Музыка, музыка...

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

З 7 па 9 чэрвеня ў Паставах праходзіць XVI Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік".

Сцэнічнымі пляцоўкамі фестывалю сталі плошча імя Леніна і гарадскі парк, Пастаўскі касцёл, Дом культуры па вуліцы Станкевіча і прастора перад Палацам Тызенгаўза, Дом рамёстваў. Перад жыхарамі ды гасцямі горада выступяць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча, Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", гурт "Цягні-Штурхай", ваенны духавы аркестр і самадзейныя артысты Смаргонскай пагранічнай групы. А таксама, зразумела, удзельнікі конкурсу — самадзейныя артысты нашай краіны ды замежжа.

Фестываль — музычны, але ў яго праграме прадугледжаны мастацкая выстаўка, агляд-конкурс сельскіх падворкаў, выстаўка-продаж вырабаў народных майстроў, літаратурная імпрэза. Арганізатары парупіліся, каб на фэсце была музыка на ўсе густы: народная, класічная, маладзёжная. Пройдзе канцэрт у касцёле і начная дыскатэка. А паколькі склалася традыцыя, згодна з якой пад час кожнага фестывалю горад упрыгожваецца новым мастацкім аб’ектам, дык урачыстае закрыццё фэсту будзе ўрачыстым адкрыццём памятнага знака ў яго гонар.

Рэпартаж нашага карэспандэнта чытайце ў наступным нумары "К".