Перад балем выпускнікоў

№ 26 (1100) 29.06.2013 - 06.07.2013 г

27 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова з удзельнікамі Рэспубліканскага балю выпускнікоў 2013 года.

Сямёра найлепшых выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў культуры  — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — у камернай і нязмушанай абстаноўцы атрымалі віншаванні з паспяховым завяршэннем навучання ў сваіх alma mater ад рэктараў ВНУ, ганаровых гасцей.

/i/content/pi/cult/433/8977/1-2.jpeg

Прывітальныя словы на адрас “цудоўнай сямёркі” выпускнікоў прагучалі ад міністра культуры, а таксама ад генеральнага дырэктара Тэатра імя Янкі Купалы Паўла Палякова, народных артыстаў Беларусі Марыі Захарэвіч і Сяргея Жураўля, заслужанай артысткі краіны Аксаны Волкавай, заслужанага дзеяча мастацтваў рэспублікі, прафесара Уладзіміра Зінкевіча.

Пратакол сустрэчы прапаноўваў час і для пытанняў міністру культуры краіны. Гэтая магчымасць была скарыстана маладымі людзьмі: прагучалі пытанні, у прыватнасці, аб падтрымцы дзяржавы ў атрыманні жылля для маладых спецыялістаў, неабходнасці стварэння музычных агенцтваў на Беларусі, што дапамаглі б далейшаму працаўладкаванню выпускнікоў.

Завяршылася імпрэза ўручэннем памятных падарункаў ад міністра культуры.

Д.А.

На здымку: фота на памяць перад Рэспубліканскім балем выпускнікоў.