Як і летась, агульны гістарычны настрой створыць "Горад майстроў і рамёстваў", дзе госці змогуць пазнаёміцца з традыцыямі беларускай культуры. Распачне арт-форум 28 чэрвеня інтэрактыўны батлеечны спектакль "Міракль аб Уршулі", які пройдзе ў Тэатральнай зале Нясвіжскага палаца.
"Тэатр Уршулі Радзівіл" прадставіць пастаноўкі вядучых калектываў краіны. Гледачы пабачаць "Яблычны пірог" Новага драматычнага тэатра, харэаграфічную кампазіцыю "Песня пра зубра" Дзяржаўнага ансамбля танца краіны, а таксама камедыю дэль артэ "Панталонэ з Вероны" і музычны спектакль "Вандраванне Радзівіла "Сіроткі" ў Італію". Усе пастаноўкі звязаны з гісторыяй развіцця культуры нашай краіны і традыцыямі яе знакамітых родаў. Акрамя таго, цягам трох дзён будуць праводзіцца выстаўкі работ беларускіх мастакоў ды рамеснікаў, пройдуць розныя гульнявыя, музычныя і танцавальныя праграмы. Усе мерапрыемствы арганізаваны Міністэрствам культуры нашай краіны сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў.
Завершыцца форум 30 чэрвеня ва ўнутраным дворыку замка спектаклем "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага.