Трывожны сімптом. А можа, проста лета?

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Няўжо нерэнта-бельныя выстаўкі — рэнтабельныя?

Калісьці мне давялося працаваць у экскурсійным аддзеле сталічнага Палаца мастацтва, і праз гэта — спрычыніцца да арганізацыі выставак, стварэння экспазіцый ды ўвогуле да прапаганды мастацтва. З таго часу выстаўкі выяўленчага мастацтва я ўспрымаю адначасова як просты глядач і, падсвядома, як гід, якому трэба правесці экскурсію па экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/432/8964/1-1.jpeg

М. Бушчык. "Лета ў Альберціне".

Першае ўражанне ад выстаўкі жывапісу “Праект”: зладзіць экскурсійны маршрут па ёй было б даволі складана.

Экспазіцыя атрымалася стракатая, логіка яе пабудовы, прызнацца, не прачытваецца. Гледачу, які не мае пэўнага эстэтычнага досведу, цяжка на чымсьці засяродзіцца, штосьці вылучыць з экспазіцыйнага масіву. Прасцей кажучы, яна можа быць цікавай для прафесіянала, які прыйшоў паглядзець на карціны і якому, збольшага, усё роўна, як яны развешаны, але наўрад ці прывабіць звычайнага гледача, у якога матывацыя зусім іншая, і за ўвагу яго яшчэ трэба пазмагацца.

Калі яшчэ ў негатыўны шэраг дадаць, на жаль, даўно не рамантаваныя інтэр’еры Палаца мастацтва, і тое, што шэраг карцін экспанаваўся без рам, дык становіцца зразумела, чаму па рэспубліканскай выстаўцы, якая займала ўсю прастору гмаху — абодва ягоныя паверхі, — я блукаў у адзіноце. Ажно не, здаецца, быў яшчэ адзін наведвальнік… Урэшце, колькі разоў пра такія “сольныя” шпацыры даводзілася пісаць…

А яшчэ пасярод вялікай залы знаходзілася і прыцягвала да сябе ўвагу брутальная кампазіцыя з пустых скрынак ды жалеза незразумелага прызначэння. Напачатку я палічыў яе за мастацкую інсталяцыю (а інакш што ёй рабіць у выставачнай зале?), але, не знайшоўшы шыльды з імёнамі аўтараў, так і не зразумеў, што гэта такое.

/i/content/pi/cult/432/8964/1-4.jpeg
Фрагмент экспазіцыі.

Выстаўка ж, нягледзячы на экспазіцыйныя пытанні, была вартая таго, каб яе наведаць. Ладзіла яе секцыя жывапісу Беларускага саюза мастакоў, і мэтай арганізатараў было прадставіць грамадзе ўвесь стылявы і тэматычны спектр гэтага віду выяўленчага мастацтва. У адрозненне ад імпрэз, што ладзяць да памятных дат, “Праект” не меў тэматычнага стрыжня, роўна як і стылявых абмежаванняў: кожны сябра секцыі мог прынесці на яе які заўгодна твор, абы толькі ён адпавядаў крытэрыям прафесіяналізму. Праўда, я, чалавек выхаваны на рэалістычнай традыцыі, дасюль вельмі цьмяна ўяўляю, як вызначыць ступень таленту ды майстэрства мастака-абстракцыяніста, хоць і лічу прысутнасць гэтага напрамку ў нашым мастацтве неабходным для экалогіі культуры. Галоўнае — мастакам была дадзена свабода, а ўжо хто як яе скарыстаў — пытанне другаснае.

/i/content/pi/cult/432/8964/1-2.jpeg

Г.Несцераў. "Удваіх".

Паколькі не былі дакладна вызначаны і часавыя рамкі “справаздачнага перыяду”, на выстаўцы можна было пабачыць і работы, якія ў нейкай ступені можна лічыць класічнымі, і такія, што ўпершыню пакінулі сцены майстэрні. У Палацы мастацтва, як і ў кожнай выставачнай залы, ёсць сцены больш і менш прэстыжныя. Быў час, калі за элітай нашага мастацтва лепшыя ў экспазіцыйным сэнсе сцены гэтай выставачнай пляцоўкі, здавалася, замацаваны навечна ці самае малое — пажыццёва. Стракатасць экспазіцыі, магчыма, справакавана якраз жаданнем арганізатараў падкрэсліць свой дэмакратызм, не даць нікому перавагі, пашыхтаваць, так бы мовіць, мастакоў па алфавіце, а не паводле іхняга творчага і грамадскага статуса.

Быў на выстаўцы рэалізм — часам у артадаксальнай форме, — нацыянальная рамантыка, сякая-такая эротыка, філасафічнасць і метафарычнасць. Большасць імёнаў грамадзе знаёма: гэта Рыгор Несцераў, Уладзімір Клімушка, Валерый Шкаруба, Валянцін Губараў, Рыгор Таболіч, Руслан Вашкевіч, Васіль Касцючэнка, Зоя Літвінава, Анатоль Бараноўскі, Зоя Луцэвіч, Алег Маціевіч ды іншыя. З гэтага ў мяне склалася ўражанне, што ў нашым выяўленчым мастацтве крыху зацягнулася змена пакаленняў, што рэй у сучасным мастацтве вядзе сярэдняе пакаленне. Над гэтай акалічнасцю варта задумацца: альбо моладзі выставачная дзейнасць не цікавая, бо эканамічна не рэнтабельная, альбо яна не вызначылася са сваімі эстэтычнымі і, адпаведна, з грамадскімі прыярытэтамі. У любым выпадку, калі мастак лёгка абыходзіцца без гледачоў — гэты трывожны сімптом. А калі яшчэ і гледачу выстаўкі не цікавыя…

/i/content/pi/cult/432/8964/1-3.jpeg

В.Губараў. "Місія выканальная".

А можа, проста лета? Час адпачынкаў. І зноў згадваючы маю колішнюю працу ў Палацы мастацтва, магу сказаць, што вядомыя творцы, якія дасягнулі юбілейнага ўзросту і маюць права на персанальную выстаўку, прасілі, каб была тая выстаўка толькі не ўлетку. Нават калі на летнія месяцы прыпадаў юбілей. Каму ахвота святкаваць у пустых залах…

Для грунтоўных жа высноў адносна запатрабаванасці выяўленчага мастацтва грамадой і стасункаў творцаў з аўдыторыяй пачакаем восені.

Фота і фотарэпрадукцыі Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"