Украінскія “Візіі”: прэм’ера для пераймання

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Першы візуальны фэст доўжыцца ў Кіеве

Міжнародны фестываль візуальнай культуры “Візіі”, што ладзіцца сёлета ў Кіеве з 27 мая па 2 ліпеня, можа даць некалькі ўрокаў і нам: як стварыць выразны ды канцэптуальна выбудаваны фестываль, прысвечаны візуальнай культуры, які доўжыцца цягам месяца, невялікай камандай. Карэспандэнт “К”, што пабываў на форуме, пагутарыў з заснавальнікам Культурнага фатаграфічнага цэнтра “PhotoCULT”, адным з інцыятараў і куратараў фестывалю Ірынай РУЗІНАЙ, якая падзялілася вопытам правядзення першых кіеўскіх “Візій”.

Замест даведкі

Як адзначаюць арганізатары, “Візіі” — гэта фестываль, што аб’ядноўвае новыя тэхналогіі і мастацтва. Ён стварае платформу для дыялога паміж гледачом і мастаком сродкамі сучасных форм візуальнай “мовы”. Мэта — інтэграваць візуальную культуру ў поле інтарэсаў украінскага гледача, пашырыць яго візуальны досвед. Ініцыятары парупіліся і пра тэму: “Архівацыя візуальнага”. Праграма ўключае фотапраекты, блок мультымедыйных паказаў “Памяць”, медыя-арт-праграму, партфоліа-рэвю, лекцыйны блок “Памяць. Час. Фатаграфія”, творчыя сустрэчы...

Былі задзейнічаны цэнтральныя музеі і галерэі горада: ад Нацыянальнага Гісторыка-архітэктурнага музея “Кіеўская крэпасць” да арт-прасторы/галерэі “Кватэра 57”. Галоўнае ўражанне, што пакідае фестываль, — гэта разнастайнасць моў выказванняў, пляцовак (іх было блізу дзесяці) ды густоўнасць зместу, да якога цалкам дапасуюцца азначэнні “свежы” і “якасны”.

/i/content/pi/cult/432/8971/2-2.jpeg

З праекта Андрэя Вольфа "Маленькія ўспаміны" (ЗША).

Самае цікавае, што адпаведнага выніку арганізатарам форуму ўдалося дасягнуць, абапіраючыся не на вялізныя бюджэты (сярод галоўных партнёраў фэсту — больш пасольствы ды культурныя цэнтры), а на дакладнае ўсведамленне таго, якім фестываль мусіць быць. Ды, вядома, не абышлося без імпэту каманды і партнёраў.

З Чарнігава — у Кіеў

— Вядома, “Візіі” ўзніклі не на пустым месцы, — распавяла пра асаблівасці стварэння праекта Ірына Рузіна. — У 2010-м — 2011-м мы ладзілі фестывалі фатаграфіі ў Чарнігаве — “ChernihivPhotoFest”. Правялі першы раз партфоліа-рэвю, якое потым сталі ладзіць штогадова. Заснавалі наш Культурны фатаграфічны цэнтр “PhotoCULT”, мэта якога  — абуджэнне грамадскай цікавасці да фатаграфіі. І так паступова, крок за крокам, прыйшлі да думкі, што больш эфектыўнай наша дзейнасць будзе ў Кіеве. А ўвосень мы пачалі думаць пра будучы форум.

Наогул, сёння, дзякуючы дзейнасці ў Кіеве такіх цэнтраў сучаснага мастацтва, як “PinchukArtCentre”, Нацыянальны культурна-мастацкі і музейны комплекс “Мастацкі Арсенал”, што летась зладзіў Першае Кіеўскае міжнароднае біенале сучаснага мастацтва “ARSENALE”, мы маем і больш падрыхтаваную глебу ў сталіцы для ўспрыняцця падобных праектаў...

Разабрацца з тэмай

— Гэтае пытанне ў нас узнікла адразу: на што кідаць свае сілы? — працягвае суразмоўца. — Насамрэч, прывезці трох “зорных” фотамастакоў ці зладзіць 21 выстаўку фатографаў — не зусім “зорак”,  — патрабуе адзін і той жа бюджэт. Таму галоўным прыярытэтам для нас стала тэма. Некаторыя фестывалі заяўляюць сваю тэму намінальна, а для нас яна мела велізарнае значэнне. Магчыма, у дадзеным выпадку мы дзейнічалі не зусім як менеджары, ахвяраваўшы зорным складам удзельнікаў, але важным падалося іншае: раскрыццё вызначанай тэмы.

/i/content/pi/cult/432/8971/2-3.jpeg

З праекта Вячаслава Тарнавецкага "Амерыка" (Украіна).

Так, тэма памяці, архівацыі, магчыма, не надта арыгінальная. Але яна ўзнікла, у першую чаргу, як цікавая асабіста нам, ды, тым не менш, нельга сказаць, што яна пазбегла актуальнасці. Тое, што зараз адбываецца з чалавекам, з ягонай памяццю, менавіта з візуальным яе складнікам, — хвалюе многіх. Змены, якія адбываюцца ў сучасным свеце, вельмі моцна паўплывалі на нашу свядомасць, таму ўбачыць, як сучасны чалавек інтэрпрэтуе сваю памяць — мінулае, гісторыю, — як ён успрымае яе, як з гэтай тэмай працуюць мастакі, — гэта падалося нам вельмі цікавым.

Разнастайнасць падыходаў

— Мы адразу вызначылі для сябе кірункі, па якіх будзе будавацца кантэнт фестывалю: фатаграфія, мультымедыя, відэаарт, кіно… Што да фатаграфіі, якая для нас з’яўляецца галоўнай, то і тут мы імкнуліся паказаць разнастайнасць падыходаў да тэмы. Выбіралі аўтараў па прыёмах, што яны выкарыстоўваюць, нюнсах, на якія яны звяртаюць увагу ў сваёй працы. І ў цэлым, у нас была задача паказаць разнастайныя спосабы інтэрпрэтацыі, розны інструментарый, які выкарыстоўвае мастак для стварэння свайго выказвання.

У выніку геаграфія і склад удзельнікаў атрымаліся маштабнымі: гэта і канадскі праект, і шведы, і суседзі — Расія, Беларусь, Грузія, Літва, Польшча… Былі сабраны аўтры ды праекты, якія, магчыма, не шырока вядомыя, але іх узровень не падлягае сумневу.

18 чэрвеня ў нас адкрылася галоўная выстаўка фестывалю: праект нямецкага дакументаліста Бухарда вон Хардара “Люстэрка архіва”. Яго асаблівасць у тым, што ён, па сутнасці, — пра Украіну. Я распавяду больш падрабязна.

/i/content/pi/cult/432/8971/2-1.jpeg

З праекта Бухарда вон Хардара "Люстэрка архіва" (Германія).

Бухард вон Хардар — мастак, які даўно займаецца тэмай “Усход — Захад”. Колькі гадоў таму ў Вінніцы, у закінутым будынку колішняй рэдакцыі газеты, знайшоў калекцыю пашкоджаных негатываў часоў “халоднай вайны”. Гэта быў не толькі рабочы матэрыял, але і пэўныя асабістыя рэчы, якія рэпарцёры здымалі прыхваткамі. Архіў быў вялізны: каля 10 000 негатываў. Бухард, уявіце, выратаваў тады гэтую калекцыю, атрымаўшы дазвол у мясцовых улад на яе вываз за мяжу, а сёння па гэтых негатывах стварыў карціну тых гадоў. Больш за тое: ён знайшоў людзей, якія адлюстраваны на старых выявах, і зрабіў з імі інтэрв’ю. У выніку атрымаўся такі праект, у якім узнята тэма скажэння — літаральнага, за кошт таго, што плёнкі былі сапсаваны, і ментальнага, бо змянілася ўспрыняцце мінулага.

Да ўдзелу ў фестывалі мы запрасілі культуролагаў і псіхааналітыкаў, каб шырэй асэнсаваць прадмет.

Фінансавая формула

— Не магу сказаць, што мы закрылі ўсе фінансавыя пытанні. Аднак гэта не значыць, што ў далейшым не будзем прытрымлівацца падобнага ж прынцыпу: абапірацца ў фінансавай падтрымцы менавіта на культурныя інстытуцыі. Магчыма, у нас пэўныя ўтапічныя меркаванні, але мы не хочам ператвараць наш фестываль у кірмаш. А звычайна генеральныя спонсары патрабуюць адпаведнай аддачы, бо яны хочуць, каб пра іх казалі як пра людзей, што стварылі ўсё. Таму мы бачым перспектыву больш за культурнымі цэнтрамі. Сёлета нам пашчасціла з пляцоўкамі, але гэта, у тым ліку, і заслуга горада, які становіцца больш адкрытым для культурных ініцыятыў…

Дарэчы

У рамках фестывалю “Візіі” ў арт-прасторы “Кватэра 57” адбылася выстаўка мінскага мастака Аляксея Шынкарэнкі “Беларуская Фактаграфія. Частка І”. Серыя палароідных здымкаў прысвечана асэнсаванню памежнага часавага стану, у якім знаходзіцца беларускае грамадства, не спяшаючыся развітацца з мінулым. Дзякуючы новаму прачытанню работ Аляксея Шынкарэнкі ўкраінскім куратарам Аляксандрам Міхедам выстаўка набыла настальгічнае гучанне.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"