Маргарыта Сяргееўна пражыла вялікае, плённае на здзяйсненні жыццё, насычанае клопатамі руплівага педагога. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, М.С. Мінянкова была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай Вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі, у тым ліку "Партызану Вялікай Айчыннай вайны" І ступені. У 1950 г. М.С. Мінянкова скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Больш за 35 гадоў, з 1946-га па 1983-і, працавала выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін у Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі імя А.В. Луначарскага (зараз — Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.І. Глінкі, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага. За гады працоўнай дзейнасці яна выхавала некалькі пакаленняў музыкантаў, сярод якіх — плеяда вядомых беларускіх кампазітараў, кандыдаты і дактары мастацтвазнаўства, буйныя музычныя дзеячы і педагогі. М.С. Мінянкова з’яўляецца аўтарам навуковых і метадычных работ, якія выкарыстоўваюцца ў класах сальфеджыа і гармоніі музычных навучальных устаноў рознага ўзроўню.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, вучні і калегі Маргарыты Сяргееўны смуткуюць з прычыны яе смерці і выказваюць спачуванне ейным родным і блізкім.