Шыфр любові

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Мастак, які не прапаноўвае загадак

У Інстытуце культуры Беларусі — персанальная выстаўка жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў краіны Уладзіміра Кожуха.

У экспазіцыі прадстаўлена каля сарака работ творцы апошніх гадоў. Сама яе назва — “Роднае. Чыстае. Светлае” — гэта своеасаблівы камертон да разумення дадзенага выставачнага праекта. Як зазначыла арт-дырэктар Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Прафесійная творчая артэль мастакоў” Людміла Касяк, “…у гэтай выстаўцы мы імкнуліся паказаць увесь дыяпазон творчых інтарэсаў Уладзіміра Кожуха. Тут прадстаўлены, у асноўным, тры жанры: сюжэтная кампазіцыя, пейзаж і нацюрморт”.

/i/content/pi/cult/433/8993/1-3.jpeg

У.Кожух. "Пасаг".

Уладзімір Кожух не прапаноўвае нам загадак кшталту “здагадайся, шаноўны глядач, што я меў на ўвазе”. Кожны твор — зразумелы. А калі і ёсць “шыфр” да разгадкі твораў, дык ён вельмі просты: “Зразумей тое, што мяне хвалюе”. Ягоны жывапіс мае своеасаблівае эмацыйнае гучанне. Лірычная лінія — галоўная ў яго творчасці. Тут мы бачым жывапісную прастору, напоўненую дзіўнымі жаночымі і мужчынскімі вобразамі. У кожнай кампазіцыі мастак імкнецца да гармоніі ды выяўляе ў сваіх работах бясконцую, заўсёды зменлівую, знікаючую і такую прывабную градацыю шматвымернага свету.

Магчыма, гэта будзе гучаць пафасна, але я хацеў бы зазначыць галоўную рысу творчасці Уладзіміра Кожуха: ён адлюстроўвае ў сваіх работах толькі тое, што добра разумее сам.

Вядома, што сапраўднаму мастаку не абмінуць такія вечныя тэмы, як нараджэнне, каханне, смерць. У выстаўцы “Роднае. Светлае. Чыстае” яны прачытваюцца; асабліва гэта адлюстравана ў карціне “Пасаг” (2005 г.). Я ўспрымаю дадзены твор як гімн любові да Радзімы, да спадчыны Беларусі, да сваіх блізкіх і родных. Здавалася б, вельмі просты сюжэт: маладая жанчына сядзіць перад куфрам і пераглядае ручнікі, якія вытканы працавітымі рукамі ейных бабулі ды матулі. Тут ёсць усё: любоў і такое філасофскае паняцце, як пераемнасць пакаленняў, што азначае перадачу багатага вопыту нацыі.

Пад час вернісажу прыхільнікаў прыгожых мастацтваў чакаў прыемны сюрпрыз, які падрыхтавала куратар праекта Людміла Касяк: вакальная група — Юлія Пагосава, Паліна Александровіч, Юлія Гулько — прапанавала цікавую праграму з твораў сучасных беларускіх і замежных кампазітараў.

Трэба адзначыць, што Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Прафесійная творчая артэль мастакоў” ужо цягам дзевяці гадоў плённа працуе на ніве беларускай культуры. Кожны год яны ладзяць каля дваццаці выставачных праектаў. Спадзяёмся, выстаўка жывапісу Уладзіміра Кожуха пройдзе з вялікім поспехам.

Мікалай ПАГРАНОЎСКІ

Заслаўе