Сярод ганаровых гасцей вылучалася дачка Перэса Цвія Вальдэн. Па прафесіі спадарыня Вальдэн — філолаг. Сябе яна называе дачкой сваіх бацькоў і грамадзянкай свету. На радзіме ж бацькі яна — упершыню.
Шымон Перэс нарадзіўся ў Вішневе 90 гадоў таму. Пражыў тут адзінаццаць гадоў. Мясцовыя старажылы (такіх ужо, на жаль, няшмат) памятаюць яго як Сёму Перскага. Прынамсі, вішнявец Уладзімір Волкаў (яму 89) згадвае, што калі ён сустракаўся з Перэсам у час прыезду таго на радзіму, дык так і сказаў ізраільскаму Прэзідэнту, якога памятае хлапчуком: “Для мяне ты — Сёма Перскі”. Тады спадар Волкаў па просьбе Перэса падарыў яму групавое фота трэцяга класа мясцовай школы, на якім ёсць ён і будучы Лідар Ізраіля…
Пасля адкрыцця мемарыяльнай шыльды госці накіраваліся да мемарыяльнага знака ахвярам фашызму. Ля знака адбыўся мітынг-рэквіем, былі ўскладзены кветкі.
Наш карэспандэнт меў магчымасць пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, якія з аповедаў бацькоў ведаюць пра даваеннае Вішнева і гады акупацыі. Так, Тэрэза Рагачэвіч распавядала пра адсутнасць і ў даваенным Вішневе міжканфесійных і міжнацыянальных канфліктаў. Кожны рабіў сваю справу і не перашкаджаў іншым працаўнікам. Мясцовыя гандляры-яўрэі моцна трымаліся за сваю кліентуру, імкнуліся завязаць з патэнцыйнымі пакупнікамі сяброўскія стасункі. Калі гаспадар крамы заўважаў на вуліцы чалавека, які калісь да яго заходзіў, дык адразу ж кідаўся да яго з пытаннем: “Ты даўно ў мяне не быў. Што табе трэба?” А даведаўшыся, запрашаў альбо зайсці ў краму адразу, альбо называў дзень, калі патрэбны тавар будзе ў краме. Спадарыня Тэрэза казала, што ў час, калі ў Вішневе акупанты ўтварылі гета, беларусы не толькі спачувалі пакутам яўрэяў, але і імкнуліся дапамагчы. Напрыклад, доктар Чарнецкі з Багданава хаваў у сябе на сенавале дзвюх яўрэйскіх дзяўчынак з гета. Адна з іх цяпер — у Ізраілі, другая — у Новасібірску.
Наступная імпрэза ўрачыстасцей — адкрыццё ў мясцовым Доме культуры фотавыстаўкі, прысвечанай Шымону Перэсу. Яе вялікі раздзел адлюстроўвае дзяцінства Прэзідэнта Ізраіля і дае ўяўленне пра тое, як выглядала Вішнева ў 20-я гады мінулага стагоддзя.
Заключны ж акорд — наведанне гасцямі Валожына старых яўрэйскіх могілак, якія захаваліся да сёння.
На здымку: Цвія Вальдэн і іншыя ганаровыя госці Вішнева на месцы, дзе знаходзіўся дом бацькоў Шымона Перэса.