Чэрвеньскія "Маразы" ды іншыя

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Канцэрты пройдуць — альбом застанецца

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым завяршыў 45-ы сезон, што прайшоў пад знакам хай і не зусім “закругленага”, але юбілею.

Планаў на наступны сезон — процьма, і 46-ы абяцае стаць не менш “юбілейным”. У рэшце рэшт, калі аркестр быў створаны ў сезон 1968 — 1969-х, дык і святкаваць гэта трэба два гады запар. А там — праз тры — і 50! Як бы там ні было, а крэатыўнасці калектыву не займаць.

Ну хто яшчэ мог бы прыдумаць адзначаць чэрвеньскія... “Маразы”? І без усялякіх прагнозаў сіноптыкаў — толькі таму, што ў адзін вечар на філарманічнай сцэне (і ў адным творы) разам сышліся расійскі скрыпач Святаслаў Мароз і беларуская піяністка Даша Мароз. Пры такім раскладзе назва беларускай партытуры ў тым канцэрце — “Сярод зімы абрыс Шапэна” Ларысы Сімаковіч — лепшы доказ зімовай цеплыні “па-беларуску”. Беларускае адценне займелі і знакамітыя “Поры года” Чайкоўскага, бо прагучалі ў пералажэнні для струнных, якое зрабіў Уладзімір Байдаў. А сам канцэрт нагадваў “поры музыкі”, бо закрануў ажно чатыры стагоддзі — ад ХVIII да ХХІ-га.

Ну а сярод самых значных “пор сезона” назавём, акрамя шматлікіх канцэртаў у нас і ў замежжы, доўгачаканы выпуск кнігі, прысвечанай калектыву. Яе аўтар-укладальнік — знакамітая альтыстка Лючыя Ластаўка, якая выхавала “каманду” сваіх паслядоўнікаў, дзе ледзь не кожны складае гонар нашай культуры. Пачынала ж Лючыя Леанардаўна — у гэтым аркестры, акурат у час яго станаўлення, што адбывалася па ініцыятыве кампазітара і арганіста Алега Янчанкі. Пад час навучання ў Маскве і стажыроўкі ў Еўропе ён прыехаў да нас, апантаны ідэяй мабільнага камернага складу, які выконваў бы незнаёмую тагачаснаму беларускаму слухачу музыку — старадаўнюю і найноўшую.

/i/content/pi/cult/432/8965/2-1.jpeg

Калектыў камернага аркестра Рэспублікі Беларусь.

Альбом зроблены з такой любоўю, што, здаецца, ажно самі яго старонкі “расцвітаюць” музыкай. Пачынаецца ён больш чым сімвалічна — з выказванняў беларускіх кампазітараў, якія шмат супрацоўнічалі з калектывам яшчэ ад яго нараджэння. А далей — факты, успаміны, афішы, фота шматлікіх музыкантаў, хто меў дачыненне да гэтай аркестравай супольнасці. Нават сяброўскія шаржы на зорнага габаіста Аляксандра Прыходзьку, намаляваныя кампазітарам Людмілай Шлег. Гартаеш — і не ўзнікае ніякага адчування “сівой гісторыі”, усё дыхае сучаснасцю. І не толькі таму, што прыблізна чвэрць старонак з больш як 160-ці прысвечана сучаснаму этапу, калі галоўным дырыжорам стаў Яўген Бушкоў. Модны дызайн, добрая вёрстка, “важкасць” тэмы адчуваецца нават на вагу — сапраўднае гламурнае выданне ў лепшым сэнсе гэтага слова. Цікава, колькі старонак у ім дададзецца да 50-годдзя? Бо толькі ў наступным сезоне — безліч падзей і прэм’ер, сярод якіх, адкрыем сакрэт, — прэм’ера твора маладога беларускага кампазітара Канстанціна Яськова для сусветна знакамітага расійскага баяніста Фрыдрыха Ліпса.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"