Вялікая беларуская сцяна перад "новай драмай"

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Сёлетняя вясновая і летняя пара тэатральнай прасторы вылучылася зайздроснай актыўнасцю. Развіртуалізацыя пэўных ініцыятыў — у прыватнасці, Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, неспадзяваныя яскравыя прэм’еры, да прыкладу, "Бегчы з Эльсінора" ў РТБД, жывыя абмеркаванні на актуальныя тэмы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, галерэі "Ў" спарадзілі жаданне працягу размовы паміж рознымі ўдзельнікамі тэатральнага працэсу. У прыватнасці, пытанне запатрабаванасці беларускай "новай драмы" на радзіме, якое пакуль не мае дакладных тлумачэнняў, вымусіла пайсці на простае рашэнне: наўпрост запытацца ў тэатраў, ці зацікаўлены яны ў падобнага кшталту драматычных творах. Таксама ў наша невялікае апытанне была ўключана і тэма, датычная мовы: наколькі "моўнае пытанне" з’яўляецца прынцыповым для тэатраў пры пастаноўцы новых п’ес? У першай частцы артыкула сваю пазіцыю выказалі Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Гродзенскі абласны тэатр драмы і Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі ў асобе іх мастацкіх кіраўнікоў і галоўных рэжысёраў.

"Ставіць не магу, бо..."

Генадзь МУШПЕРТ, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра:

/i/content/pi/cult/433/8989/3-4.jpeg

— Я не зацікаўлены ў п’есах "новай драмы". Лічу, там няма таго, што можна паказваць людзям за грошы. Гэта — эксперымент. Я ж аддаю перавагу тым драматургічным творам, якія самі па сабе штосьці значаць: класіцы, замежным п’есам. Беларускую "новую драму" ставіць, выбачайце, не магу. Магчыма, калі сыйду на пенсію, з’явіцца малады рэжысёр, які здолее ажыццявіць пастаноўкі па гэтых творах. Але не думаю, што тое будзе так лёгка.

— Ці знаёмы вы з творамі беларускай "новай драмы": п’есамі Паўла Пражко, Мікалая Рудкоўскага, Дзмітрыя Багуслаўскага?

— Вядома, я чытаў іх п’есы. Але, на маю думку, моцная сучасная беларуская драматургія яшчэ не нарадзілася. Наконт жа таго, што п’есы "новай драмы" запатрабаваны ў Расіі, магу сказаць наступнае: там і не такое ставяць. У мяне ёсць мой горад — Гродна, — мая публіка, з якой я ведаю, як размаўляць, і далей буду прытрымлівацца сваёй лініі.

— Наколькі прынцыповае пытанне мовы пры пастаноўцы?

— Не бачу ніякай праблемы ў тым, каб перакласці любую п’есу на беларускую мову. Лічу, што яна багатая, каб увасобіць моўныя нюансы твора. Па-руску мы іграем пераважна тыя п’есы, што напісаны на рускай мове. Але ўсё астатняе імкнёмся перакладаць на родную. Іншая ж справа, што публіку трэба прывучаць паступова, а не прымусова прапаноўваць ёй толькі беларускамоўны рэпертуар…


"Гэта — класна, але хлеб — не ў іх"

Валерый АНІСЕНКА, дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар:

/i/content/pi/cult/433/8989/3-1.jpeg

— З аднаго боку, я стаўлюся да ўкаранення "новай драмы" станоўча: тое, што маладыя імёны з’яўляюцца, — гэта класна! З іншага ж, лічу, што ўсё ж такі кормяць хлебам і зарплату даюць тэатрам не гэтыя творы. Па шчырасці, у той жа Расіі асноўная маса ходзіць не на "новую драму", а на ўлюбёныя спектаклі.

У нашай сітуацыі, мяркую, усё ўпіраецца ў наяўнасць пляцоўкі для пастаноўкі эксперыментальных твораў. Колькі працы зрабіў для адкрыцця новых драматургаў той жа Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры! Дайце яму нармальную сцэну! Вось адрамантавалі Маладзёжны тэатр — дайце Цэнтру пляцоўку, належнае абсталяванне — з ліхтарамі, тэхнікай, — каб быў маштаб для ўвасаблення задуманага, а не тыя ўмовы, у якіх зараз усё адбываецца.

Мы гэтаксама ў кантэксце, але ў рэпертуарных тэатраў іншыя ўмовы — і дырэктара здымаюць з пасады звычайна не за эксперыментальную пастаноўку, а за невыкананне планаў.

— Якім павінен быць драматургічны твор, каб вам захацелася яго паставіць?

— П’еса мусіць быць жывой, ненадуманай. Быць пра нас. Вось у Горькаўскім паставілі "Загадкавы візіт". Я ўсё разумею: вядомы твор Дзюрэнмата, Бэла Масумян — цудоўная актрыса, але асабіста мне было б цікава дазнацца аб праблемах не заходніх багацеяў, а нашых — тых жа віцебскіх — мільянераў. Мне падабаецца працаваць з тым матэрыялам, што раскрывае наша светаадчуванне.

Зараз я, прынамсі, збіраюся "пасябраваць" з адной п’есай Дзмітрыя Багуслаўскага. З пэўнымі прапановамі да нас едзе і Аляксандр Марчанка. Але, каб не сурочыць, больш нічога не раскрыю.

Што да мовы, то гэтае пытанне для мяне прынцыповае. Мова — яна як мама, а як я магу забыцца на сваю маму? Тым больш, што Віцебск — гэта горад рускамоўны, таму тут місія Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа мне бачыцца відавочнай…


"Усё ж мусіць быць драмай..."

Аляксандр ГАРЦУЕЎ, мастацкі кіраўнік, рэжысёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

/i/content/pi/cult/433/8989/3-2.jpeg

— Лічу, што для нашага тэатра — гэта непасрэдны абавязак: каб "новая драма" з’яўлялася на сцэне. Але ж ставіць творы адно па прыкмеце далучанасці да "новай драмы" — таксама не справа. Яна ўсё ж такі мусіць быць драмай. Ды, увогуле, на маю думку, п’еса альбо падабаецца, альбо не, — і не мае значэння, ці належыць яна да пэўных накірункаў ды рухаў.

— Ці была такая сучасная п’еса, якая ўсё ж прыйшлася даспадобы?

— Вось, апошні твор Мікалая Рудкоўскага — "Вялікае перасяленне вырадкаў": я ўбачыў у ім пэўнае эмацыйнае трымценне. Мікалай, дарэчы, лічыцца адным з аўтараў "новай драмы", таму можна сказаць, што ў яго асобе гэты кірунак прыжываецца на нашай сцэне. Нічога абяцаць не магу, аднак, магчыма, у наступным сезоне паспрабуем яе паставіць.

— На сцэне РТБД ідзе яшчэ адна ягоная п’еса — "Дажыць да прэм’еры". Дарэчы, яна пастаўлена ў перакладзе з рускай, і, па меркаванні тых, хто знаёмы з арыгіналам, беларускамоўнае ўвасабленне твора гучыць штучна…

— У чымсьці я магу пагадзіцца з гэтай заўвагай. Але ў нас як у тэатра беларускай драматургіі існуе ўстаноўка на родную мову. Мы — адзін з трох беларускамоўных тэатраў у рэспубліцы. Мяркую, што гэтае адчуванне штучнасці ўзнікла з-за тэматыкі: дзеянне "Дажыць да прэм’еры" адбываецца ў горадзе, а беларуская мова на сцэне пакуль звычайна пасуе гістарычным падзеям, вясковаму асяроддзю. Магчыма, калі мы будзем далей працаваць з адпаведнымі драматургічнымі творамі на рускай мове, то паспрабуем да гэтых моўных нюансаў ставіцца больш уважліва. Аднак пакуль не магу сказаць, як тое будзе выглядаць.

З іншага боку, мы вось толькі вярнуліся з горада Арла, дзе на Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў "LUDI-2013" наш спектакль "Тры Жызэлі" Андрэя Курэйчыка ў маёй пастаноўцы быў прызнаны лепшым спектаклем на вялікай сцэне. Ён ішоў на беларускай мове, і расіянам гэта зусім не перашкодзіла выбраць нас з ліку прыкладна дваццаці пастановак з Расіі, Беларусі, Польшчы, Швецыі, Украіны… Дык можа, калі расіянам мова не перашкодзіла, не перашкодзіць яна і беларусам?..


"Тое, што адбываецца "тут і зараз"

Аляксандр КОЗАК, генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, дырэктар Міжнароднага фестывалю "Белая вежа":

/i/content/pi/cult/433/8989/3-3.jpeg

— Калі тэатрам кіруюць творчыя людзі, яны будуць ставіць новыя п’есы. Бо што такое тэатр? Гэта тое, што адбываецца "тут і зараз", гэта тое, што адбываецца з намі. Што да нас, то сёння ў нашым рэпертуары ідзе п’еса Паўла Пражко "Ураджай" у пастаноўцы Дзяніса Фёдарава. Публіка на спектакль рэагуе па-рознаму, але мы імкнёмся працаваць з гледачом: пішам тлумачэнні ў праграмцы, ладзім абмеркаванні. У асноўным, п’есу Пражко цяжка ўспрымаюць людзі сталага веку. А вось гледачы прыкладна ад 20 да 40 гадоў рэагуюць добра, нават з захапленнем. Далей будзем ставіць Багаслаўскага, нягледзячы на тое, што зараз тут узніклі пэўныя затрымкі. Сёння ў маім партфелі пяць сучасных п’ес, якія маем увасобіць на сцэне.

— Чым вы маглі б патлумачыць пэўную інертнасць тэатраў у цікавасці да сучаснай беларускай драматургіі?

— Класіку прасцей паставіць. А на сучаснай мове гаварыць з гледачом цяжэй, бо калі літаральна прачытваць тэкст пэўных п’ес "новай драмы", можна скаціцца ў пошласць. Але справа не толькі ў гэтым. Лічу, што ў нашай дзяржаве, увогуле,  — нястача малых сцэн і тэатраў. Няхай засталіся б два тэатры-помнікі, а астатнія — займаліся б рознымі кірункамі. Бо сёння, калі сабраць спектаклі большасці нашых тэатраў і паказаць адзін за адным на пэўнай сцэне, асаблівай розніцы і не заўважыш. А тэатры ж павінны адрознівацца ды мець сваё адметнае аблічча, як гэта можна бачыць за мяжой.

Што да выбару мовы, то імкнёмся ставіць п’есы на арыгінальнай мове твора — калі мы кажам пра рускую і беларускую. Аднак вы ўзнялі пытанне абмежаванасці беларускамоўнага асяродка. Брэсцкі тэатр да гэтай праблемы неабыякавы, таму імкнёмся, каб беларуская мова гучала з нашых падмосткаў. І яшчэ, да прыкладу, на нашым акцёрскім аддзяленні ў Музычным каледжы навучэнцы трымаюць на ёй экзамен.

Фота Юрыя ІВАНОВА, Сяргея ЖДАНОВІЧА і з архіваў тэатраў

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"