Па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, леташняе мерапрыемства сабрала больш за 55 тысяч гасцей з Беларусі, Украіны, Расіі. Усё робіцца для таго, каб сёлетняе кола сяброў Александрыі стала яшчэ большым. На беразе Дняпра, дзе мост злучае Магілёўшчыну і Віцебшчыну, будуць рэалізоўвацца новыя творчыя праекты. Гадлёвыя рады прапануюць сувеніры народных майстроў і прысмакі мясцовых кухараў. У праграме — фестывалі лёну і квасу.
Удзельнікі Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль” прапануюць майстар-класы. Запланавана выстаўка “Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя”. Гасцей чакаюць выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, канцэрт зорак беларускай і замежнай эстрады. У свяце возьме ўдзел амаль дзве тысячы артыстаў.
Пасля ўнікальнага святочнага феерверку распачнецца абрадавая праграма “Чарадзейства Купальскай ночы” з лазерным шоу.