Інавацыі з аптымізацыяй

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Да адкрыцця ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” засталося менш за два тыдні. Днямі ў Віцебску адбылося заключнае пасяджэнне яго Аргкамітэта на чале з віцэ-прэм'ерам Анатолем Тозікам.

Тое, што агульнабеларускія тэндэнцыі інавацыйнасці ды аптымізацыі закранулі і гэтае свята, даўно не навіна. Экстэнсіўны шлях развіцця, накіраваны на максімальнае пашырэнне колькасці ўдзельнікаў ды мерапрыемстваў, саступіў месца кірунку на інтэнсіфікацыю. Скарачэнне тэрмінаў, фестывальных пляцовак і саміх мерапрыемстваў зробіць свята больш кампактным, дынамічным, адпаведным цяперашнім рэаліям, калі час становіцца ўсё больш “згушчаным”, спрэсаваным, канцэнтраваным.

/i/content/pi/cult/433/8981/1-3.jpeg

На гэтым эскізе бачна, як відазменіцца сёлета афармленне сцэны Летняга амфітэатра.

Фестываль “амалодзіцца”: сярод удзельнікаў (і, адпаведна, сярод гледачоў) будзе больш моладзі. Клапоцяцца арганізатары і пра тое, каб больш было таксама тэлегледачоў, таму асобая ўвага надаецца відовішчнасці, сучаснаму абсталяванню сцэны Летняга амфітэатра.

У цэнтры абмеркаванняў было і пытанне самаакупнасці. Сваімі грашыма, у тым ліку і ад прададзеных білетаў, фестываль пакрывае ўжо амаль тры чвэрці ўсіх выдаткаў. Плануецца, што поўнай самаакупнасці ён дасягне праз тры-чатыры гады. Што ж да мастацкага напаўнення, дык сёлета свой унёсак у яго зробяць прадстаўнікі 31 краіны, сярод якіх — Аўстралія, Венесуэла, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Ізраіль, Італія, Куба, Фінляндыя, Францыя ды многія іншыя.

Журы “дарослага” конкурсу ўзначаліць знакамітая Ларыса Доліна. Ад Беларусі ў яго склад увойдзе народны артыст краіны, вядомы далёка за яе межамі, — Анатоль Ярмоленка. Адбыліся некаторыя змены ў складзе журы дзіцячага конкурсу: яго старшынёй стане не Ядвіга Паплаўская, а Аляксандр Ціхановіч.