"Залатая пчолка": салодкі смак творчасці

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Клімавіччына: фэст радасці і пазітыву

Дыпламатычную місію яднання дзіцячых талентаў розных народаў ужо 13-е лета запар годна выконвае Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, што праходзіць у невялікім гарадку Клімавічы. Сёлета фэст сабраў каля 600 юных талентаў з 11 краін: Беларусі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Эстоніі.

Цягам чатырох дзён у Клімавічах віравала сапраўднае свята творчасці і дзяцінства: не сціхалі розныя мовы свету, гучала вясёлая музыка, а ўсё наваколле было напоўнена яркімі вясёлкавымі фарбамі. Святочнаму канцэрту папярэднічала адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Залатая пчолка”, якую ўстанавілі ў гарадскім парку. Сімвалічна, што ў гэтым мерапрыемстве прыняла ўдзел адна з зорачак беларускай эстрады, заўважаная некалі менавіта на “Залатой пчолцы”, — лаўрэат Міжнароднага дзіцячага конкурсу “Еўрабачанне” Лідзія Заблоцкая.

На ўрачыстым адкрыцці фэсту — 31 чэрвеня — прысутнічалі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, кіраўніцтва Клімавіцкага раёна.

Васіль Чэрнік зазначыў, што фестываль “Залатая пчолка” з’яўляецца асаблівым і ўнікальным у сваім родзе, і адметна, што ён заўсёды праходзіць у Міжнародны дзень абароны дзяцей…

/i/content/pi/cult/430/8906/1-1.jpeg

Уладальнік Гран-пры Ягор Шаранкоў.

На гарадской плошчы не хапала месца. Яно і не дзіва: выступалі лепшыя гурты і выканаўцы… Самым адказным ды напружаным момантам для ўдзельнікаў сталі конкурсныя прагляды і праслухоўванні. Лепшых вызначала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вядучыя дзеячы культуры Беларусі ды замежжа. Журы ацэньвала талент канкурсантаў у васьмі намінацыях: народныя і эстрадныя спевы (салісты і калектывы), народна-сцэнічны і эстрадны танец, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ацэньваліся таленты ў дзвюх узроставых групах: ад 9 да 12 і ад 13 да 16 гадоў. Нагадаем, што лаўрэатамі гэтага фестывалю былі ў свой час Лідзія Заблоцкая, Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец...

Праходзілі і традыцыйныя конкурсы малюнка — на мальберце і на асфальце. Але конкурсная праграма — гэта толькі адзін бок фэсту. Яскравымі і незабыўнымі эпізодамі свята сталі канцэртная праграма беларускіх выканаўцаў (удзельнікаў і гасцей фестывалю) “Мы — беларусы”, забаўляльная танцавальная праграма “Дыска-данс”. Запомніліся гасцям і жыхарам горада святочны канцэрт “Планета дзяцінства — планета сяброў” з творчымі прэзентацыямі краін — удзельніц фестывалю, канцэрт “Падарунак ад МТС”. З раніцы да вечара ў гарадскім парку і наўкол яго праходзілі выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вернісаж дзіцячых фальклорных падворкаў, ладзіліся шматлікія гульнёвыя праграмы, атракцыёны, працаваў гандаль.

/i/content/pi/cult/430/8906/1-2.jpeg

Папраўдзе феерычным акордам фэсту стала святочнае шэсце ўдзельнікаў па горадзе і заключны гала-канцэрт “Баль талентаў” на сцэне амфітэатра ў гарадскім парку…

Сёлета ўладальнікамі Гран-пры сталі Ягор Шаранкоў (Светлагорск) і вакальны ансамбль “Міні-джаз” (Вільнюс, Літва), якія выступалі ў намінацыі “Эстрадныя спевы”, народны ансамбль танца “Бусуёк Малдавенеск” (г. Сынжэрэй, Малдова) і ансамбль сучаснага танца “Ракета” (Ніжні Ноўгарад, Расія) — у намінацыях “Народны танец” і “Эстрадны танец” адпаведна, а таксама Таццяна Рабкова з Горак у намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і Яўгенія Яблонская з Гродна — “Выяўленчае мастацтва”.

/i/content/pi/cult/430/8906/1-3.jpeg

Можна доўга пералічваць імёны юных спевакоў, мастакоў і ўмельцаў, назвы дзіцячых вакальных і харэаграфічных калектываў, якія скарылі сваім яскравым талентам сэрцы гледачоў і членаў журы. Зразумела, што з шасці соцень удзельнікаў далёка не кожнаму дасталося прызавое месца, але на тое ён і конкурс: канкурэнцыя тут — як і ў “дарослым” жыцці, на вялікай сцэне. Але ж “Залатая пчолка” — гэта адкрытая пляцоўка для юных талетаў з усяго свету, і кожны знаходзіць тут прыхільнікаў сваёй творчасці, свайго ўдзячнага гледача. Відаць, галоўнае ў гэтым цудоўным фестывалі — зусім не афіцыйныя вынікі, пратаколы ды прызавыя месцы, хаця і гэта адыграе сваю ролю ў жыцці ды творчым сталенні многіх дзяцей. Самае важнае ў дзіцячым фестывалі на Клімавіцкай зямлі — атмасфера радасці і пазітыву, вольны дух творчасці ў самых розных яе праявах.

Вольга СЕМЧАНКА,

вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

На здымках: пад час фэсту; скульптурная кампазіцыя "Залатая пчолка".