“Макбет” пад поўняй

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

5 чэрвеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера трагедыі Уільяма Шэкспіра “Макбет”. Сцэнічная рэдакцыя і вольны пераклад — Аляксея Дударава. Пастаноўка — заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата дзяржаўных прэмій Беларусі, дырэктара — мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Анісенкі.

Сцэнаграфія — Аляксандра Касцючэнкі, касцюмы — Ніны Гурло, рэжысёр па пластыцы — Дзіяна Юрчанка. Да таго ж, у гэты дзень Валерый Данілавіч Анісенка адзначыў свой 69-ы дзень нараджэння.

Трэба зазначыць, што прэм’ера “Макбета” адбылася, па сутнасці, яшчэ 26 мая — далёка за межамі Віцебска, на ХV Міжнародным фестывалі “Мельпамена Таўрыі”. Коласаўцы працавалі на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы пад адкрытым небам, пабудаванай на лецішчы “Чумацкая крыніца”. Дарэчы, Валерый Анісенка вядомы ўкраінскаму гледачу па пастаноўцы “Чайка” А.Чэхава, які паказвалі на фестывалі артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі два гады таму. А Коласаўскі тэатр трапіў на гэты фэст упершыню.

На спектаклі прысутнічалі знакамітыя ўкраінскія журналісты і тэатразнаўцы, а таксама фундатары юбілейнага, ХV фестывалю “Мельпамена Таўрыі”.

/i/content/pi/cult/431/8947/9-1.jpeg

Юрась Цвірка ў ролі Макбета.

Вельмі хваляваліся ўсе стваральнікі пастаноўкі, асабліва — выканаўцы галоўных роляў Юрась Цвірка (Макбет), Анжаліка Баркоўская і Ірына Цішкевіч (Лэдзі Макбет). Я ўжо не кажу пра Валерыя Данілавіча, які змяніў за час спектакля некалькі стаячых месцаў у перапоўненай глядзельнай зале. Тры тэлекампаніі рыхтавалі рэпартажы з гэтага відовішча. Часам аператары перакрывалі прамень святла, скіраваны на артыстаў, бо ўмовы акцёрскай работы на адкрытай пляцоўцы вельмі няпростыя. Макбету даводзілася весці дыялогі не толькі на сцэне, а і ў сасонніку, справа і злева ад гледача.

Напрыклад, сцэна забойства Караля Дункана паказвалася ў альтанцы, якая знаходзілася воддаль. Але і там удалося зладзіць тэатр ценяў, запланаваны рэжысёрам на Вялікай сцэне Коласаўскага. Фігура Макбета-забойцы вырастае на вачах гледача. Артыстам спрыяла поўня, што асвятляла сцэнічную пляцоўку.

Вынікам гэтай паездкі стала дамоўленасць паміж кіраўнікамі двух тэатраў аб удзеле коласаўцаў у наступным, ХVІ фестывалі “Мельпамена Таўрыі” са спектаклем “Песні ваўка” Вячаслава Паніна і гастролях Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Херсоне. А між іншым, Херсон дзякуючы “Мельпамене Таўрыі” — горад надзвычай тэатральны. Білеты на спектаклі замаўляюць за месяц наперад.

Святлана ДАШКЕВІЧ

Віцебск

Фота Марыны КАТЛЯРОВАЙ