Хада "Дзядоў"

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

З відам на замежжа або на нацыянальны праект?

Ізноў “Дзяды” Адама Міцкевіча! Першая пастаноўка паводле паэмы адбылася летась, увосень, акурат на Дзяды, у Дзяржаўным тэатры лялек (гл. “К” № 46 за 2012 г.). Цяперашняя — у красавіку, незадоўга да Радаўніцы, зладжаная прыватным “Тэатрам Ч” як сумесны беларуска-літоўскі праект: ініцыятыва і ўсе артысты — нашы, пастановачная каманда — запрошаная.

Дадамо, што да абедзвюх прэм’ер ускосна спрычынілася і “К”: Серж Мінскевіч, які на мяжы тысячагоддзяў першым пераклаў паэму на беларускую мову цалкам, у свой час пачынаў у нашым штотыднёвіку. Цікава і тое, што цяперашнія “Дзяды” былі задуманы нават раней, чым лялечныя, прычым абодва спектаклі ладзіліся незалежна адзін ад аднаго — дадатковы доказ таго, што ідэі папраўдзе лунаюць у паветры. Але такое “падвойнае” ўвасабленне — толькі на карысць абодвум спектаклям. Бо адзін з законаў удалага менеджменту — выпуск некалькіх варыянтаў аднаго наймення, што вымушае пакупніка “каштаваць” абодва: які ж “смачнейшы”?

/i/content/pi/cult/429/8862/8-2.gif

Параўнанняў, зразумела, не пазбегнуць. Абодва спектаклі адрасаваны дасведчанаму гледачу, папярэдне знаёмаму з паэмай. Ці — на таго, хто гатовы ўспрымаць “дзеючымі асобамі” пастаноўкі не толькі ўласна герояў, але і самі выяўленчыя сродкі. У Аляксандра Янушкевіча, ужо ў сілу спецыфікі лялечнага тэатра, галоўным канцэптуальным прыёмам сталі ператварэнні-пераўтварэнні, стасункі паміж чалавекам, істотай, прадметам — і іх душой, праз якую і ажыццяўляюцца ўсе гэтыя змены-перамены. У цяперашніх “Дзядах” (зноў-такі, ужо ў сілу спецыфікі тэатра драматычнага) больш відавочна выяўлена сюжэтная лінія.

Але менавіта гэтая асаблівасць інсцэніроўкі Максіма Клімковіча, скіраваная на лагічнае развіццё і, у рэшце рэшт, яднанне некалькіх тэматычных адгалінаванняў, патрабавала б, на мой погляд, некаторых скарачэнняў у першай дзеі. Сярод незразумелых фантазій рэжысёра Рамунэ Кудзманайтэ — калядная атмасфера пачатку дзеі: усё ж снег ды асабліва мароз, каб на мяжы кастрычніка і лістапада, калі святкуюцца Дзяды, можна было катацца на санках, — “выключэнне з правілаў”. Нягледзячы на разнастайныя прыдумкі, цікавыя мізансцэны і выбітную пластыку, на пэўным этапе ўвага гледача пачынае слабець. З’яўляецца пэўная разгубленасць: дык у якія “гульні” нам прапануюць згуляць? Змена стылістыкі — ад эстэтыкі тэатра масак да рамантыкі і псіхалагізму, ад удумлівай сімволікі канцэпцыйнага тэатра да адкрытага экспрэсіянізму і ледзь не плакатнасці — пададзена спачатку надта рэзка і далёка не адразу прыводзіць да сінтэзу. Апошні ўзнікае хіба напрыканцы спектакля, дзе ўсе стылявыя складнікі збягаюцца ў адно рэчышча нацыянальнай самасвядомасці, што будуецца на непахіснай узаемасувязі этнічных традыцый, інтэлектуальных заваёў, фольку і шляхетнасці.

/i/content/pi/cult/429/8862/8-1.gif

Сінтэз аказваецца магчымым таму, што згаданае вышэй выяўленне сюжэтнасці, набыўшы ролю звыклага драматургічнага стрыжня, ніколькі не знізіла выразнае і формаўтваральнае ўздзеянне шматлікіх лейтматываў: літаратурна-паэтычных, якімі насычана ўжо сама творчасць Адама Міцкевіча (а шырэй — паэтаў-рамантыкаў), музычных і візуальных.

Сцэнаграфія Марыюса Яцоўскіса — гэта выявы хрысціянскіх абразоў розных канфесій і карцін духоўнага зместу, шчыльна развешаныя, бы ў музеі, на чатырох узроўнях. Майстэрства светлавых эфектаў то ператварае іх у літаграфіі ці кніжную графіку, то надае ім містычна залатое адценне. Усё гэта памножана на ўласна рамантычную атрыбутыку: шкло, акно, люстэркі, якія сімвалізуюць няўлоўнасць межаў паміж тым светам і гэтым. Не меншую вагу набываюць і язычніцкія сімвалы, што адразу выдаюць літоўскае тэатральнае мысленне, аўтарскі почырк мастака і вельмі дакладна адпавядаюць пантэістычнаму светаўспрыманню беларусаў. Асабліва моцнае ўздзеянне набывае эпізод, калі з мяшэчка, якім перавязаны карані “саджанца”, высыпаецца зямелька — быццам глеба сыходзіць з-пад ног героя. Музыка Фаўстаса Латэнаса працягвае гэтую повязь духоўных і нават царкоўных жанраў, узнёслага рамантызму і народна-абрадавых пластоў.

У антрэпрызным акцёрскім складзе з’ядналіся не проста артысты розных тэатраў, а менавіта аднадумцы, што прывяло да зладжанасці самога існавання на сцэне ўдзельнікаў пастаноўкі. Сярод іх, дарэчы, — не толькі моладзь, якую бывае лягчэй натхніць нечаканым праектам, але і такі, да прыкладу, мэтр-купалавец, як Сяргей Краўчанка, якому ўдаюцца мудрыя інтэлігенты сталага веку. Ледзь не кожны з артыстаў выступае ў некалькіх іпастасях. Каларытнай бабуляй паўстаюць непазнавальныя ў гэтай ролі Святлана Анікей і Зоя Белахвосцік. Раман Падаляка, здаецца, пераўзыходзіць самога сябе, дасягаючы ў маналогу Конрада вышэйшага эмацыйнага напалу — зусім не “пафасна-фальшывага”, а абсалютна шчырага і натуральнага.

Ды ўсё ж галоўным пытаннем застаецца не мастацкае начынне прэм’еры, якое не выклікае сумневу, а далейшы лёс спектакля. Як ён будзе пракатвацца? Не так проста сабраць разам не двух-трох, а больш за дзясятак зорных беларускіх атрыстаў, запатрабаваных у сваіх тэатрах ды яшчэ часцяком у кіно. Не надта спрошчвае сітуацыю і тое, што амаль кожны з іх, за выключэннем хіба Рамана Падалякі, займеў свайго дублёра. Ці знойдзе пастаноўка і надалей такую ж гарачую падтрымку, як на трох першых паказах? Публіка там была папраўдзе адмысловая: спрэс інтэлігенцыя, вядомыя літаратары і дзеячы культуры. А вось жанчыны бальзакаўскага ўзросту, даволі рэдкія на дадзенай прэм’еры (і вельмі частыя ў нашых тэатральна-канцэртных залах увогуле), пасля антракту “не вытрымалі”, бо ўжо і ў першай дзеі сумавалі, пазяхалі, выказвалі адна адной незадаволенасць. А ці будзе прыняты складаны, зусім не “антрэпрызны” па змесце, спектакль не толькі ў сталіцы, але і далёка за яе межамі, дзе падобнай публікі — большасць?

Хацелася б верыць, што будзе — пры правільна зладжанай рэкламе, скіраванай на пакаленне 20-ці — 40-гадовых “філосафаў”, патрыятычна выхаваных і, незалежна ад прафесіі, схільных да еўрапейскіх “авангардызмаў” ды канцэпцыйнага тэатра. Спектакль ужо зараз мае багаты “рэкламны пакет”: не толькі афішы ды надзвычай інфармацыйна змястоўныя праграмкі, дзе тэксты змешчаны на дзвюх мовах, але і магніты, футболкі з адпаведнай сімволікай. Павінна пастаноўка знайсці і сваю фестывальна-конкурсную нішу, быць паказанай у Літве, Польшчы ды іншых краінах. Але ўсё гэта — хіба мары ды меркаванні. Пакуль у планах — працяглыя летнія гастролі. Спектакль ужо выехаў у Херсон. Дачакаемся вынікаў? Хаця і зараз, пры цяперашніх трох паказах у сталіцы, усім зразумела, што дадзены спектакль — моцны выклік тэатральнай замшэласці, штуршок далейшаму памкненню да нацыянальных праектаў, збалансаваных па змесце і мастацкай выразнасці.

На здымках: сцэны са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"