Абмен самабытнымі з’явамі

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венгрыяй усё больш актыўна развіваецца на "гарызантальным" узроўні — паміж канкрэтнымі ўстановамі. 5 чэрвеня Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь наведаў дырэктар Музея Яна Дам’яніча з горада Сольнак Ласла Хорват.

— Пад час перамоў было дасягнута пагадненне аб правядзенні ў нашым музеі выстаўкі венгерскіх мастакоў-імпрэсіяністаў пачатку ХХ стагоддзя, — распавёў генеральны дырэктар НММ Уладзімір Пракапцоў. — Перакананы, што беларускай аўдыторыі будзе надзвычай цікава пазнаёміцца з гэтай малавядомай пакуль тут культурнай з’явай. Таму запрашаю ўсіх да нас з 25 кастрычніка!..

/i/content/pi/cult/430/8884/1-1.jpeg

У той самы час, Нацыянальны мастацкі ўжо рыхтуе і выстаўку "наўзамен". Мяркуецца, што цягам наступных Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Венгерскай Рэспубліцы жыхары апошняй здолеюць пазнаёміцца з такой самабытнай з’явай духоўнага мастацтва, як беларускія абразы.

На здымку (злева направа): Уладзімір Пракапцоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Рэспубліцы Беларусь Вілмаш Сіклавары, Ласла Хорват, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі.

Фота Юрыя ІВАНОВА