Вам бусла ці насоўку?

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

"Чалавек харошы, дай кату грошы!", або Сувенір для турыста ды фаната

VІ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет-2014” пройдзе ў дні Чэмпіянату свету па хакеі. Таму на цяперашняе свята народных рамеснікаў, што адбылося ў Лошыцкім парку сталіцы, мы накіраваліся яшчэ і з дадатковай мэтай: “прымерыць” яго на замежнікаў, якія рынуцца глядзець не толькі на шайбу.

Сапраўды, ці захочуць балельшчыкі ды іншыя турысты “з Захаду” і “Усходу” абмяняць свае кроўныя на вышукі нашых майстроў? Насвістваючы “Трус не играет в хоккей!”, раптам падумала: а ці прыцягнуць патэнцыйных “хакееманаў” усялякія “казяльцы-рамонкі” (бо менавіта так “перакладаецца” назва кірмашу — “...Букет”)?

Уваход у парк пільна ахоўвала міліцыя. Але і яна, зразумела, не магла выратаваць ад дажджу, які нават не думаў спыняцца. Добра яшчэ, што прадказанні сіноптыкаў наконт чарговага “штармавога папярэджання” не спараўдзіліся. Але і ў выглядзе роўнай ды шчыльнай заслоны дождж, што называецца, “зусім не спрыяў”. Затое адразу паставіў пытанне: ці гатовы нашы “гарады майстроў” да нябесных капрызаў? Кожны рыхтуецца як можа. Бяруць вялізныя скруткі поліэтылену, прызначанага для цяпліц, і накрываюць ім свае вырабы. Праўда, чым больш “якасная” такая абарона, тым горш відаць вырабы. Але майстры прывыклі, бо штогод у вяснова-летні сезон ездзяць па фестывалях, дзе для іх нічога не абсталявана. Вось і па цяперашнім кірмашы можна было вызначыць, як спантанна раслі гарады нашых продкаў уздоўж пракладзеных дарог: хто дзе “прыбудаваўся”, там і добра. Ды толькі хто пойдзе ў парк на ўскраіне горада ў дрэннае надвор’е? Тым бы майстрам — якое люднае месца. Ды яшчэ каб “не на праходзе”, дзе “не прайсці-не праехаць”.

/i/content/pi/cult/430/8898/2-1.jpeg

Узгадаўся літоўскі вопыт, дзе не майстры — да фестывалю, а фестывалі — да майстроў. Ці, можа, проста “разам forewer” — назаўжды? На плошчы Вільнюса роўнымі радамі — збудаваныя “хаткі”-палаткі. На сцэне — выступленні ў рэжыме нон-стоп. Нават калі і ёсць “жывы” перапынак, дык ён запаўняецца дэманстрацыяй відэа найбольш цікавых ранейшых выступленняў. І ладзяцца такія фестывалі — кожныя выхадныя. Змяняецца хіба кірунак: фольк, джаз, духавыя... Хто ж утрымлівае ўсё гэта? Вядома, ёсць і грошы з казны, і гандляры падатак плацяць. А яшчэ нейкая капейчына ідзе ад... шматлікіх крам, якія побач: дзякуючы такім штотыднёвым фестывалям, тавараабарот там узрастае. У выйгрышы — усе.

...Пераканаўшы сябе, што не месца ўпрыгожвае чалавека, рушыла ўздоўж імправізаваных прылаўкаў-паліц. Але хутка зразумела, што ў ролі “іншаземца” мне падзівіцца, можа, і ёсць на што, а вось прыдбаць... Хіба нейкі ручнічок. Бо нават тая ж сурвэтка ў цяперашнім інтэр’еры — дысананс. І не павязу ж я саламянага бусла з мяне ростам! Куды я яго ўвапхну? Дый для дробных вырабаў патрэбна прыгожая трывалая ўпакоўка, каб замест саломкі не прывезці парахню.

А галоўнае — які менавіта сувенір мне патрэбны? Пэўна, з эмблемай Чэмпіянату. Але выкарыстанне афіцыйнай сімволікі патрабуе дазволу і грошай. Дый наўрад ці ўсё гэта будзе стылёва ўпісвацца ў народныя традыцыі. Можа, менавіта ўпакоўка павінна быць “эмблемістай”?

Дарэчы, навошта мне проста “сувенір”? Ну хіба ў мяне дома ёсць спецыяльны міні-музей і прыбіральшчыца, каб штодзень змахваць пыл з гліняных катоў-дзядкоў? Не, я не супраць “прыгажосці дзеля прыгажосці”! Але з большай ахвотай прыдбала б штосьці, чым можна яшчэ і карыстацца ў побыце. Ізноў узгадала замежжа: там што ні рэч — для карыстання, а не адно для разгляду. Неаднойчы задумвалася: можа, менавіта таму, што ў нас фольк — асобна ад побыту, нацыянальная свядомасць таксама пакуль не стала такой жа натуральнай з’явай, як вада ды паветра, без якіх не пражывеш? У замежжы “этна” — у кожнай побытавай дробязі. І таму нацыянальныя пачуцці не трэба неяк спецыяльна выхоўваць — яны абсалютна натуральныя для кожнага дзіцяці. Яшчэ адна дэталь: на Захадзе не разумеюць, што такое народныя промыслы. Калі пачынаеш тлумачыць, “перакладаюць”: гэта ж дэкаратыўна-прыкладное мастацтва! Як можна здагадацца, асобнага азначэння няма не таму, што адсутнічае сама з’ява, а таму, што нацыянальнае — унутраная сутнасць і патрэба ўсяго дэкаратыўна-прыкладнога. Таму фальклорныя павевы развіваюцца не ў бок прыстасавання, “падпарадкавання” побыту, а на парытэтных з ім пачатках.

...А ведаеце, што я прыдбала б для сябе і сяброў? Вось дык “загадка”: месца не займае, не б’ецца, не трушчыцца, вады не баіцца... Насоўка! Не “фабрычная”, а з вышыванкай — хустачка на памяць для ўсіх закаханых. Але такіх вырабаў вы не знойдзеце. Не карыстаецца попытам? Ці проста не спрабавалі? Дык, можа, паспрабаваць, пакуль не апярэдзілі тыя ж кітайцы?

Так што аддала я “свае кроўныя” — на інсталяцыю “Чалавек харошы, дай кату грошы!”, зробленую з падушачак, дываночкаў ды іншых “простых рэчаў”. Таго “коціка”, можа, і ўдасканальваць трэба, але ж — хоць які, ды крэатыў! Па меншай меры, ніхто не мінаў яго без шчырай усмешкі. І ўсе лезлі ў кішэню за рублікамі...

Фота Руслана АНАНЬЕВА


Ад рэдакцыі:

Акрэсленая тэма вымагае шматлікіх падтэм. Скажам, ці стане Мінск на час Чэмпіянату свету па хакеі-2014 іміджавай пляцоўкай для майстроў з раённых дамоў рамёстваў? Арганізавана ці спантанна "расселяцца" ў сталіцы "творчыя падворкі"? І ўвогуле, ці зменіць сусветны спартыўны форум сувенірную палітыку ў Мінску? Гэтыя і іншыя пытанні мы будзем "праяўляць" на старонках "К" і надалей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"