Куды клічуць зоры?

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Вызначаны дзесяць фіналістаў конкурсу “Песня для “Еўрабачання”, які з’яўляецца нацыянальным адборачным турам Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2013”.

Як адзначыла кіраўнік рабочай групы нацыянальнага адборачнага тура, выканаўчы прадзюсар тэлеканала “Беларусь 2” Людміла Барадзіна, на адрас Белтэлерадыёкампаніі (яна з’яўляецца арганізатарам Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу “Песня для Еўрабачання”) паступіла 53 заяўкі. Некалькі з іх былі з Расіі — Масквы, Міжрэчанска, Новасібірска, аднак, згодна з нормамі Палажэння аб правядзенні конкурсу, журы на чале з народным артыстам Беларусі Эдуардам Зарыцкім браць іх да ўвагі не магло.

У выніку ў дзясятку кандыдатаў на ўдзел у дзіцячым “Еўрабачанні” трапілі: Ангеліна Піпер з песняй “Мы танцуем джаз” (в. Астрамечава Брэсцкай вобласці), Ксенія Церашонак з кампазіцыяй “Пад ветразем мары” (Мінск), Ігар Мураўкін з песняй “Тыя, хто шукае шчасце” (п. Калодзішчы Мінскага раёна), Руслан Аланаў з кампазіцыяй “Зоры клічуць” (в. Тарасава Мінскага раёна), Уладлен Іваноў з “Белымі аблокамі” (Бабруйск), Даная Шаршавіцкая з песняй “Просты матыў” (Барысаў), Юлія Мажылоўская з кампазіцыяй “Мары”, Ганна Зайцава з песняй “Мы памятаем”, Ілья Волкаў з кампазіцыяй “Спявай са мной!”, Надзея Місякова з песняй “Дзелавая” (усе чацвёра — з Мінска).

Фінал рэспубліканскага конкурсу адбудзецца ў верасні. Яго пераможца, які будзе вызначаны шляхам галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў, прадставіць нашу краіну на Міжнародным дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне-2013” у Кіеве.

Д.А.