Аб гастрольных пасведчаннях

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Як паведамляе БелТА, 5 чэрвеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 257 "Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў".

Згодна з Указам, арганізатар будзе абавязаны атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (гастрольнае пасведчанне) ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама (Мінскага гарвыканкама).

На мерапрыемства з удзелам беларускіх або замежных ці выключна замежных выканаўцаў гастрольнае пасведчанне выдаецца з выплатай дзяржаўнай пошліны ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

На мерапрыемства з удзелам беларускіх выканаўцаў гастрольнае пасведчанне будзе выдавацца бясплатна.

Таксама нарматыўным актам прадугледжаны выпадкі вызвалення арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў ад атрымання гастрольнага пасведчання або ад выплаты за яго дзяржаўнай пошліны.

Указам, у тым ліку, прадастаўляецца права правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства, замежным і міжнародным арганізацыям.

Акрамя таго, дакументам урэгуляваны пытанні рэкламы культурна-відовішчных мерапрыемстваў, рэалізацыі ўваходных білетаў і друкаванай прадукцыі, вызначаны абавязкі і правы арганізатараў мерапрыемстваў і гледачоў.

"Нарматыўны акт скіраваны на ўдасканаленне практыкі арганізацыі і правядзення падобных мерапрыемстваў, стымулявання творчай дзейнасці айчынных выканаўцаў, падтрымкі маладых талентаў, абароны інтарэсаў гледачоў ад падману з боку нядобрасумленных арганізатараў мерапрыемстваў", — паведаміла Прэс-служба беларускага Лідара.

Мы звярнуліся па каментарый з нагоды новага нарматыўнага акта ва ўпраўленне культуры Мінгарвыканкама да начальніка аддзела па справах мастацтву Уладзіміра Анціповіча.

— Дакумент сёння гучна абмяркоўваецца ў Інтэрнэце, але хачу запэўніць заклапочаную грамадскасць, што Указ ні ў якім разе нельга разглядаць як узмацненне дзяржаўнай цэнзуры. Мы жывём у дэмакратычнай краіне. Дакумент прызначаны, у першую чаргу, для таго, каб навесці парадак у канцэртна-відовішчнай сферы. Зараз, для правядзення мерапрыемства, яго арганізатар павінен атрымаць гастрольнае пасведчанне, заплаціць дзяржаўную пошліну (калі гэта трэба), і толькі потым даваць рэкламу аб мерапрыемстве ды распаўсюджваць білеты. Не як было да гэтай пары, калі рэкламуецца немаведама што, і не вядома, ці адбудзецца той канцэрт увогуле. Для буйных канцэрных агенцтваў і арганізатараў гэтыя крокі — не праблема. Указ скіраваны супраць дзейнасці агентаў-"аднадзёнак", ад нядобрасумленных дзеянняў якіх можа пацярпець глядач.

Хачу звярнуць увагу на тое, што беларускім выканаўцам гастрольнае пасведчанне будзе выдавацца бясплатна. У цэлым, хачу ўсіх запэўніць, аніякіх бюракратычных затрымак у выдачы гастрольных пасведчанняў не павінна быць.

Памер дзяржаўных пошлін будзе вар’іравацца ў залежнасці ад памераў залы (і, адпаведна, колькасці месцаў), дзе будзе ладзіцца канцэртна-відовішчнае мерапрыемства.

Важнай навацыяй ва Указе лічу тое, што сродкі, якія абавязаны заплаціць арганізатары ў выглядзе дзяржаўнай пошліны, пойдуць не проста ў дзяржбюджэт, а мэтанакіравана — у спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Падкрэслю, што Указ скіраваны не супраць выканаўцаў ды арганізатараў канцэртна-відовішчных мерапрыемстваў, а супраць махляроў ды ідэйных экстрэмістаў.