Цягам двух дзён доўжылася ў Касцюковічах Другое Абласное свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”. 24 мая ў ДШМ адбыліся Пісьмянкоўскія чытанні.
У якасці ганаровай госці на свяце прысутнічала жонка паэта — Алена Пісьмянкова. Удзел у мерапрыемстве прынялі беларускія і расійскія пісьменнікі, барды, унук народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова Уладзімір Бербераў, мясцовыя аматары літаратуры.
Народнае аматарскае аб’яднанне “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” падрыхтавала для гасцей музычна-паэтычную кампазіцыю па творчасці паэтаў прыбесядскага краю і па вершах Алеся Пісьмянкова. Наступным днём усіх ветліва сустрэў маляўнічы бераг Бесядзі, той самы “Пісьмянкоў луг”. Тут праходзіў конкурс літаратурных выставак, у якім прынялі ўдзел дзесяць раёнаў Магілёўшчыны. Перамаглі Горацкая ЦБС, Асіповіцкая бібліятэчная сетка. А І месца заняла Касцюковіцкая ЦБС.
У конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва лепшымі аказаліся Андрэй Ганчарэнка, Сяргей Благушка з Касцюковіцкага раёна і Алена Зушчык з Горак.
А былі яшчэ конкурсы паэзіі і аўтарскай песні. Пераможцы атрымалі памятныя статуэткі “Натхненне”, зробленыя з крыштальнага каляровага шкла па эскізе касцюковіцкіх мастакоў.
Наталля ДРОБЫШАВА, кіраўнік народнага аматарскага аб’яднання “Літаратурная гасцёўня “Крынічка” пры Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя І.Г. Чыгрынава
На здымку: пад час свята на Касцюковіччыне.
Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ