Людзі на выспе: аўтаклуб, ау-у-у!

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Пра штраф у мільён рублёў і грошы, якія так доўга здаваў бібліятэкар

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

На спідометры — больш за 200 “накручаных” кіламетраў. Беларусь падаецца бясконцай. Уражваюць вольныя ад паселішчаў плошчы: палеткі, лясы, поймы... Вёскі — як хлебныя крошкі ў барадзе велікана. Ехалі і думалі-абмяркоўвалі, чаму ж гэтымі “крошкамі” грэбуюць нашы перасоўныя ўстановы культуры. Прынамсі, за час рэдакцыйнай аўтавандроўкі мы не бачылі выязной актыўнасці ні аўтаклубаў, ні бібліобусаў. Відаць, з бензінам праблемы...

Расповед у сённяшнім артыкуле — пра сельскія ўстановы культуры Брэстчыны і Гродзеншчыны.

Моўчадзь, не маўчы!

Вёска Моўчадзь — апошні маршрутны пункт аўташпацыру па Баранавіцкім раёне. І, трэба заўважыць, — адзін з выключна цікавых па сваіх гістарычных адметнасцях пунктаў. За выключэннем, бадай, адзінага: чарговай трывіяльнай абвесткі на новенькім пасля рамонту СДК. Надпіс на невялічкім аркушыку паперы паведамляў, што ўстанова ў другой палове дня зачынена не проста так, а з прычыны падрыхтоўкі супрацоўнікаў да чарговага мерапрыемства. З такіх няпэўных абвестак час ужо і калекцыю складаць...

/i/content/pi/cult/433/8995/2-2.jpeg

А пра брэнды Моўчадзі нам распавялі выпадковыя яе жыхары, якія, напэўна, ужо прызвычаіліся да частых турыстычных “набегаў”. Дык вось, перад вёскай пра гаспадарчую ды заможную даўніну нагадвае вялікі вадзяны млын. За СДК — рэшткі сцен колішняй сінагогі. Ля вясковай плошчы — велічны храм. А побач з мясцовым інітэрнатам — святая крынічка.

Як гэтыя брэндавыя аб’екты ўплываюць на пераканаўчасць “мізансцэн” клубных тэатралізацый? Якое канкрэтна мерапрыемства рыхтуюць мясцовыя работнікі культуры? Ці дае ім турызм прыбытак ад платных паслуг? Пытанні так і засталіся нявысветленымі. А нам, журналістам “К”, хацелася б, у ідэале, бачыць на ўездзе ў вёску бігборд не толькі з пералікам вясковых цікавостак, але і з рэкламай культурных паслуг для турыстаў клуба ды бібліятэкі. Аднак няма таго бігборда і ніхто не прагне зацікавіць нас платнай экскурсіяй. Дык мо ідэалізм журналістам, сапраўды, — не да твару? І радавацца варта таму, што ёсць? Занадта простае выйсце!

Пабываўшы ў Моўчадзі, у чарговы раз пераконваешся: галоўная каштоўнасць нашай краіны — гэта людзі. Першы ж сустрэты намі мінак згадзіўся правесці для нас, няхай сабе і не вельмі прафесійную, але вельмі шчырую, экскурсію па мястэчку. Яшчэ адзін прыклад — сэрвіс мясцовай крамы. Забытае на касе печыва прадаўшчыца прынесла да нашай машыны, прыпаркаванай на іншым баку вуліцы і зусім не блізка ад крамы. Шануюць мясцовыя жыхары і духоўныя традыцыі. Святыя крынічкі, якіх ажно дзве на мястэчка, — дагледжаныя, а вада ў іх — вельмі смачная, асабліва ў гэтыя спякотныя дні... І яшчэ: думаецца, што, пры адпаведнай зацікаўленасці нашых землякоў з Ізраіля, было б цудоўна калі і не аднавіць старадаўнюю сінагогу, якая зараз стаіць у руінах, дык хаця б паставіць памятны знак на гэтым месцы.

У Харашках усё харашо?

Знаёмства з Дзятлаўскім раёнам распачалі з вёскі Харашкі (націск — на апошнім складзе). Сонейка стаяла над вершалінамі таполяў. Карцела даведацца, а што ж харошага ў Харашках. Інфармацыйнай падтрымкай нас забяспечылі мужчына і жанчына сталага веку, якія корпаліся на градах...

/i/content/pi/cult/433/8995/2-3.jpeg

Аказваецца, у Харашках — да сотні жыхароў (з улікам дачнікаў). Больш за год як няма стацыянарнай крамы: як быццам, не маглі знайсці прадаўца, і за гэты час будынак пачаў развальвацца. Клуба таксама няма. Словам, вёска — неперспектыўная. Дык, відаць, аўтабібліятэка з аўтаклубам перыядычна завітваюць? “Не, — у адзін голас адказваюць агароднікі-градачнікі, — не бачылі. Нават аўтакрама, бывае, спазняецца”.

Недзе праз паўгадзіны частыя аўтасігналы абвясцілі, што прыехала доўгачаканая аўтакрама. Вельмі хуценька ля яе сабралася чарга. Жанчына ў сарафане на наша пытанне заўважыла: “Ды якая тут культура ўжо!” Калі даведалася, што мы з Мінска, згадзілася пагутарыць... Яна — таксама з Мінска, але ў Харашках нарадзілася ейная мама, так што ўсё лета жыве з ёй.

“Крама сапраўды спазняецца, іншым разам — гадзіны на тры, — паведаміла кабета-дачніца. — Аўтаклуб прыязджае раз на год — пад свята вёскі. Без клуба можна абысціся, а вось без кніг... Пусткі і вуліцы ў вёсцы зараслі пустазеллем… Адчуваем сябе, як на выспе”. Так, культуры, сапраўды, мала. Замест кніг — пустазелле, замест канцэртаў — штодзённая праца на градах. Вось такія невясёлыя брэнды, якімі турыста не прывабіш...

/i/content/pi/cult/433/8995/2-4.jpeg

Я, шчыра кажучы, думаў, што неперспектыўная вёска — гэта паселішча, якое хоць і не мае будучыні, але адчувае пільную увагу мясцовых улад. Прыкладна так ля ложка даўно хворага пастаянна дзяжураць урачы ды сваякі. Нехта з чытачоў абавязкова скажа: ізноў — ідэалістычны погляд на яву сённяшняга сельскага жыцця! А я абавязкова адкажу: што за жыццё без імкнення да ідэалу? Так што, калі збіраецеся на лецішча ў сапраўдным вясковым антуражы, бярыце з сабой торбу кніг і не забудзьцеся на магнітафон. Але ў такім выпадку ніхто не гарантуе, што пустазелле не забуяе на вашых градах.

Гаспадыня куфра

У вёсцы Дварэц уразіў спачатку ўрачыста вытанчаны касцёл. У Дзятлаўскім раёне дэфіцыту на іх няма. Потым уразіў клуб, а дакладней — Дварэцкі СДК, якім кіруе Ірына Цяцерына: клубныя памяшканні, якасна ў свой час адрамантаваныя, з вялікім густам упрыгожаны творамі мясцовых народных майстроў. І творамі — не абы-якімі. У кабінеце дырэктара ўстановы — цэлы куфар унікальнага ткацтва і вышыўкі. У тэхнічным арсенале СДК — не толькі камп’ютары (!), але і два святломузычныя камплекты. Музычная ж апаратура — увогуле вельмі якасная.

Дварэц — аграгарадок. І прывабна выглядае тут не толькі СДК, у будынку якога месціцца і бібліятэка... Ірына Цяцерына — жвавая, ветлівая і дасведчаная. Мы запыталіся, ці ўваходзяць Харашкі ў зону абслугоўвання Дварэцкай клубнай установы. “Не, — адказала Ірына, — і без Харашкоў абслугоўваем канцэртамі васямнаццаць вёсак”. У гутарцы высветлілася, што кожнае з гэтых паселішчаў наведвае канцэртная брыгада СДК не часцей за адзін раз у год. Зразумела: свайго транспарту Сельскі дом культуры не мае. Цікава з гэтай нагоды: якая ж перыядычнасць выездаў на канкрэтна ўзятае сяло ў мабільных устаноў аддзела культуры? Мяркуючы па культурным жыцці Харашкоў, — таксама раз на год? Аўтаклуб, ау-у-у! У наш трохдзённы выезд нам з табой так і не будзе наканавана сустрэцца...

/i/content/pi/cult/433/8995/2-5.jpeg

Ірына Цяцерына агучыла праблему, пра якую мы стаміліся пісаць: непаўналетняя моладзь не мае права знаходзіцца на танцах пасля дзясятай вечара. За гэтыя гады праблема набыла дадатковыя недарэчныя нюансы. “Падлетак пасля 22.00 забег у клуб вады папіць, а пільныя правяраючыя нас за гэта штрафуюць на мільён рублёў…” — нават не скардзіцца, а з сумам канстатуе дырэктар СДК. Летась установа план па аказанні платных паслуг выканала, зарабіўшы 15 мільёнаў рублёў. Сёлетні план — 25 мільёнаў. Таму білет на танцавальны вечар каштуе 10 тысяч. Каштуе апраўдана (мы пыталіся ў вясковай моладзі): дыскатэкі — цікавыя, уся пералічаная намі апаратура працуе напоўніцу. Ды плюс выдумка Ірыны Цяцерынай, якая ладзіць арыгінальныя конкурсы ды гульні для самай рознаўзроставай аўдыторыі. Але ці выратуе тая выдумка пры такім вялізным плане?..

А вось з бібліятэкаркай, на жаль, мы так і не пазнаёміліся. Абвестка на дзвярах (колькі іх нам яшчэ наканавана пабачыць?) паведамляла, што яго гаспадыня “пайшла здаваць грошы”. Куды і каму — мы не даведаліся, бо пасля абедзеннага перапынку, згодна з працоўным графікам, установа так і не адчынілася. Шкада. Грошы, відаць, былі ад бібліятэчных платных паслуг. І, мяркуючы па доўгай адсутнасці работніка, сума была, напэўна, немалой. Але для таго, каб распавесці пра самаадданасць бібліятэкаркі, фактаў, на жаль, мы так і не здолелі назбіраць.

І сталіца пазайздросціць...

Да Гродзенскага раёна дабіраліся праз Мастоўшчыну, з пустых лясных гравіек зганялі не надта баязлівых зайцоў... Вёска Абухава знаходзіцца за 18 кіламетраў ад Гродна. Гэта аграгарадок з насельніцтвам больш чым у дзве тысячы чалавек... Тут варта спыніцца ды распавесці чытачу пра адметнасць сайта Гродзенскага райвыканкама, дзе аддзел культуры прадстаўлены больш чым прэзентабельна: пададзены фотаздымкі і дзелавыя апісанні ўсіх аграгарадоцкіх устаноў культуры. Мяркуючы па выявах, з іх матэрыяльнай базай усё у поўным парадку. Начальнік аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Ігар Лябецкі — спецыяліст гаспадарлівы.

/i/content/pi/cult/433/8995/2-6.jpeg

Такіх залаў як у Абухаўскім цэнтры культуры і вольнага часу няма, кажуць, нават у Гродне. Акрамя глядзельнай ды танцавальнай ёсць зала абрадаў, пакоі для гуртковай дзейнасці, шыкоўная бібліятэка. Хапае і творчых калектываў, паўдзясятка з іх — народныя ды заслужаныя. Карацей, ва ўсім адчуваецца моцная рука і арганізатара, і творцы. Дык вось, за “руку” адказвае дырэктар ЦКіВЧ Антоль Цяжкін, а за “душу” — мастацкі кіраўнік установы Надзея Цяжкіна. Так, муж і жонка. І разам яны імкнуцца зрабіць установу жаданай ды заўжды нечаканай для наведвальнікаў. Нам спадабаліся гэтыя “нечаканасці”. Па-першае, этнамузей — з сапраўды ўнікальным рыштункам. Па-другое — падрабязнае і досыць поўнае дасье на ўмельцаў-рамеснікаў. Нават пячнік ёсць. У намерах Цяжкіных — стварэнне магутнага па творчых магчымасцях Цэнтра народных майстроў. Калі атрымаецца, задуманае стане пасля рэалізацыі сапраўдным крэатыўным прарывам. Уявіце: клубны гурток абвяшчае конкурс па наборы печнікоў.

Ажыўлена было і ў бібліятэцы, дзе гаспадыняй — Тамара Гедройц. Дарэчы, ад сталічнай установы Абухаўская бібліятэка адрозніваецца хіба што меншымі плошчамі...

Характэрнасцю Абухава з’яўляецца цесны саюз мясцовых творцаў з кіраўніком сельскагаспадарчай арганізацыі Ільёй Сінько. Рамонты, транспарт, перыядычныя фінансавыя ўліванні ў рэгіянальную культуру — гэта ўсё Сінько. Для ЦКіВЧ, да прыкладу, патрэба ў бягучым рамонце ўжо наспела: сям-там дах працякае ды тынкоўка з фарбай ад сцен адстаюць. Будзем спадзявацца, і тут Сінько не падвядзе. Як, дарэчы, і Ігар Лябецкі.

/i/content/pi/cult/433/8995/2-7.jpeg

Не падвёў ён і з дапамогай мясцовай школе мастацтваў. Дарэчы, кіруе ўстановай даўні сябар “К” Яўген Яськоў. Ён у нас нядаўна і свой “Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы” презентаваў, і ў многіх он-лайн-канферэнцыях удзельнічаў. Сёння пра дасягненні Абухаўскай ДШМ — хіба што тэзісна. Тэарэтычныя музычныя дысцыпліны тут выкладаюцца ў камп’ютарным класе. Недахопу ў музычных інструментах установа не адчувае. Гэтымі днямі завяршаецца яе рамонт. Паступаемасць выпускнікоў у ВНУ — нязменна высокая. Таму і аўтарытэт установы — гэткі ж.

Аграгарадок “Абухава” ў матэрыяльна-творчым плане мы назвалі “нетыповым”. (Так і карцела далучыць яго да гродзенскіх прыгарадаў, хоць да іх і 18 кіламетраў.) Анатоль Цяжкін і Яўген Яськоў не пакрыўдзіліся. Каму, сапраўды, хочацца быць тыповым?

Агульнае лірычнае адступленне. Так, канцэртаў аўтаклубаў у аддаленых вёсках за два дні вандроўкі мы пабачыць не здолелі. У кніжных развалах бібліобусаў не капаліся. У гэтым — чыясьці бяда і віна. Мы ж, са свайго журналісцкага боку, у самым хуткім часе абяцаем прааналізаваць тэму больш глыбока. І зробім гэта на прыкладзе станоўчага досведу, назапашанага пэўнымі аддзеламі культуры Магілёўшчыны (менавіта тут з’явіліся першыя мабільныя ўстановы) і аддзела культуры Рагачоўшчыны, дзе развіццю і канцэртна-інфармацыйнаму забеспячэнню сельскіх рэгіёнаў надаецца першасная ўвага.

Яўген РАГІН і Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Мінская вобласць — Брэсцкая вобласць — Гродзенская

вобласць — Мінск

Фота аўтараў

На здымках: 1. Ірына Цяцерына з Дварца. 2. У Харашкі прыехала аўтакрама. 3. СДК у Моўчадзі. 4. Анатоль і Надзея Цяжкіны з Абухава. 5. Жыхары Харашкоў распавядаюць пра вясковае жыццё-быццё. 6. Пустазелле ў Харашках.