Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Для вас адкрыты сотні дарог"

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

"Кожны з вас — гэта непаўторная яскравая асоба. Смела ідзіце да пастаўленай мэты, дасягайце таго, што вы задумалі, упартай працай і памятайце аб маральнай адказнасці таленту перад людзьмі. Як сказаў вялікі фізік Альберт Эйнштэйн, няхай ідэаламі, якія асвятляюць ваш шлях, стануць Дабро, Прыгажосць і Ісціна", — такімі словамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вітаў маладыя таленты на традыцыйнай сустрэчы з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі, таленавітай моладдзю. Сёлета яна прайшла ў Палацы Рэспублікі 21 мая.

Прэзідэнт падкрэсліў у сваёй прамове, што аднаўленне краіны на аснове будавання эканомікі ведаў, мадэрнізацыі вытворчасці, інфарматызацыі ўсіх сфер жыцця ён не бачыць без удзелу творча актыўных людзей. Кіраўнік дзяржавы ўхваліў перамогі маладых талентаў, якіх яны дасягнулі ў мінулым годзе: гэта больш за паўсотні медалёў, што прывезлі школьнікі ды студэнты з міжнародных алімпіяд, каля ста дыпломаў і прызоў, якія заваявалі маладыя выканаўцы на фестывалях ды конкурсах.

Яскравай падзеяй года стаў тэлепраект "Я пяю!", што дапамагае запаліць сваю зорку дзецям-інвалідам, сіротам, юным талентам з няпоўных і шматдзетных сем’яў. Таксама немагчыма абмінуць увагай удзел прадстаўніцы Беларусі Алены Ланской у конкурсе песні "Еўрабачанне".

/i/content/pi/cult/428/8845/2-1.jpeg

Нумар жа Алены Ланской у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна завяршаў канцэртную праграму стыпендыятаў спецыяльнага фонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы таленавітай моладзі.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў беларускую выканаўцу, адзначыўшы, што ейны нумар на конкурсе быў не горшы за выступленне пераможцы "Еўрабачання" — спявачкі Эміліі дэ Форэст з Даніі.

Напрыканцы сустрэчы — за кубачкам гарбаты — Прэзідэнт пажадаў усім поспехаў на экзаменах і добрага лета.

А Алена Ланская, на просьбу "К" даць маладым талентам параду, сказала: "Верце ў сваю мару! Шмат працуйце, успрымайце кожную ўзнагароду як дадатковы стымул, верце ў сябе! І, вядома ж, хачу пажадаць, каб і ў вас таксама верылі!.."

Гэтым жа днём у сталічнай Галерэі Міхаіла Савіцкага міністр культуры краіны Барыс Святлоў павіншаваў з высокімі дасягненнямі лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. На ўрачыстай сустрэчы прысутнічала старшыня спецыяльнага фонду Ніна Мазай, рэктары вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры, педагогі, якія зрабілі важкі ўклад у выхаванне моладзі.

Перад афіцыйнай часткай лаўрэаты азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай творчасці Міхаіла Савіцкага. У гэты час карэспандэнт "К" задаў рэктару Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілу Баразне пытанне наконт адмысловай палітыкі ў падтрымку маладога мастацтва.

/i/content/pi/cult/428/8845/2-2.jpeg

— Складнікі стратэгіі нашай установы сёння — гэта акцэнт на мабільнасць і на творчы чыннік, — ахвотна адказаў ён. — Першае, гэта калі і студэнты, і педагогі сталі актыўна ўдзельнічаць у міжнародных замежных акцыях ды мерапрыемствах, другое — менавіта важнасць дасягненняў у творчым плане. Дзякуючы адпаведным падыходам мы і бачым вынік: назіраецца тая ж дынаміка атрымання міжнародных узнагарод нашымі студэнтамі, іх запрашаюць да ўдзелу ў акцыях, фестывалях, выстаўках… Побач з захаваннем традыцый нашай акадэмічнай школы, канцэптуальнае мастацтва сёння таксама становіцца часткай мастацкага жыцця Акадэміі. Мы зрабілі сур’ёзныя высновы на прыкладзе ўдзелу ў Біенале і не збіраемся ад такіх акцый адмаўляцца.

Тым часам міністр культуры краіны Барыс Святлоў распачаў урачыстую частку мерапрыемства. Яго віншавальная прамова пачалася з цікавай метафары: адштурхнуўшыся ад візуальнага аблічча краін-удзельніц, створанага пад час апошняга конкурсу "Еўрабачання", ён "намаляваў" вобраз таленавітай моладзі як матылька, які праз беражлівае да яго стаўленне дзяржавы мае магчымасць "узляцець у неба".

— У мінулым годзе на падтрымку адоранай моладзі было скіравана больш чым 1,3 мільярда рублёў, — сказаў міністр культуры. — Сетка разнайстайных форумаў і фестываляў, развітая сістэма мастацкай адукацыі — 486 школ мастацтваў, — 21 сярэдняя спецыяльная ўстанова з адпаведнай спецыялізацыяй, 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы адпаведнага кірунку — усё гэта сведчыць пра тое, наколькі беражліва і сістэмна краіна ставіцца да падрыхтоўкі нашай таленавітай моладзі, — адзначыў ён, тым не менш, трымаючыся ў сваёй прамове "лірычнай лініі".

Старшыня спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Ніна Мазай, павіншаваўшы лаўрэатаў, звярнула ўвагу на ўклад настаўнікаў і бацькоў у іхнія перамогі.

— Хочу пажадаць вам развівацца далей, раўняючыся на вашых педагогаў, — падкрэсліла яна, — каб у кожнага з вас быў падобны знак творчай годнасці, як у такіх слынных настаўнікаў і творцаў, як Людміла Колас, Барыс Герлаван, Эдуард Кучынскі…

Кульмінацыя сустрэчы — уручэнне пасведчанняў, нагрудных знакаў лаўрэатаў Фонду і памятных падарункаў — прайшла ў нязмушанай атмасферы. Ад імя таленавітай моладзі падарунак міністру культуры — уласную карціну — уручыла студэнтка БДАМ, уладальніца залатога медаля VII Адкрытых Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД Кацярына Шымановіч.

Пытаюся ў дзяўчыны наконт яе інтарэсаў у вучобе:

— Да паступлення ў Акадэмію мастацтваў я вывучала жывапіс у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка,  — адказвае яна, — але сёння вучуся на сцэнографа. Нават не чакала, што так захаплюся прафесіяй. Лічу, гэта — дзякуючы нашаму кіраўніку курса Барысу Федасеевічу Герлавану, які ўмее захапіць сваёй справай. Вядома ж, мне хочацца знайсці ўласную мастацкую мову, але пакуль яшчэ належыць назапасіць ведаў…

Мой чарговы суразмоўца — студэнт Акадэміі музыкі, уладальнік І прэміі Міжнароднага конкурсу маладых оперных спевакоў імя С.Манюшкі Анатоль Сіўко, які толькі нядаўна вярнуўся з Варшавы, распавядае пра свае мэты больш адкрыта.

— Як я заўважыў на апошнім конкурсе, опернае мастацтва сёння маладзее, — дзеліцца ён сваімі назіраннямі, — і оперны выканаўца мусіць быць не проста спеваком, а — паўнавартасным артыстам. Важна ўсё: не толькі голас, але і знешнасць, артыстызм. Да таго як захапіцца оперным мастацтвам, я спяваў у рок-гурце, аб чым зусім не шкадую. Але зараз паглыбляюся ў прастору оперы з вялікім задавальненнем. Мяне акурат і прываблівае ў ёй пэўная ўніверсальнасць артыста...

Па словах лаўрэата І прэміі ХІV Міжнароднага конкурсу імя М.Юдзінай, магістранткі Акадэміі музыкі Марыны Някрасавай, поспех за мяжой не засланяе прызнання на радзіме.

— Для мяне вельмі пачэсна пачуваць сябе лаўрэатам Спецыяльнага фонду, — кажа яна. — Вядома, я займаюся музыкай не дзеля ўзнагарод, аднак ацэнка працы — гэта вельмі важна, бо за знешняй лёгкасцю (камусьці падаецца, што музыка — справа лёгкая) — гадзіны каласальнай працы, бяссонныя ночы… Таму прызнанне нашых заслуг на такім высокім узроўні, без сумневу, — каштоўны стымул для далейшага самаўдасканалення…

На здымках: Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў паветраных гімнастаў Цэнтра цыркавога мастацтва "Арэна" з Мазыра Станіслава Плотнікава і Стэфанію Турмовіч Гранд-прэміяй і званнямі лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай моладзі; удзельнікі сустрэчы ў Галерэі Савіцкага.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА, і Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"