Пятрок чакае…

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Любаншчына: рэканструкцыя абраду

На пачатку ліпеня Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства, пры падтрымцы Любанскага раённага цэнтра культуры, правядзе ў вёсцы Шыпілавічы рэканструкцыю каляндарна-абрадавых святаў “Купалле” і “Пятрок”.

Рэспубліканская маладёжная грамадская арганізацыя з 1998 года ладзіла шматлікія этнаграфічныя экспедыцыі ў самыя розныя рэгіёны Беларусі. Складзены і вялікі архіў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што захавалася ў краіне. Таварыства цесна супрацоўнічае з навукова-даследчымі і навучальнымі ўстановамі, якія ахвотна перадаюць этнаграфічны матэрыял для захавання ды апрацоўкі. СЭТ рэгулярна ладзіць выстаўкі, выдае фальклорныя матэрыялы (друкаваныя і электронныя), стварае гурткі па навучанні народным рамёствам, спевам і танцам. Акрамя таго, СЭТ штогод выступае арганізатарам народных святаў і абрадаў.

Бліжэйшая этнападзея — Пятроўскі фестываль, што адбудзецца на пачатку ліпеня на Любаншчыне. Вёска Шыпілавічы ўжо ў трэці раз стане на некалькі дзён культурным цэнтрам раёна.

Арганізатар свята, выпускніца першага складу фальклорнага калектыву “Верабейкі” Любанскага РЦК Настасся Кухарэнка распавяла, што сёлетняе мерапрыемства складаецца з трох частак.

У прыватнасці, у ноч з 6 на 7 ліпеня мае ладзіцца старажытны славянскі абрад “Купалле”, пад час якога можна будзе далучыцца да танцавальнай акцыіі “Лявоніха на сто пар”.

Напрыканцы фестывалю — 12 ліпеня — адбудзецца рэканструкцыя каляндарна-абрадавага свята “Пятрок” (Пятровіца) ды гасцявога кірмашу на Петрака.

Дарэчы, адна з умоў удзелу ў этнафестывалі — наяўнасць народнага строю. Між тым, СЭТ зараз ладзіць майстар-класы па пашыве народнай жаночай кашулі. Кроіць, аздабляць швы, рабіць гузікі і вышываць процягам вучыць сябра таварыства, выкладчык традыцыйнага ткацтва і валення Настасся Глушко.

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ