Мерчандайзінг? Чаму б і не!

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Аўтарка — чалавек неабыякавы. Сабрала ідэі калег па ЦСДБ і даслала па электронцы ў “К”

Вольга ВОЎК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска

/i/content/pi/cult/432/8972/3-1.jpeg

1. Блог для дыялога

З 2012 года развіваецца блог дзіцячых бібліятэк Мінска, у якім адлюстроўваюцца — з фотаздымкамі — акцыі і конкурсы, артыкулы нашых супрацоўнікаў, а таксама метадычныя рэкамендацыі па прыцягненні дзяцей да чытання… Блог — універсальная “платформа” для дыялога паміж бібліятэкарамі і чытачамі, сярод якіх — не толькі дзеці, але і іхнія бацькі. Зручнасць такога дыялога абумоўлена тым, што ўсе стасункі адбываюцца ў адным месцы — на старонках блога.

 

2. Хаатычны арнамент?

Напэўна, кожны з нас звяртаў увагу на рэкламныя аб’явы, на якіх у кутку змешчаны загадкавы белы квадрат з чорным хаатычным “арнаментам” — гэта і ёсць QR-код. Спецыяльны код шыфруе невялічкі тэкст або спасылку, каб пры дапамозе мабільных прылад можна было лёгка і хутка перайсці да больш дэталёвай інфармацыі аб прадстаўленай тэме. Як гэта выкарыстаць у бібліятэчнай рабоце? Ды як заўгодна! Напрыклад, пры працы з электроннымі тэкстамі…

3. Не толькі папяровыя кнігі

Шмат тэкстаў, асабліва сучаснай, нават яшчэ нявыдадзенай, літаратуры змяшчаецца ў Інтэрнэце. Хутка і дакладна перайсці да іх магчыма пры дапамозе QR-кодаў, якія можна размяшчаць побач з анатацыяй на тэкст. Самі анатацыі можна раздрукаваць ды размясціць у фондзе бібліятэкі, павесіць ля кафедры выдачы ці на сцены. Коды прыцягваюць увагу як знак, а калі побач яшчэ і “замануха” ў выглядзе анатацыі, дык можна быць упэўненым, што чытач захоча прачытаць тэкст, размешчаны ў Сеціве.

4. Не заблукаць сярод паліц

Мы звярнулі ўвагу на рэкамендацыі кніжных магазінаў па расстаноўцы кніг у памяшканні. Метады ў нас амаль аднолькавыя. Бібліятэкі з адкрытым фондам могуць шмат запазычыць у мерчандайзінгу. Гэта не толькі сістэма выкладкі кніг (ці іншых тавараў, калі казаць пра магазін), але таксама і парадак разліку ды пабудовы аптымальнай схемы руху людзей, вывучэнне мэтавых груп карыстальнікаў, фактараў, што ўплываюць на паводзіны апошніх, метады кіравання ўспрыманнем чытачоў.

5. Сторытэлінг

Гэта — распавяданне гісторый. Вядома, што інфармацыя лепш успрымаецца, калі яна пераказана сваімі словамі: простымі, размоўнымі, расказанымі чалавекам, якому давяраеш. Відаў сторытэлінгу вельмі шмат (культурны, сацыяльны; міфы, паданні і інш.) — усё залежыць ад таго, з якой мэтай адбываецца пераказ. У бібліятэках за мяжой сторытэлінг вельмі распаўсюджаны, нават існуюць прафесійныя сторытэлеры.