ЛІДА
У Тракайскім і Лідскім рэгіёнах шмат іншых цікавостак. З 1 сакавіка аддзел культуры Лідскага райвыканкама і Цэнтр культуры з Тракая рэалізоўваюць праект “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” (Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства).
Праект будзе ажыццяўляцца да жніўня 2014-га. Пройдуць пяць двухдзённых фальклорных фестываляў з кірмашамі рамёстваў (тры — у Тракаі, два — у Лідзе), дзесяць семінараў па традыцыйным мастацтве (месяц — у Літве, месяц — у Беларусі), столькі ж — экспедыцый з відэазапісамі і выпускам DVD пра гістарычныя мясціны, кулінарную і рамесніцкую спадчыну.
Беларускія і літоўскія артысты прынялі ўдзел у першым фэсце па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва. Адбылася імпрэза ля самага Тракайскага замка.
Першы фальклорны фестываль адбыўся днямі ў Тракаі на цэнтральнай гарадской плошчы, ля замка, у парку культуры і адпачынку. Гэта дало магчымасць апрабаваць нетыповыя спосабы данясення традыцыйнай культуры да гледача. У канцэртнай праграме выступіла каля пяці дзясяткаў артыстаў з Лідчыны: народныя ансамбль польскай песні “Крэсовяцы”, гурт песні і танца “Лідчанка”, ансамбль народнай музыкі “Гудскі гармонік”, фальклорна-этнаграфічны гурт Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры.
Свята аб’яднала больш за тысячу прадстаўнікоў Беларусі, Літвы, Польшчы і Латвіі. Пачатак рэалізацыі названага праекта яскрава давёў, што ў мастацкіх калектывах удзельнічаюць маладыя людзі, якія прагнуць ведаць пра нашу агульную гісторыю. І дзяржаўныя межы для гэтага — не перашкода.
Наталля ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці