуваюць вялікую патрэбу ў работніках, якія валодаюць новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, сучаснымі тэхнічнымі сродкамі.
У вобласці слаба развіты тэатральны і эстрадны профілі навучання дзяцей у школах мастацтваў.
Большая палова гэтых устаноў вымагае капітальнага рамонту. Вострай застаецца праблема абнаўлення і рамонту музычнага інструментарыя, набыцця мастацкіх матэрыялаў, абсталявання, рэквізіту.
У абласным тэатры драмы і музыкі вакантнымі з’яўляюцца пасады галоўнага рэжысёра, галоўнага дырыжора, шасці акцёраў. Маладымі спецыялістамі трупа папаўнялася толькі ў 2005 годзе. Дзесяць вакантных пасад ёсць і ў сістэме абласнога кінавідэапракату. Патрэба ў кінамеханіках і відэадэманстратарах кампенсуецца толькі за кошт ідывідуальнага навучання кадраў.
Недастаткова эфектыўна выкарыстоўваецца мэтавая форма падрыхтоўкі кадраў у Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным тэхнікуме імя А.С.Пушкіна і Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.
За тры апошнія гады ў гэтыя навучальныя ўстановы з Брэстчыны накіравана толькі тры мэтавікі.
Дарэчы, не менш яскравым паказчыкам не надта дасканалай кадравай палітыкі з’яўляецца і тое, што Брэстчына знаходзіцца далёка не на першым месцы па падпісцы на газету “Культура” і часопіс “Мастацтва”. Як думаецца, на сёння не трэба даказваць той відавочны факт, што культасветработнік-прафесіянал павінен арыентавацца не толькі ў раённай, абласной, але і ў рэспубліканскай інфармацыйнай прасторы, звязанай з актуальнымі праблемамі і станоўчым досведам нацыянальнай культуры і мастацтва.
Словам, гаворка на пасяджэнні калегіі была вострай, дзелавой, актуальнай і карыснай. У ходзе абмеркавання стану кадравай сітуацыі ў сферы культуры не толькі Брэстчыны, але і Беларусі, уздымаліся надзвычай важныя пытанні.
Да прыкладу, маладыя спецыялісты галіны павінны мець гарантаванае права (якое маюць урачы і настаўнікі) на атрыманне жылля,узведзенага згода з дзяржпраграмай адраджэння і развіцця вёскі. Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў павінен урэшце выпрацаваць больш гнуткую палітыку па забеспячэнні рэгіёнаў маладымі кадрамі запатрабаваных спецыяльнасцей.
Скажам, іншым разам вельмі цяжка знайсці працу ў вёсцы выпускнікам БДУКіМ, якія маюць спецыяльнасць сацыяльнага педагога ці культуролага.
А вось харэографаў, што пасля вучобы, як правіла, застаюцца ў сталіцы, чакаюць у аграгарадках з нецярпеннем.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
На здымку: у час пасяджэння
калегіі Міністэрства культуры.
Фота Юрыя ІВАНОВА