Брэсцкая “Пякарня...”: крэндзелі не прадугледжаны

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Мыш-маш: мы да вас ці вы да нас?

Брэсцкі тэатр лялек, які за спектакль “Месяц Сальеры” днямі стаў уладальнікам Гран-пры Міжнароднага фестывалю “Лялькі над Нёманам”, прывёз у сталіцу сваю леташнюю прэм’еру — сумесную беларуска-славенскую пастаноўку “Пякарня Мыш-Маша”. Гэтай не зусім звычайнай казкай славенскай пісьменніцы Святланы Макаравіч, увасобленай славенскім рэжысёрам Робертам Валтлам, завяршалася Творчая лабараторыя тэатраў лялек Беларусі, што цягам усяго сезона знаёміла нас з творчасцю майстроў Віцебска, Гродна, Гомеля, Магілёва, Маладзечна і ўласна сталіцы.

/i/content/pi/cult/428/8838/7-1.gif

Які ж “крэндзель з прысмакамі” выпеклі брэстчане? Найперш — нечаканы. Бо само па сабе знаёмства са славенскай дзіцячай літаратурай, у нас практычна не вядомай, — ужо відавочны “плюс” спектакля. Гэтая казка цікавая і для дзяцей, і для дарослых. Хтосьці ўбачыць у ёй аповед пра сакрэт, які нельга выдаваць. Хтосьці — нязмушаную “энцыклапедыю” хлебабулачнай вытворчасці (ну не растуць жа батоны на дрэве!). Прадпрымальнікі без цяжкасці спраецыруюць гісторыю на сучасныя рэаліі з канкурэнтамі. Дадатковыя матывы дае адкрыты фінал. Песімісты “прачытаюць” у ім трагічны зыход, аптымісты адразу прыдумаюць выйсце, а дзіцячая фантазія без цяжкасці намалюе далейшыя прыгоды Мыш-Маша і яго чароўных мышак — на новым месцы. Самыя ж крэатыўныя задумаюцца: чаму б не адкрыць “Пякарню Мыш-Маша” ў тым жа тэатральным буфеце? Сапраўды, невялічкі антракт (пакуль больш як 50-хвілінны спектакль ідзе без перапынку), у фае ўказальнікі са стрэлачкамі, што вядуць да “пякарні”, дзе можна набыць прысмакі і пачаставацца імі. Якія бацькі будуць супраць, каб іх дзіця атрымала пончык-пернік з рук лялечнага героя? Спектакль можна “дапаўняць” і “майстар-класамі” з тымі ж гномікамі-мышанятамі. Можна нават конкурс праводзіць: хто вылепіць самы прыгожы выраб?

Пакуль інтэрактыву ў спектаклі няма: трэба спадзявацца, усяго толькі з-за не самых спрыяльных умоў з прычыны рамонту, у якіх знаходзіцца Брэсцкі тэатр. Але ж разнастайныя “цуды” так і просяцца калі не ў фае, дык хаця б на сцэну! Пэўна, некаторыя фрагменты можна было вырашыць з большымі прыдумкамі. Тым больш, што некаторыя з іх ужо заяўлены, дастаткова было хіба развіць. Плённа выкарыстоўваючы менавіта лялькі (а мы ўжо часам пачалі адвыкаць ад спектакляў без “жывых артыстаў”, якія могуць уводзіць у цень сваіх лялечных “калег”), рэжысёр прымушае іх шмат лунаць у паветры: то ў Ярыны з’яўляюцца амаль балетныя па, то бойка вырашаецца з дапамогай рапіда, які дэманструе прыёмы кітайскіх адзінаборстваў. Падобныя пластычныя ідэі маглі б ужывацца больш часта і разнастайна. На жаль, другая палова спектакля амаль цалкам пераведзена ў фармат “гаворачых галоў”, часам у прамым сэнсе слова, бо асаблівасці “псіхалогіі натоўпу” перадаюцца праз з’яўленне масак.

/i/content/pi/cult/428/8838/7-2.jpeg

Зразумела, гасцям было цяжка дасягнуць на чужой сцэне неабходнага асвятлення (дый большая частка дзеі адбываецца ўначы), але ўдзячныя гледачы змаглі ацаніць цікавую работу мастака Аляксандра Грыгор’ева. Праўда, каціны хвост, становячыся ў адной са сцэн “самастойнай” “дзеючай асобай”, надта нагадвае ўдава. Але дзеці хутка разбіраюцца, у чым справа, і ўспрымаюць гэты ход дадатковай гульнёй. У спектаклі шмат музыкі, прыдуманай Анатолем Мядзведзевым, вакальныя нумары чаргуюцца з інструментальнымі фанаграмамі. Некаторыя песенькі, дарэчы, можна было б і паўтарыць, нават разам з маленькімі гледачамі, што таксама дадало б спектаклю інтэрактыву. Але і ў цяперашнім выглядзе казка выклікае самую непасрэдную рэакцыю: раз-пораз у зале чуваць дзіцячы смех. Успрыняцце можа быць яшчэ больш глыбокім, калі тэатр удакладніць і стылёва адрэдагуе пераклад, як параіў ініцыятар Творчай лабараторыі, рэжысёр Аляксей Ляляўскі, які ўзначальвае Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

Абмеркаванне пасля прагляду вылілася яшчэ і ў падвядзенне вынікаў працы лабараторыі. Агульнай была думка аб неабходнасці працягваць справу. Брэстчане, да прыкладу, настойвалі на тым, каб не абласныя тэатры ездзілі ў сталіцу “ў госці”, а дэлегацыі крытыкаў наведвалі б калектывы: маўляў, на стацыянарнай сцэне больш шанцаў данесці да гледачоў усё задуманае. Безумоўна, да ўдзелу ў Лабараторыі трэба як мага больш шырока падключаць не толькі крытыкаў, але і саміх творцаў, якія павінны знаёміцца з работамі сваіх калег. Дапамогу магло б аказаць і Міністэрства культуры, бо любыя абменныя працэсы заўсёды на карысць развіццю мастацтва. А такі сумесны праект, як “Пякарня Мыш-Маша”, вучыць яшчэ і больш цесным стасункам з замежжам, прычым не толькі з суседнімі краінамі, сувязі з якімі больш распаўсюджаны. Дадзены спектакль, між іншым, стаўся часткай Міжнароднага еўрапейскага праекта “Лялечная вандроўная акадэмія-2”, які фінансуецца Еўрапейскім камітэтам у рамках праграмы “Культура: 2007 — 2013”. І ўжо сам факт такога супрацоўніцтва — чым не прыклад для пераймання?

На здымках: сцэны са спектакля.

Фота з афіцыйнага сайта тэатра

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"