“Сезоны…” завершаны назаўжды?

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Паказаць дыплом і… паспяхова знікнуць у паўсядзённым

Дыпломныя работы Ансамбля кафедры харэаграфіі БДУКіМ пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай склалі адметную праграму “Сезоны: знаёмае і таямнічае”. Цалкам яна была паказана ўсяго аднойчы: у першы і апошні раз. Эксклюзіў?..

Васямнаццаць харэаграфічных мініяцюр, у якіх выпускнікі выступалі не толькі выканаўцамі, але і харэографамі, былі з’яднаны ў цэласны спектакль, заснаваны на сінтэзе мастацтваў. Акрамя харэаграфіі ды музыкі, далучыліся яшчэ відэапраекцыі твораў беларускіх мастакоў, дзе імпрэсіянісцкія відарысы па сваёй колеравай палітры на дзіва гарманічна суседнічалі з інсітам. Фінальны акорд у выглядзе “нарэзкі” фрагментаў выступленняў Ансамбля на выбітных сцэнах нагадваў відэапрэзентацыю. Каментарыі “за кадрам” аднаго з выкладчыкаў Міхаіла Камінскага, дзе даваліся тлумачэнні некаторых назваў, звязаныя са старадаўнімі беларускімі вераваннямі, адсылалі гледача да жанру дакументальнага фільма.

Ідэі сінтэзу “чыталіся” і ў самой тэме, папраўдзе вечнай для мастацтва. Поры года вырашаліся праз каляндарна-абрадавы цыкл беларусаў і адначасова “праецыраваліся” на год навучальны, бо пачыналіся з восені, а заканчваліся падзеямі лета. Характары ва ўсіх герояў шмат у чым былі “спісаны” не толькі са старажытнага сялянскага, але і з сучаснага студэнцкага жыцця. Дый само слова “жыццё” паўстала ва ўсім шматабліччы сваіх адгалінаванняў, адлюстраваўшы повязь часоў ды знітаваўшы беларускасць у этналагічным сэнсе, побытавым (праз сямейна-святочныя дзеі), патрыятычным (як самасвядомасць нацыі), сімвалічным (праз рамантызаваны вобраз карабля, што імкнецца ў вялікае плаванне).

/i/content/pi/cult/433/8990/1-1.jpeg

Сцэна з пастаноўкі "Бо я — мужык!".

Вядома, творы былі рознымі паводле харэаграфічнай лексікі. Адны нагадвалі “панэльнае” збудаванне, складзенае з добра знаёмых “блокаў”, іншыя — “цаглянае”, дзе пазнавальныя дэталі больш натхнялі на ўласныя прыдумкі. Але галоўнае — ні ў адным з нумароў не было звыклага паўтору традыцый, толькі — іх творчае развіццё. Народны танец (а менавіта такая спецыялізацыя — ва ўсіх выпускнікоў Гуткоўскай) адмыслова сплятаўся з неакласікай, мадэрнам, элементамі гімнастыкі, эстраднага танца, побытавай пластыкі. Абсалютна ўсе кампазіцыі, без аніякіх выключэнняў, мелі сваю “разыначку”, цікавую ідэю, што прыцягвала ўвагу нават тады, калі мела пазахарэаграфічнае паходжанне. І хаця цяжка вылучыць штосьці “самае-самае”, нельга абмінуць пастаноўку Яўгена Глінскага і Дзмітрыя Пуйшы “Бо я — мужык!”, што выклікала безліч асацыяцый — нацыянальных і замежных, ад сімвалізму паэзіі Я.Купалы да карціны І.Рэпіна “Бурлакі на Волзе” ды песні “Скованные одной цепью”. А “Лазавік”, увасоблены Ільёй Чыжыкам і пастаўлены ім сумесна з Веранікай Пасечнік, увогуле навёў на роздум пра танцавальнае “Еўрабачанне”, што нядаўна праходзіла ў Гданьску.

Беларусь у танцавальным "Еўрабачанні" ўдзельнічала ўпершыню і запомнілася тым, што адзіная прапанавала “чыстую класіку”. Наша Яна Штангей, сёлетняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, размеркаваная ў Вялікі тэатр оперы і балета, паказвала Варыяцыі Эсмеральды з аднайменнага балета Ц.Пуні. У параўнанні з іншымі дзяўчатамі, яна мела найлепшую падрыхтоўку. Але перамагчы з такім класічным рэпертуарам не магла. Не, ён не быў забаронены. Больш за тое: удзельнікі конкурсу павінны былі валодаць класічным танцам. Але ж усе паказвалі, што цалкам зразумела, сучасныя нумары, дзе выкарыстанне асобных класічных элементаў хіба надавала віртуознасці. Сярод прадэманстраванага было шмат пастановак, цікавых у харэаграфічным плане. А вось вобразных ідэй, на якія так багаты кожны выпуск нашага Ансамбля, відавочна бракавала, тэматыка кампазіцый — амаль спрэс няшчаснае каханне. Уявіўшы, як фантануе харэаграфічнымі ідэямі наша студэнцтва, можна пераканацца, што беларускія артысты здольныя зацікавіць свет не толькі ідэальным увасабленнем балетнай традыцыі (а дасягненне гэтага — ужо рэдкасць), але і сучаснымі пошукамі. Мяркуючы па тым, каго вылучылі (а галасуюць на танцавальным “Еўрабачанні” выключна члены журы), можна ўцяміць, што перавага аддавалася нават не самай складанай кампазіцыі (а ёй, безумоўна, была ўкраінская, нашпігаваная, бы спартыўнае выступленне, цяжкімі прыёмамі), а самай, так бы мовіць, пластычна “імправізаванай”, што глядзелася не як дакладнае выкананне зададзенага, а як уласная “танцавальная мова” ўдзельніка.

У нас такой мовы, на жаль, няма. І штораз, развітваючыся з чарговым выпускам кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, задаешся пытаннем: куды ж дзяюцца ўсе гэтыя адораныя, сапраўды апантаныя танцам выхаванцы? Няўжо ўсе патанаюць у паўсядзённасці, “раскіданыя” па аматарскіх калектывах нашай краіны? Дык можа, ёсць сэнс пакінуць адзін такі Ансамбль (ці скласці “зборную” з найбольш перспектыўных выхаванцаў розных гадоў) як эксперыментальную пляцоўку? А яшчэ лепш — стварыць, як у той жа суседняй Расіі, Акадэмію танца. Яна тады і з’яднае найсучасныя напрацоўкі ва ўсіх сферах харэаграфіі.