Візіт пачаўся з наведання Мемарыяльнага комплексу “Шунеўка”, што ў Докшыцкім раёне. Беларускія літаратары не толькі ўбачылі адметны мемарыял памяці жыхароў вёскі, спаленых фашысцкімі акупантамі ў 1943 годзе, але і пранікнуліся кранальнай рэканструкцыяй тых падзей мая 1943-га.
У працяг трагічнай тэмы Вялікай Айчыннай прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі пабывалі ў Бягомльскім музеі баявой славы, дзе наведалі цікавую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі мястэчка, яе гераічным старонкам, і пазнаёміліся з народнымі майстрамі, якія прадэманстравалі свае адметныя вырабы з гліны ды саломкі.
Наведанне Віцебска пачалося з сустрэчы пісьменнікаў з кіраўніком справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Мацюшкам і намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Цярэнцьевым. Як адзначыў Аляксандр Мацюшка, апошнім часам у вобласці павялічылася колькасць сродкаў, укладзеных у развіццё культуры. Як вынік — вялікая колькасць фестываляў міжнароднага ўзроўню, стварэнне амбіцыйных музейных праектаў. Так, маецца дамоўленасць з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгорам Рапотам адносна пашырэння экспазіцыйных плошчаў Музея-сядзібы Ільі Рэпіна ў вёсцы Здраўнёва.
Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў, што, пры адсутнасці вялікіх радовішчаў карысных выкапняў, Віцебшчына мае сваю адметнасць: тысячы чыстых азёраў і вялікую колькасць культурных брэндаў. Больш за тое: сам Віцебск стаў фестывальнай сталіцай Саюзнай дзяржавы. Толькі за папярэдні месяц тут прайшлі некалькі маштабных міжнародных фестываляў, у ліпені чакаецца славуты “Славянскі базар у Віцебску”, а на жнівень бягучага года, да прыкладу, расійскім “Сбербанком” ужо пададзена заяўка на правядзенне карпаратыўнага фестывалю КВЗ.
У тым, што вялікая ўвага з боку кіраўніцтва вобласці надаецца культуры, і ў прыватнасці — айчыннай літаратуры, можна было пераканацца ў гарадской бібліятэцы імя М.Горкага, дзе на сустрэчу з пісьменнікамі сабраліся работнікі культуры і адукацыі. Да таго ж, дэлегацыя пісьменнікаў пабывала ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, дзе пазнаёмілася з яго студэнтамі.
Завяршыўся візіт прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі наведаннем Полацка і яго горада-спадарожніка — Наваполацка. У прыватнасці, адбылася сустрэча са старшынёй Наваполацкага гарвыканкама Наталляй Качанавай. Азнаёміліся пісьменнікі і з работай нафтаперапрацоўчага прадпрыемства “Нафтан”, Полацкага малочнага камбіната. Не менш цікавай стала і сустрэча са студэнтамі ды выкладчыкамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, работнікамі ўстаноў культуры і адукацыі Полацкага раёна, а таксама экскурсія па Свята-Ефрасіннеўскім манастыры.
К.А.