Маладзечна будзе вечна!

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, што праходзіць гэтымі днямі, споўнілася 20 гадоў. За два дзесяцігоддзі было ўсялякае. Быў нават момант, калі здавалася: фестываль — знік, як некаторыя іншыя, што "паміралі" гэтак жа хутка, як і з’яўляліся. Але гэты — адрадзіўся, стаўшы сведчаннем дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнай культуры. У 2001-м яго ўзяў пад свой патранат Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, а два гады таму было вырашана праводзіць форум штогод, як гэта было напачатку.

— Немагчыма забыцца на той грамадскі ўздым, якім суправаджаліся музычныя падзеі ў Маладзечне ў 1993-м, — узгадвае адзін з "бацькоў" фестывалю, яго нязменны мастацкі кіраўнік, заснавальнік і кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, на творчай базе якога праводзяцца гэтыя святы, народны артыст краіны, прафесар Міхаіл Фінберг. — Кожная песня ўспрымалася як адкрыццё. І ўключалі мы ў свае канцэрты толькі творы прафесійных беларускіх кампазітараў. Таму трапіць у фестывальную праграму для любога з удзельнікаў лічылася за вялікі гонар. А які ажыятаж спарадзіў конкурс маладых выканаўцаў!..

Аўтар гэтых радкоў таксама добра памятае не толькі сам фестываль, але і той першы адбор канкурсантаў, што прахадзіў у зале Беларускага саюза кампазітараў. Ахвотных было — не злічыць! Гэта зараз маладыя спевакі "разбэшчаны" самой колькасцю разнастайных творчых спаборніцтваў ды праектаў, а тады нешта падобнае было ў навінку. Дый аб’явілі, што пераможца паедзе дадому на сваім аўто, якія на той час цаніліся ледзь не больш за кватэру. Уяўляеце інтрыгу?

Сёння сабраць канкурсантаў значна цяжэй. Дый само спаборніцтва, як і ўвесь фестываль, "накладаецца" на здачу іспытаў у школах, ССНУ, ВНУ. Але праграма атрымалася, як заўжды, надзвычай насычанай і багатай. Не толькі самі музыканты, але і Мінскі аблвыканкам, мясцовыя ўлады, Палац культуры Маладзечна працавалі на ўсе сто.

Учарашні канцэрт адкрыцця вы зможаце пабачыць на блакітным экране ўжо сёння. Гэтак жа, са спазненнем на дзень, пройдзе і трансляцыя сённяшняга закрыцця фестывалю. Ну а па радыё гэтыя два канцэрты ідуць у прамым эфіры, пачатак якога — за дзесяць хвілін да падзей у амфітэатры, каб быў час распавесці і пра іншыя маладзечанскія цікавосткі. Але лепш самі паспяшайцеся на свята! Тут імпрэзы — на ўсе густы. Як заўсёды — "Горад майстроў", разнастайныя дзіцячыя праграмы, а таксама канцэрт пераможцаў Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Маладзічок", што прайшоў тут увесну. Не забыты і прыхільнікі класікі. У зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага — "Лепшыя беларускія хіты ХХ стагоддзя" ў выкананні камерных складоў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі. На Музычным падворку каледжа збяруцца прыхільнікі паэзіі. Яшчэ адзін з сённяшніх канцэртаў аркестра М.Фінберга пройдзе ў шыкоўным Палацы культуры пасёлка Чысць.

Фестываль песні і паэзіі ператворыцца ў свята самога беларускага слова — вымаўленага і прапетага. Дарэчы, беларускае маўленне было назаўсёды занатавана ўжо ў самой фестывальнай эмблеме. У назве горада Маладзечна ў вочы кідаецца звончатае "дз". Намаляванае "рукапісным шрыфтам", яно чытаецца яшчэ і як "93" — год нараджэння фестывалю. А лёс яго напрарочылі, зноў-такі, зрыфмаваныя песенныя словы: "Маладзечна будзе вечна!".

Н.Б.

Больш падрабязна пра конкурс чытайце ў наступным нумары "К".