Гонар не на словах

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

30 мая ў беларускай оперы было свята. Прычым — падвойнае. З аднаго боку — прэм’ера оперы Станіслава Манюшкі “Verbum Nobile” (“Слова гонару”), якая была напісана ім ужо ў Варшаве і ў нас ніколі не ставілася. З другога — ажыццяўленне пастаноўкі Музычным тэатрам “Галерэя” пры Рэспубліканскім палацы прафсаюзаў Беларусі. Словы словамі, а гонар атрымаўся, бо ганарыцца можна было ўсім.

Гэта ўжо не першая опера С.Манюшкі, што ставіцца ў нашай краіне. Яшчэ ў 1952 годзе ў Вялікім тэатры з’явіўся яго “Страшны двор”, прычым па-беларуску, у перакладзе Максіма Танка, пастаўлены легендарнай прымадоннай Ларысай Александроўскай. Цікава і тое, што дзякуючы менавіта гэтаму спектаклю адбыліся першыя замежныя гастролі тэатра: у 1955-м, у рамках Дзён беларускай культуры ў Польшчы, група нашых салістаў выправілася ў Варшаўскі Вялікі тэатр для ўдзелу ў тамтэйшай пастаноўцы “Страшнага двара”. Тры з паловай гады таму можна было ўбачыць у нас і “Латарэю” — адну з ранніх камічных опер С.Манюшкі. Яе напаўканцэртная версія ішла ў… сталічнай філармоніі, у Малой зале імя Р.Шырмы. Выканаўцамі выступалі ансамбль “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым, Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і запрошаныя салісты, сярод якіх, вядома, пераважала моладзь.

Опера “Слова гонару” — таксама камерная, лірыка-камічная. Але, трэба спадзявацца, яе чакае больш трывалае “пракатнае” жыццё. Бо вопыт папулярызацыі класікі, у тым ліку — нацыянальнай, у Аляксандра Чахоўскага, які ўзначальвае тэатр “Галерэя”, маецца. Сярод яго праектаў былі тэатралізаваныя “Фантазіі Вольфганга Амадэя”, спектакль-канцэрт “У душы маёй” салісткі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Ганны Бяляевай. А канцэрт “Музыка Нясвіжскага замка” ансамбля “Кантабіле” летась штотыдзень паўтараўся ў самім Радзівілаўскім палацы, карыстаючыся попытам яго наведвальнікаў. Таму няма чаго здзіўляцца, што паставіць оперу Манюшкі (дарэчы, па ініцыятыве знакамітага Віктара Скорабагатава, які здаўна займаецца даследаваннем і папулярызацыяй нашых музычных рарытэтаў) стала для Чахоўскага справай гонару. Два першыя паказы адбыліся ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. А 20 чэрвеня спектакль распачне сваю першую гастрольную вандроўку — на сцэну Гродзенскага абласнога тэатра лялек, будынак якога быў узведзены яшчэ Антоніем Тызенгаўзам.

/i/content/pi/cult/430/8900/1-1.jpeg

Спецыяльна для гэтай пастаноўкі Дар’я Вашкевіч зрабіла беларускамоўны пераклад. А дырыжор Іван Касцяхін — пералажэнне сімфанічнай партытуры для інструментальнага нанэта: струнны квінтэт + драўляныя духавыя без габоя, але з валторнай. Хор скарацілі да вакальнага актэта. Бясслоўная дзея ў час гучання ўверцюры распавядае перадгісторыю, што потым усплыве ў вакальных нумарах, з'яднаных у разгорнутыя сцэны. Тое, што ў цэнтры аповеду апынецца Зося, а не "застылыя" постаці бацькоў, "папярэджвае" сімвалічная дэталь: менавіта дзяўчына “ажыўляе” ўсіх прысутных, якія выглядаюць, бы ў тэатры ценяў, — і толькі тады нараджаюцца першыя гукі (шкада, што гэты рэжысёрскі прыём Алены Медзяковай не знаходзіць надалей працягу). Праўда, дырыжор з музыкантамі, якія замест аркестравай ямы знаходзяцца быццам бы на летняй верандзе (чым не атмасфера шляхецкіх сядзіб?), "ажыўляюцца" неяк слабавата. Бо імкнуцца адно “не нашкодзіць” салістам, а ўсё ж хочацца часам нейкай асаблівай выразнасці, рамантычнай вольнасці руху, бо пакуль што суправаджэнне гучыць надта па-класіцысцку: строга, стрымана, спакойна.

Затое як жывуць на сцэне артысты! Безумоўная зорка — Галіна Дубіцкая. Не толькі ў спевах яе Зоські — чысцюткіх, празрыста-званочкавых, але і ў кожным руху (як зірнула, як дакранулася, як паклала руку на плячо ці прытулілася да грудзей каханага) — кранальная шчырасць. Вобраз юнацтва, трымцення пачуццяў, “каларыстыкі” настрою, дзе ўсё — на “чвэрцьтонах” адно светлых, прамяністых адценняў найтонкіх псіхалагічных змен. І ўсё гэта памножана на кемлівасць, разумнасць, гуллівую зграбнасць, калі мудрае дзяўчо ведае, у чым яе моц. Хтосьці выдыхнуў: новая Гайда! Галя-Галінка і сапраўды салістка Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, хаця яшчэ студэнтка Акадэміі музыкі. Але ж не: яна са сваім творчым абліччам.

Побач з ёй не толькі Дзмітрый Капілаў і Аляксандр Жукаў (паводле спектакля, пакаленне бацькоў), але і Арцём Хамічонак (уяўны Стах-Станіслаў, каханы Зосі) — бы тыя “спеўныя шафы”, хаця ні ў артыстызме, ні ў рухавасці ім не адмовіш. У аднолькавым з ёй адчуванні “камернасці” замест эпічнага разгорту — хіба Сяргей Кілеса (слуга Барталамей). Можа, больш спрактыкаваныя артысты надта прыкіпелі да вялізных залаў, дзе патрэбны тлустыя мазкі замест дробных рысачак? Але ж не спевакі ў тым вінаваты, што з камернай опернай сцэнай у нас пакуль цяжкавата. Можа, тэатр “Галерэя” вырашыць гэтую праблему?

Ну а “К” у бліжэйшых нумарах прадоўжыць тэму Станіслава Манюшкі, бо апошнім часам з’явіўся шэраг цікавых даследаванняў яго творчасці.

На здымку: сцэна з оперы “Verbum Nobile”.

Фота Аляксея СМОЛЬСКАГА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"