ГОМЕЛЬШЧЫНА
Навучанне кадраў праходзіла пры падтрымцы Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці, аддзела культуры Веткаўскага райвыканкама, раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.
Адной з мясцовых славутасцей раёна можа стаць невялікая крынічка ў Вялікіх Нямках з чыстай і смачнай вадой, якую наведалі ўдзельнікі семінара. Імя ёй — “Святая”. Аб гэтым гавораць крыжы, што пастаўлены побач. А на крыжах — абразы, якія ўпрыгожаны вышыванымі ручнікамі.
Такія ключы-крыніцы, што існуюць на Чачэршчыне і Веткаўшчыне,
могуць стаць аб'ектамі рэгіянальнага турызму.
Фота Ірыны Глушэц
Таму невыпадкова цікавасць слухачоў выклікала выступленне навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Ларысы Раманавай — “Ключы як чалавек”. Яна распавяла пра ключы-крыніцы, што ёсць у Веткаўскім і Чачэрскім раёнах. А ёсць яшчэ на Гомельшчыне цудадзейныя камяні, каменныя ідалы, крыжы-абярэгі, “прошчы”, абеліскі.
Цікавымі для гасцей вобласці могуць быць старажытныя святы і абрады, традыцыйныя мерапрыемствы — фестывалі, агляды-конкурсы, кірмашы, — а таксама выступленні фальклорных калектываў. Тэму “Адаптацыя традыцыйных спеваў у сучасную культуру” агучылі на семінары вядучыя метадысты Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
Вядома, што кожны раён мае багатую гісторыка-культурную спадчыну, якая можа стаць славутай турыстычнай каштоўнасцю. Таму клубныя работнікі Веткаўшчыны падзяліліся вопытам работы, што набылі ў час правядзення краязнаўчага конкурсу “Наша старажытнае і сучаснае сяло”. Пра яго расказала дырэктар Веткаўскага раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Надзея Сахарук.
Пазнаёміліся ўдзельнікі семінара і з гісторыяй з’яўлення казацтва на Веткаўшчыне. Выступленне навуковага супрацоўніка Веткаўскага музея Генадзя Лапаціна датычылася міфалагічных каранёў абраду “Страла”.
Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці