Будучыня — за таленавітымі і шчырымі

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

20 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі распачаўся XV Сусветны кангрэс рускай прэсы. Гэта традыцыйная штогадовая сустрэча кіраўнікоў рускамоўных СМІ замежжа, на якой абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця сусветнай рускамоўнай інфармацыйнай прасторы. У нашай краіне названы форум праходзіць упершыню.

На пленарным пасяджэнні кангрэса выступіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што дабрыня, павага да чалавека, дапамога слабому — найвышэйшыя хрысціянскія ідэалы, якімі заўжды натхнялася руская цывілізацыя. Менавіта яны складаюць аснову беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

Па словах Кіраўніка дзяржавы, няма ўніверсальнай формулы, якая забяспечыла б аб’ектыўнасць прэсы. Неаспрэчна адно: будучыня СМІ — за таленавітымі, шчырымі ды адданымі справе журналістамі. І тут, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, вельмі важнай з’яўляецца журналісцкая салідарнасць. Кангрэс Сусветнай асацыяцыі рускай прэсы — гэта не толькі лабараторыя па даследаванні працэсаў, што адбываюцца ў рускамоўных СМІ, але яшчэ і неацэнны вопыт новых кантактаў...

У форуме ўдзельнічае звыш 200 прадстаўнікоў рускіх дыяспар прыкладна 60 краін — галоўныя рэдактары, выдаўцы і вядучыя журналісты рускага замежжа. Арганізатары кангрэса — Сусветная асацыяцыя рускай прэсы, інфармацыйнае агенцтва “БелТА” пры падтрымцы інфармацыйнага агенцтва Расіі “ІТАР-ТАСС”, міністэрстваў інфармацыі, замежных спраў і іншых органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі. Плануецца, што ўдзельнікі кангрэса пабываюць у Нясвіжы і Брэсцкай крэпасці.

XV Сусветны кангрэс рускай прэсы працягнецца да 23 чэрвеня.