“Круглы стол” з суайчыннікамі

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Адна з актыўных супольнасцей беларусаў знаходзіцца ў Літве. Карэспандэнт “К” пераканаўся ў тым, пабываўшы ў Вільнюсе пад час “круглага стала”, прысвечанага ўдзелу моладзі ў жыцці нацыянальных суполак Беларусі і Літвы.

Ініцыятарамі мерапрыемства, якое прайшло ў сценах Літоўскага парламента, сталі Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма” і грамадская арганізацыя “Новы фармат”, што займаецца праблемамі нацыянальных меншасцей у Літве, а таксама Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Беларусі.

Гэта не першы супольны праект такога кшталту. Галоўнай мэтай сёлетняга мерапрыемства стаў абмен вопытам работы з маладым пакаленнем на ўзроўні нацыянальных абшчын Літвы і Беларусі. Так, па словах аднаго з кіраўнікоў беларускай супольнасці Літвы Івана Саковіча, шмат беларускай моладзі, якая хоць і нарадзілася на тэрыторыі балтыйскай краіны, з задавальненнем удзельнічае ў мерапрыемствах дыяспары ды імкнецца наладзіць кантакт з равеснікамі ў Беларусі, пабачыць сваю этнічную радзіму. На думку спікера, сёння галоўная перашкода для такіх стасункаў — візавае пытанне.

/i/content/pi/cult/433/8984/3-4.jpeg

Пад час "круглага стала" ў Літоўскім парламенце.

Кіраўніка беларускай супольнасці Літвы падтрымаў дэпутат Еўрапарламента Юозас Імбрасас, які спадзяецца, што пад час сёлетняга старшынства Літвы ў Еўрасаюзе гэтае пытанне зрушыцца, а тое, у сваю чаргу, паспрыяе актывізацыі культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза.

Тэму дапамогі нацыянальным меншасцям закрануў яшчэ адзін прадстаўнік Літвы ў Еўрапарламенце — колішні Прэзідэнт Літвы Раландас Паксас. На яго думку, да сённяшняга часу ў Еўрасаюзе няма адзінага механізма вырашэння праблем нацыянальных супольнасцей. У кожнай краіны — свой падыход.

У мерапрыемствах прыняў удзел і прэс-сакратар Пасольства нашай краіны ў Літве Герман Пузырны. Па яго словах, дыпламатычнае прадстаўніцтва вельмі актыўна дапамагае нашым суайчыннікам у Літве ў вырашэнні разнастайных праблем, імкнецца максімальна поўна прадставіць беларускую культуру, запатрабаваную не толькі дыяспарай, але і самімі літоўцамі.

Прадстаўнікі беларускай дэлегацыі таксама ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды Янку Купалу, устаноўленай на доме, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя жыў творца.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Вільнюс — Мінск