Свой “Канскі Леў” — у беларусак

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

Цягам тыдня за мяжой былі прэзентаваны беларускія фальклор, рамесніцтва, выяўленчае мастацтва і кіно. Мяркуючы па апошнім часе, такія міжнародныя прэзентацыі сталі традыцыйнымі. Выснова адзіная: нашы таленты за кардонам — запатрабаваныя.

Польшча

23 чэрвеня Беласток ладзіў традыцыйнае Свята беларускай культуры. Мерапрыемства адбывалася ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Польшчы. Свята арганізавалі Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства і Таварыства беларускай культуры ў Польшчы пры падтрымцы нашага Пасольства ў Польшчы і Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку.

Удзел у свяце прынялі беларускія аматарскія калектывы з Польшчы, а таксама — фальклорны гурт “Купалінка” Белдзяржфілармоніі... Прайшоў не толькі кніжны, але і рамесніцкі кірмаш.

Расія

Фільм “Роля”, зняты сумесна з кінастудыяй “Беларусьфільм”, 25 чэрвеня быў прэзентаваны ў конкурснай праграме 35-га Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. Рэжысёр Канстанцін Лапушанскі паведаміў, што артхаусная карціна ішла да гледача трыццаць гадоў: перашкаджала спачатку савецкая цэнзура, а потым, па словах рэжысёра, — цэнзура камерцыйная... Большая частка здымак прайшла ў Беларусі.

Эстонія

Дакументальная стужка Кацярыны Махавай “Званар” увайшла ў конкурсную праграму XXVII Міжнароднага фестывалю дакументальных і антрапалагічных фільмаў у Пярну. Фестываль пройдзе з 1 па 7 ліпеня. Карціна прысвечана традыцыям царкоўнага звону ў Беларусі.

Звыш 300 мастакоў больш чым з 20 краін дэманструюць свае творы на VII Маскоўскім міжнародным фестывалі мастацтваў “Традыцыі і сучаснасць”, які праходзіць з 26 па 30 чэрвеня. Беларусь прадстаўляюць жывапісец Андрэй Смаляк і скульптар Андрэй Асташоў.

Фестываль аб’ядноўвае ў адной выставачнай прасторы жывапіс, графіку, скульптуру, фатаграфію, інсталяцыю, прыкладное мастацтва, архітэктуру і музейную справу.

Францыя

Беларускі Вольга Паўлава і Кацярына Калацкая занялі ІІ месца ў катэгорыі “Дызайн” у конкурсе “Young Lions” на Міжнародным фестывалі рэкламы “Канскія Львы-2013”. Заданне конкурсу заключалася ў тым, каб распрацаваць адметны сімвал для праекта “Cannes Chimera (Канскія Хімеры)”.

Чарнагорыя

Дакументальная карціна Вольгі Дашук "Кінааматар. Восеньскі сон" пра кінааматара з Талочына Анатоля Шнэйдара ўключана ў конкурс XXVII Чарнагорскага кінафестывалю, які пройдзе 1 — 7 жніўня. Усяго на форуме пакажуць больш за 80 стужак.