Азербайджан — Беларусь: дыялог мастацтваў

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Дні культуры Беларусі ў Азербайджане мяркуецца правесці з 4 па 7 чэрвеня.

Падзея прымеркавана да 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі. Дзеячы нашага мастацтва прадэманструюць лепшыя ўзоры опернага, эстраднага, фота- і кінамастацтва, народнай творчасці. У адкрыцці мерапрыемства прыме ўдзел намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.

Урачыстае адкрыццё Дзён культуры Беларусі адбудзецца ў Азербайджанскай дзяржаўнай філармоніі, дзе пройдзе наш гала-канцэрт. Чакаецца, што ў ім возьмуць удзел Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята", эстрадная спявачка Гюнеш Абасава, лаўрэат міжнародных конкурсаў, баяніст Уладзіслаў Плігаўка, вядомыя оперныя спевакі Крыскенцыя Стасенка і Міхаіл Пузанаў... Канцэрты адбудуцца не толькі ў Баку, але і ў Мардакянах і Хачмазе.

У бакінскай галерэі будзе працаваць выстаўка фотамастацтва Беларускага тэлеграфнага агенцтва. Пройдуць і Дні нашага кіно. Кінацэнтр імя Нізамі прадэманструе анімацыйныя стужкі і мастацкія фільмы "Брэсцкая крэпасць", "Скрасці Бельмандо".