Тэатр пачаўся з народа

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

ІІІ Міжрэгіянальны фестываль-свята аматарскіх тэатраў “Тэатральныя вечарыны” ў народным тэатры Краснапольскага раённага цэнтра культуры быў прымеркаваны адразу да дзвюх значных дат у жыцці калектыву. Гэта 95-годдзе творчай дзейнасці і 20 гадоў з часу правядзення ў Краснаполлі першых “Тэатральных вечарын”.

КРАСНАПОЛЬШЧЫНА

Цягам трох дзён краснапольскі глядач убачыў дзевяць спектакляў у выкананні тэатральных калектываў з Краснаполля, Клімавіч, Хоцімска, Магілёва, Полацка, Гомеля і Бабруйскага раёна. Гледач пазнаёміўся з пастаноўкамі паводле твораў Янкі Купалы, Аляксея Дударава, Міхаіла Булгакава...

“Гаспадары” парадавалі дзвюма прэм’ерамі. Аднавілі купалаўскую “Паўлінку” (рэжысёрам-пастаноўшчыкам гэтым разам выступіў удзельнік тэатра Міхаіл Пугачоў). А малады рэжысёр, 20-гадовы Павел Шаўлякоў, які працуе ў тэатры толькі два гады, прэзентаваў дудараўскую драматычную баладу “Не пакідай мяне…”. Абедзве пастаноўкі прайшлі на “выдатна”. У фае РЦК, дзе адбываліся асноўныя паказы, падрыхтавана выстаўка, прысвечаная гісторыі тэатра, на якой дэманстраваліся рэквізіт, касцюмы, афішы, партрэты знакамітых удзельнікаў…

/i/content/pi/cult/432/8968/1-2.gif

Краснапольская "Паўлінка" на "Тэатральных"вечарынах".

“Наш тэатр з’яўляецца гонарам раёна, — кажа намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Тамара Каваленка. — Яго традыцыі закладзены цудоўнымі творцамі. Засталася цудоўная плеяда артыстаў, што прайшлі выдатную школу і зараз іграюць на адной сцэне з моладдзю, перадаюць свае майстэрства ды вопыт. Быў час, калі тэатр амаль не працаваў, але зараз, з прыходам маладога рэжысёра, ён пачаў аткыўна развівацца. Я веру ў будучыню тэатра”.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

Ці ведалі вы, што...

Краснапольскі народны тэатр заснаваў у 1918 годзе настаўнік мясцовай школы Аляксандр Грубэ, які потым стаў народным мастаком БССР. Да стварэння і дзейнасці калектыву спрычыніліся такія асобы, як браты Шашалевічы — драматург і паэт Васіль ды празаік Андрэй (псеўданім — Андрэй Мрый). Усяго тэатр падарыў гледачам каля 130 прэм’ер. У розныя гады тэатрам кіравалі В.Ермаловіч, Л.Лабаноўскі, А.Паплыка, А.Яфрэмаў...