Каб без праблем!

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Для дзяцей летні адпачынак — радасць: ні ўрокаў, ні хатніх заданняў. А для многіх бацькоў лета — галаўны боль. Куды дзець дзіця, каб яно заставалася пад наглядам? Па-першае, вясковыя бабулі-дзядулі ёсць не ва ўсіх, а ўтрымліваць сына ці дачку ў тлумным горадзе таксама не хочацца. А па-другое, адпачынак павінен быць бяспечным. Ці ж сакрэт, што менавіта на вакацыях, калі дзеці прадастаўлены самі сабе, з імі і адбываюцца няшчасныя выпадкі?

Добра, калі ёсць магчымасць адправіць дзяцей у летнік, аздараўленчы цэнтр. Дасуг там — арганізаваны, адказнасць за дысцыпліну нясуць педагогі-выхавацелі. І бацькі са спакойнай душой перадаручаюць сваіх дзяцей персаналу ўстаноў. Але не варта забываць, што летнікі і цэнтры — месцы масавага кругласутачнага знаходжання людзей. Значыць, бяспечнаму адпачынку тут павінна надавацца першарадная ўвага.

Яшчэ да адкрыцця летняга сезона кіраўніцтва павінна забяспечыць рамонт будынкаў, Не апошняе месца ў спісе абавязкаў адміністрацыі займае і адказнасць за супрацьпажарны стан аб’ектаў. Маюцца на ўвазе выкананне патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі, захаванне супрацьпажарнага рэжыму на тэрыторыі дзіцячага гарадка, распрацоўка алгарытму дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару ды іншых надзвычайных сітуацый, арганізацыя дзяжурства ў начны час, забеспячэнне належнага стану шляхоў эвакуацыі, забеспячэнне памяшканняў сувяззю і неабходнай колькасцю сродкаў пажаратушэння, недапушчальнасць захоўвання ў будынках і на тэрыторыі лёгкаўзгаральных рэчываў ды матэрыялаў, наяўнасць вольных пад’ездаў пажарных машын да ўсіх будынкаў, збудаванняў і крыніц вады.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска