Што раскажа цішыня?

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.Пушкіна адбыўся вечар, прысвечаны памяці Наталлі Ільюшынай, яркай і таленавітай паэтэсы. Яна пайшла з жыцця год таму, нечакана для сваіх блізкіх ды сяброў…

Будучая паэтэса ніколі не ведала, хто ейныя бацька і маці. Ды Бог падарыў ёй мноства талентаў. Але людзі, якія былі вакол, далёка не заўсёды ўхвалялі ды падтрымлівалі ейныя паэтычныя схільнасці. Тым не менш, яна “прабівалася”, крочыла ў тыя сферы жыцця і творчасці, што былі ёй цікавыя.

Вершы паэтэсы доўга ішлі да чытача. Без дапамогі ды падтрымкі сяброў яны, пэўна, не пабачылі б свет — і адрасаваныя дарослым, і адрасаваныя дзецям. У сталым узросце Наталля Ільюшына стала прызёрам IV Міжнароднага турніру паэтаў у Дзюсельдорфе.

...Інтэр’ер упрыгожваў партрэт паэтэсы, напісаны мастачкай Нінэль Шчаснай. Пра сяброўства з Наталляй Іванаўнай, пра ўражанні ад яе вобразаў ды радкоў згадвалі пісьменнікі Наталля Касцючэнка, Алег Ждан, Лізавета Палеес, вядучая вечара Арына Ястраб, кампазітары Аліна Безенсон і Алена Атрашкевіч, якія пісалі рамансы на вершы Ільюшынай.

Пранікнёнасцю, глыбінёй, гармоніяй музыкі і слова ўразіў раманс Алены Атрашкевіч “Поговори со мной...”. Запомніліся таксама два разгорнутыя вакальныя цыклы Аліны Безенсон. Першы з іх — імпрэсіяністычныя “Накцюрны” ў пяці частках — увасобіла Вольга Рузіна, салістка Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі. Другі — “Мы разучились слушать тишину...”, пабудаваны на эмацыйных і тэмпарытмічных кантрастах, — інтэрпрэтавала студэнтка Акадэміі музыкі Кацярына Лабковіч.

Бралі ўдзел у вечары і іншыя студэнты Акадэміі, а таксама салісты Белдзяржфілармоніі Святлана Старадзетка і Ігар Задарожны.

Таццяна МІХАЙЛАВА