Рэпетыцыя он-лайн

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Напрыканцы 2012 года Ваўкавыскі райметадцэнтр правёў для клубных работнікаў семінар па выкарыстанні магчымасцей сучасных тэхналогій у культурна-дасугавай дзейнасці. Удзельнікі атрымалі шмат новых карысных прапаноў, метадычна-практычных рэкамендацый, ацанілі досвед актыўных сеціўных карыстальнікаў. Некалькі слоў пра некаторыя з іх.

/i/content/pi/cult/428/8833/13-1.jpeg

1. Сацыяльныя сеткі

Сацыяльныя сеткі можна смела задзейнічаць на карысць культурна-асветніцкай дзейнасці, што і робяць нашы клубныя работнікі. Пра старонку “Плёбы” Плябанаўскага ЦДК, якую адміністрыруе дырэктар гэтай установы, “Культура” ўжо распавядала. Аналагічныя старонкі па інтарэсах стварылі аматары мастацкай творчасці СШ № 4 Ваўкавыска, а таксама наведвальнікі вярэйкаўскай дыскатэкі. А вось на сайце liveinternet.ru рэжысёр Заслужанага аматарскага калектыву “Тэатр “Славуціч” Вячаслаў Макуць знайшоў новы, свой асабісты, падыход да творчага ўзаемапрасякнення паэзіі і фотамастацтва. Сваімі вершамі ён нібыта ажыўляе здымкі, калажы, надае візуальнаму шэрагу аўтарскае гучанне. На здымкі і фотакалажы з вершамі ад Слаўкі Ядзіна (псеўданім Вячаслава Макуця ў Сеціве) можна глядзець бясконца…

2. Сайты калектываў

Многія народныя калектывы яшчэ толькі задумваюцца пра стварэнне асабістых сайтаў, а вось ваўкавыскія — народны ансамбль музыкі і песні “Уладары” Ваўкавыскага РДК ды ўзорны тэатр моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі — ужо не толькі іх стварылі, але і перыядычна абнаўляюць ды насычаюць новымі інфармацыйнымі, фота- і відэаматэрыяламі, актыўна вядуць віртуальныя зносіны з прыхільнікамі творчасці.

3. Віртуальныя гульні

Ужо чатырнаццаць разоў у Ваўкавыску праводзіўся “Кубак Волака і Вісека” для інтэлектуальных каманд раённых цэнтраў і малых гарадоў нашай краіны. Галоўная гульня любога інтэлектуальнага турніру — гэта “Што? Дзе? Калі?”. І для таго, каб у ваўкавыскім турніры ўзялі ўдзел іншыя (да 250 тысяч насельніцтва) гарады свету, жыхары горада вырашылі выкарыстоўваць Інтэрнэт. Цягам вось ужо амаль дзесяці гадоў куратар нашага турніру Леанід Клімовіч высылае інтэлектуальным камандам (не менш як шасці краін) пытанні, віртуальныя адказы на якія даюцца сінхронна з адказамі рэальных удзельнікаў нашага турніру. Пасля падсумоўвання вынікаў пераможцу накіроўваюцца дыплом і віншаванні…

Чатыры гады запар Ваўкавыскі народны клуб інтэлектуальных гульняў “Высокі Волак” праводзіць трохэтапны асінхронны (не ў той жа дзень, а цягам вызначанага пэўнага часавага прамежку) турнір для ўсіх ахвотных каманд Гродзенскай вобласці. Такім чынам, у сакавіку, красавіку і маі супернічае да 45 дарослых (!) каманд з Астраўца, Ашмян, Смаргоні, Ліды, Свіслачы, Гродна і, канешне ж, Ваўкавыска. Кіраўнікам гульнёвых пляцовак высылаюцца на электронную скрыню аднолькавыя пытанні. Потым вынікі апрацоўваюцца, выяўляецца пераможца. У мінулым годзе гэта была лідская “Гербера”, а сёлета “барацьба” — яшчэ ў самым разгары.

4. “Электронны” канферанс

Адна з праблем малых населеных пунктаў — невялікая колькасць якасных вядучых, канферансье. Каб разнастаіць раённыя святочныя і канцэртныя праграмы новымі цікавымі абліччамі, мы пачалі запрашаць маладых спецыялістаў, новых таленавітых чытачоў і аматараў канферансу з… розных устаноў культуры раёна. І Інтэрнэт тут дапамагае: вядучаму высылаецца “па электронцы” сцэнарый (каб ён ці яна, іншым разам з цяжкасцямі, не дабіраліся да раённага цэнтра), удакладняюцца такім жа чынам акцэнты і праводзяцца віртуальныя — скайпавыя — рэпетыцыі, перамовы. Зразумела, што абраны вядучы — не “кот у торбе”, а правераны творца.

5. Прагуглім?

Вялікай папулярнасцю карыстаецца ў нас і электронная пошта: шмат інфармацыі прыходзіць нам, шмат неабходна накіроўваць у самыя розныя інстанцыі, установы. Сабраць такую інфармацыю хутка, дакладна і адправіць таксама без перашкод дапамагае Інтэрнэт. Як, зрэшты, і набываць новую інфармацыю па самых розных кірунках культурна-дасугавай дзейнасці. Хацелася б, каб і сайты райвыканкамаў былі больш дакладнымі і “свежымі”, асабліва па лініі культурных запатрабаванняў, зваротных зносін з карыстальнікамі нашых паслуг. А то, бывае, красуецца інфармацыя… 2006 года, а на двары ж — 2013-ы!

Галіна ЧАРАПОК, дырэктар Ваўкавыскага РМЦНТ