“Афшорная зона”

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Ці з’явіцца на Беларусі эксперыментальны тэатр?

“П’еса для эксперыментальнага тэатра” — “круглым сталом” на адпаведную тэму Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў распачаў цыкл дыскусій, прысвечаных праблеме развіцця тэатральнага эксперыменту ў нашай краіне. Ва ўмовах крызісу навацый у сучасным беларускім тэатры, зазначылі яго арганізатары, неабходна звярнуць увагу на ўсебаковы аналіз праблемнай сітуацыі — з удзелам прадстаўнікоў разнастайных сфер: аўтараў, рэжысёраў, прадзюсараў, крытыкаў.

Карэспандэнт “К”, пабываўшы на першай сустрэчы адмысловага цыкла, што мае назву “Пяць вечароў”, занатаваў галоўныя тэзісы выступоўцаў, сярод якіх былі прафесар Інстытута журналістыкі БДУ, тэатразнаўца Таццяна Арлова, драматургі Алена Папова, Сяргей Анцалевіч, Мікалай Рудкоўскі, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры Аляксандр Марчанка, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў, галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”, тэатральны крытык Людміла Грамыка, кіраўнік Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Таццяна Траяновіч…

Мадэратарам “круглага стала” выступіў тэатральны менеджар і крытык Аляксей Стрэльнікаў.

Будучае Цэнтра

У першую чаргу слова ўзяла Таццяна Траяновіч, акрэсліўшы задачы Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры.

— Адна з галоўных праблем беларускай тэатральнай прасторы,  — зазначыла яна, — маладая рэжысура не ўбудавана ў рэпертуарны тэатр.

На тое існуе маса прычын, і адна з іх, на думку рэжысёра, — камерцыялізацыя тэатра. “На пастаноўку маладога рэжысёра ні адзін з мастацкіх кіраўнікоў беларускіх тэатраў не рызыкне даць дзяржаўныя грошы, бо не ўпэўнены ў выніку”, — абмалявала кіраўнік Цэнтра сітуацыю залежнасці тэатральных устаноў ад планаў, якія яны мусяць выконваць. У выніку маладыя аўтары не маюць пляцоўкі для рэалізацыі іх творчага патэнцыялу. Але такім месцам акурат і мусіць стаць Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры, дзе крэатыўныя напрамкі на прыкладзе дзейнасці маладых аўтараў і здолелі б развівацца.

— На сустрэчы з міністрам культуры краіны Барысам Святловым абмяркоўвалася магчымасць размяшчэння Цэнтра ў памяшканні пры Маладзёжным тэатры, — станоўча ацаніла перспектывы Цэнтра і пазітыўнае стаўленне Міністэрства культуры Таццяна Траяновіч. Таксама Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры падрыхтаваў заяўкі на атрыманне грантаў, у прыватнасці — на закупку адпаведнага абсталяванння.

— Сёння Цэнтр працуе збольшага са студэнтамі Акадэміі мастацтваў, — адзначыла рэжысёр, — аднак, калі ў нас будзе свая пляцоўка, мы атрымаем магчымасць працаваць з рознымі культурнымі агентамі. Такім чынам, адпаведны праект здолее аказваць падтрымку, у тым ліку, і незалежным рэжысёрам.

Пісьменнікі чытаюць пісьменнікаў

Падкрэсліўшы, што падобныя цэнтры — адна з самых распаўсюджаных еўрапейскіх практык (і, па сутнасці, падобныя ініцыятывы мусяць быць пры кожным беларускім тэатры), мадэратар сустрэчы Аляксей Стрэльнікаў звярнуўся да драматурга Алены Паповай. “Хацелася б пачуць думкі драматургаў наконт таго, якія асаблівасці мае наш Тэатр, дый увогуле, ці мае ён патрэбу ў эксперыменце?” — так прагучала яго пытанне.

Вядомы драматург і празаік была жорсткай у азначэнні сітуацыі. “Беларусь — краіна вельмі кансерватыўная, — выказала яна сваю думку, — таму той жа Павел Пражко, якога ахвотна ставяць у Расіі, у нас лічыцца “нефарматным” драматургам. Так, да ягоных актуальных п’ес можна ставіцца па-рознаму, але тое, што гэта — “з’ява таленту”, нельга не прызнаць. У нас жа аддаюць перавагу рэалістычнай традыцыі”.

У цэлым, “кансерватыўнасць” беларускага тэатральнага поля драматург патлумачыла агульным нізкім узроўнем культуры сучасных людзей.

— Большасць насельніцтва абыякава ставіцца да культуры, — выказалася драматург, — дарэчы, у адрозненне ад тых жа савецкіх часоў, калі, нягледзячы на ўсе забароны, у людзей інтарэс да культуры быў. Сёння ж асноўная маса не чытае і не цікавіцца амаль нічым, акрамя серыялаў. Пісьменнікі чытаюць пісьменнікаў — вось, што мы назіраем. Адкуль у падобным асяродку можа нарадзіцца цікавасць да эксперыменту, які з’яўляецца сведчаннем пошуку новых форм, руху наперад?..

Вось такім быў адказ на пытанне “Дзе наш эксперыментальны тэатр?”.

Ды ўсё ж Алена Папова выказала надзею, што існуючыя Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры і Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры здолеюць стаць акурат тымі пляцоўкамі, дзе маладыя аўтары змогуць праявіць сябе:

— Лічу, што рэжысёр, драматург мусіць быць перш за ўсё Асобай — сучаснай, адукаванай. Калі так, то яна ўжо сама па сабе будзе “ўтрымліваць” новы набор інфармацыі, сама па сабе будзе выказвацца і з’яўляцца наватарам. Застаецца адно: даць ёй магчымасць паказаць сябе.

Рух насустрач адно аднаму

Аляксандр Марчанка, да якога Аляксей Стрэльнікаў звярнуўся з пытаннем наконт магчымасцей Цэнтра сучаснай драматургіі і рэжысуры “ствараць адмысловае асяроддзе для нараджэння таленатаў”, у сваёй прамове таксама не пазбегнуў “песімістычных” нотак.

Кіраўнік Цэнтра зазначыў, што, нягледзячы на актыўную дзейнасць свайго праекта, значна пашырыць поле беларускай “новай драмы” не ўдаецца. “Мы рэгулярна рассылаем новыя — і не толькі — п’есы айчынным тэатрам, робім прэзентацыі драматургічных твораў у форме сцэнічнага чытання на Малой сцэне РТБД, аднак не заўважаем асаблівай цікавасці ні з боку беларускіх рэжысёраў, ні з боку мастацкіх кіраўнікоў тэатральных устаноў”, — канстатаваў абыякавасць большасці да сучаснай беларускай драматургіі акцёр і рэжысёр. На тое тэатральны крытык Людміла Грамыка прапанавала Цэнтру беларускай драматургіі і рэжысуры пайсці на іншыя захады:

— Чаму б вам не зрабіць афішу чытак, каб гледачы маглі арыентавацца? Чаму не ствараць спектаклі на базе ўласна Цэнтра? Дый чаму не выкарыстоўваць тую ж пляцоўку РТБД для пастановак сучасных п’ес? — пыталася яна.

Аляксандр Марчанка патлумачыў, што, у першую чаргу, гэта мусіць быць жаданне кіраўніцтва ўстановы: выкарыстоўваць галоўную пляцоўку тэатра для мэт Цэнтра. “Па-другое, вы кажаце пра афішу і пэўнае пераўварэнне нашага аб’яднання ў рэпертуарны тэатр, але гэтага не можа быць, — развіў ён свой адказ. — Цэнтр, падкрэслю, мае на ўвазе іншыя задачы”.

Калегу падтрымала Таццяна Траяновіч.

— Мэта нашых арганізацый, — сказала яна,  — гэта пошук новых імёнаў, зараджэнне, па сутнасці, новага тэатра, яго новай мовы. Як толькі мы пераўтворымся ў рэпертуарны тэатр — пачнецца выкананне планаў, і права маладога таленту на памылку, якое ён мае, знікне. Наша задача, — паўтарылася рэжысёр, — у першую чаргу, — даць магчымасць драматургу, рэжысёру знайсці сябе…

Аляксандр Марчанка ў пацвярджэнне падобнай палітыкі Цэнтра сучаснай драматургіі і рэжысуры распавёў пра плён драматургічных лабараторый, што ладзяцца пры аб’яднанні. “Напрыклад, адзін з тэкстаў, які быў народжаны пад час лабараторый, атрымаў увасабленне ў варыянце радыёпастаноўкі, другі — будзе рэалізаваны ў рамках наступнага па ліку фестывалю “ТэАРТ”, трэці — трапіў у шортліст прэстыжнай еўразійскай драматургічнай прэміі”, — прывёў ён прыклады. “Ды і нельга гвалтоўна прымушаць рэжысёраў ставіць п’есы сучасных драматургаў, — развіла думку Таццяна Траяновіч.  — Гэта мусіць быць рух насустрач адно аднаму. Толькі ў такім выпадку і атрымліваецца годны вынік, а не пастаноўка “для птушачкі”.

Калі будзе супольнасць…

Чаму тады беларускія рэжысёры так не цікавяцца сучаснай драматургіяй? — прагучала пытанне. На яго даў адказ драматург і рэжысёр Сяргей Анцалевіч.

— Я сам “хварэў” на гэтую праблему, — прызнаўся прадстаўнік Студыі Альтэрнатыўнай Драмы, — і меркаваў так: навошта брацца за невядомую драматургію, калі ёсць правераная гадамі класіка? Але пад час вучобы мне выпала жэрабя паставіць п’есу Канстанціна Сцешыка. Калі прачытаў твор, то захацеў яго перарабіць. Аднак такое жаданне (сёння я ўжо гэта разумею) узнікла таму, што бачыў п’есу з пазіцыі класічнага тэатра. Але ж яна вымагала зусім іншага падыходу ды мовы. Магчыма, хтосьці з рэжысёраў да гэтай пары так і ставіцца да “новай драмы”…

Прафесар Таццяна Арлова, прадоўжыўшы тэму, вылучыла галоўныя “болевыя кропкі” сучаснага тэатральнага працэсу.

— А ўвогуле, ці мае эксперыментальная рэжысура ўзрост? — задала яна пытанне. — Нездарма ж кажуць, што рэжысёр мусіць прайсці “кругі пекла”, мець вялізны жыццёвы досвед, каб рабіць гучныя пастаноўкі. Таму, вядома, адказ будзе такі: эксперыментальная рэжысура не мае ўзросту.

Адпаведна, “корань” нерэалізаванасці сучасных драматургаў — у нястачы моцных рэжысёраў, якія здолелі б, абапіраючыся на адукацыю і досвед, зрабіць цікавую пастаноўку, — падвяла рысу Таццяна Дзмітрыеўна. — Бо эксперымент уключае не толькі імпэт, але і вопыт, веды ды валоданне прафесіяй. Давайце ўзгадаем прыклад таго ж Аляксея Ляляўскага, — нагадала яна. — На яго спектаклях — аншлагі. А між тым, ён не адмаўляецца ад класікі і адкрыты для эксперыменту. Ці можа пахваліцца такімі кадрамі сённяшняя Акадэмія мастацтваў? З падрыхтоўкай рэжысёраў у нас складаней за ўсё,  — канстатавала Таццяна Арлова.

Тым не менш, выйсце доктар філалагічных навук бачыць у аб’яднанні усіх дзеячаў — удзельнікаў тэатральнага працэсу ў адно, так бы мовіць, тэатральнае “Мы”. “Трэба аб’яднацца драматургам, рэжысёрам, тэатральным менеджарам, тым жа крытыкам, — вывела своеасаблівую “формулу поспеху” Таццяна Дзмітрыеўна.  — Калі будзе супольнасць, тады і будзе магчыма штосьці зварухнуць з месца”.

Вы ведаеце, што такое план?

Выступленне Аляксандра Гарцуева на “круглым стале” можна было б называць самым брутальным.

— Вось вы кажаце пра “злыдняў”-дырэктараў тэатраў, мастацкіх кіраўнікоў. А ці ведаеце вы, што такое план? — з запалам спытаў ён. — План па колькасці гледачоў, па колькасці спектакляў? Калі любы тэатр — нават самы маленькі — павінен даць 280 спектакляў у год?! Ды яшчэ далучыце той аспект, што ў вас не маленькая зала на 40 — 50 чалавек, а — на 400 месцаў, якую вы абавязаны запаўняць? І ўся адказнасць кладзецца на кіраўніка! Каб ведалі, то разумелі б, што кожная эксперыментальная пастаноўка — гэта вялікая рызыка! — эмацыйна прамовіў рэжысёр.

На думку мастацкага кіраўніка РТБД, у дадзенай сітуацыі вінаваты не канкрэтныя тэатры, а хібы самой тэатральнай сістэмы, калі дырэктары і кіраўнікі мусяць лічыць кожную капейчыну. Таму ў дадзеным становішчы лепшае выйсце — стварэнне падобных “афшорных зон” — цэнтраў сучаснай драматургіі, эксперыментальнай рэжысуры, якія былі б вольныя ад планаў ды іх выканання, лічыць Аляксандр Гарцуеў.

Своеасаблівае выйсце для падобных праектаў прапанаваў Аляксандр Марчанка, агучыўшы ідэю прадаваць білеты на чыткі эксперыментальных п’ес два разы на месяц у падтрымку фінансавай палітыкі тэатра — таго ж РТБД. Мастацкі кіраўнік установы пагадзіўся, што эксперымент два разы на месяц беларуская публіка зможа вытрываць.

Ды, у той жа час, рэжысёр канстатаваў, што рост нашаму гледачу проста неабходны. “Нядаўна я быў на спектаклі Оскараса Каршуноваса “Гамлет” у Вільнюсе і бачыў, якую вялізную пляцоўку — 400 чалавек! — збірае гэты тэатр. Пастаноўка — не з лёгкіх. Білеты на яе  — не з танных. І Вільнюс — у тры разы меншы, чым Мінск. А на спектаклі — аншлагі. Пры гэтым жа мы з літоўцамі маем агульную спадчыну, — падумалася мне. І як так адбылося, што за гэты час ім удалося “выгадаваць” іншага гледача?” — падсумаваў ён, адзначыўшы, уласна, рэжысёрскую прагу па разумнай публіцы.

Платформа для драматурга

Гонар завяршыць абмеркаванне выпаў на долю драматурга Мікалая Рудкоўскага, досвед якога ўтрымлівае і рэжысёрскую практыку.

— Так, у свой час я паставіў дзве ўласныя п’есы, бо хацеў убачыць іх не толькі на паперы, але і на сцэне, — прызнаўся ён. — Аднак цягнуць такую нагрузку, калі ёсць яшчэ і асноўная праца, — гэта занадта. Таму сёння аддаю перавагу драматургічнай дзейнасці і імкнуся працаваць па канкрэтным заказе. Гэта не значыць, што ў маёй галаве няма цікавых думак і там не адбываецца творчага працэсу, але калі я атрымліваю пэўную задачу — у мяне ёсць платформа, на якую магу абаперціся…

Калі ёсць дыялог, паразуменне паміж рэжысёрам і драматургам, тады і ёсць вынік, падкрэсліў Мікалай.

Замест рэзюмэ

Каб “права на памылку” рэжысёра не засталося рытарычнай канстатацыяй “круглага стала”, трэба, каб Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры атрымаў не толькі тэатральную пляцоўку, а з яе дапамогай займеў свайго гледача.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"