Хопіць усім!

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

З 25 па 28 ліпеня ў вёсцы Грудзічына Быхаўскага раёна, што на Магілёўшчыне, пройдзе IV Міжнароднае музычна-спартыўнае свята “Вялікая бард-рыбалка”.

Леташні фестываль наведалі каля 1,5 тысячы чалавек, і, магчыма, сёлета гэтая лічба будзе перасягнута ўдвая. Арганізатары свята падкрэсліваюць, што без сімбіёзу грамадскасці ды ўлады фэст не здолеў бы развівацца такімі тэмпамі.

Па словах старшыні Быхаўскага райвыканкама, сустаршыні аргкамітэта свята Дзмітрыя Калеева, Быхаўскі раён сёння з’яўляецца лідарам аграэкатурызму вобласці: кожны год тут рэгіструюцца новыя аграсядзібы. Вядома, што гэтаму спрыяе і ўдалае становішча, і багатыя рэсурсы: праз тэрыторыю Быхаўшчыны праходіць Днепр, акрамя таго, побач знаходзіцца Чыгірынскае вадасховішча. І, па перакананні спікера, такія мерапрыемствы спрыяюць развіццю аграэкатурызму.

Аснову праграмы “Вялікай бард-рыбалкі” складуць конкурс аўтарскай песні, рыбалоўны турнір, Трэці Адкрыты чэмпіянат Беларусі па прыгатаванні юшкі “Чыгірынская юшачка!”, а таксама канцэрты аўтарскай песні, інструментальнай музыкі ды класічнай гітары.

Папярэднічае святу Маладзёжная бард-акадэмія ў фармаце профільнага палатачнага летніка. Некалькі дзён з маладымі людзьмі будуць займацца прафесійныя музыканты і вядомыя аўтары-выканаўцы, а пад час бард-рыбалкі мае дзейнічаць пляцоўка для дзяцей. Запланавана таксама і шоу-праграма “Жанчыны на рыбалцы”.

У фармаце “Кірмашу здароўя” ўпершыню адбудзецца лазневае свята “Лазенькі-2013”. Спартыўную ж праграму свята дапоўніць Першы Адкрыты турнір па пляжным валейболе. А галоўнай забаўляльнай падзеяй мерапрыемства стане канцэрт беларускіх і замежных гітарыстаў “І не толькі джаз…”.

Адметнай рысай фэсту станецца прыгатаванне самай вялікай юшкі на свеце. Спецыяльна для стравы рыхтуецца амаль што тона рыбы, а для рэгістрацыі рэкорду арганізатары запрасілі прадстаўніка Кнігі рэкордаў Гінэса!..

Алена МАЧУЛЬСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ