Інтэрпрэтацыя і яе мадэлі

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

“К” паведамляла ўжо пра “круглы стол” “Мастацкая спадчына савецкай эпохі і сучасны музей”, абяцаючы вярнуцца да гэтай важнай тэмы. Выконваем абяцанне, “нагадаўшы”, што газета “Культура” неаднойчы развівала названы кірунак у фармаце як праблемных артыкулаў, так і “круглых сталоў”.

Параўнаўшы дзень сённяшні з першай паловай 1990-х, калі па ўсёй постсавецкай прасторы пракацілася хваля разбурэння манументаў, якія сімвалізавалі камуністычную ідэалогію і савецкі лад, перайменавання вуліц ды гарадоў, “ператрусу” музейных экспазіцый і перапісвання падручнікаў гісторыі, можна канстатаваць, што эмоцыі змяніліся развагамі. Паўсюль. У Расіі, Украіне, Балтыі… — інакш, кажучы, на ўсёй прасторы колішняй “адной шостай”. У Беларусі ж ад пачатку адсутнічаў экстрэмісцкі падыход да савецкай культурнай спадчыны. Прыкладам, сталічная плошча Леніна стала плошчай Незалежнасці, і на ёй з’явіліся знакі беларускай тоеснасці (гістарычныя гербы беларускіх гарадоў, скульптурныя выявы “нацыянальных” птушак — буслоў), але і помнік Леніну па-ранейшаму стаіць перад Домам Урада.

Таццяна Бембель, загадчык філіяла Музея гісторыі горада Мінска — Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва, якая была мадэратарам на пасяджэннях “круглага стала”, якраз і адзначала такую беларускую асаблівасць працэсу пераасэнсавання гістарычнай спадчыны, як імкненне не ствараць штучны канфлікт мінуўшчыны і сучаснасці; пры вырашэнні праблем аддаваць перавагу не рэвалюцыйнай методыцы, а эвалюцыйнаму шляху. Ёсць пэўная сімволіка ў тым, што пасяджэнні “круглага стала” праходзілі ў канферэнц-зале Галерэі Міхаіла Савіцкага, мастака, які ўвасабляе сваёй творчасцю рэалістычную традыцыю і адначасова — адаптаваны да беларускіх рэалій досвед сусветнага мастацтва ХХ стагоддзя.

Падзел — штучны?

У мяне склалася ўражанне, што ідэя натуральнай пераемнасці культурных эпох, якая рэалізуецца цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі, знаходзіць паразуменне найперш у Расіі, у такіх буйных культурных цэнтрах, як Масква і Санкт-Пецярбург. Прынамсі, у людзей, якія прадстаўляюць музейную супольнасць. Зрэшты, музейшчыкі — увогуле, людзі, схільныя да прагматычнага кансерватызму экспазіцый і фондаў.

У прыватнасці, Тамара Кружкова, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, без натхнення апавядала пра тое, што, паводле сённяшняй канцэпцыі гісторыі рускага мастацтва ХХ стагоддзя, савецкую эпоху штучна падзялілі роўна па сярэдзіне стагоддзя — па 1950-м годзе. Маўляў, да 1949-га эпоха ў мастацтве была адна, а потым адразу пачалася іншая. Гэтай канцэпцыяй мусяць, аднак, кіравацца музейшчыкі пры фарміраванні фондаў і стварэнні экспазіцый. У выніку “рэзаць па жывому” даводзіцца творчасць шэрагу знакавых постацей савецкага мастацтва. А ў экспазіцыйнай прасторы, якую раней займалі творы мэтраў апошняга, цяпер пануюць “нонканфармісты”, што да “перабудовачных” 80-х сядзелі ў “андэграўндзе”, а сёння ў якасці брэнда ўвасабляюць новую расійскую рэчаіснасць.

Другі па велічыні — без музея

Юлія Дземідзенка, намеснік дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга, згадала парадаксальныя факты. Па-першае, у Пецярбургу  — 250 музеяў, але няма такога, экспазіцыя якога давала б уяўленне пра ХХ стагоддзе і канкрэтна — пра ягоны культурны чыннік. І па-другое: гэта гучыць дзіўна, але да нядаўняга часу самы значны пасля Масквы горад Расіі не меў музея… гісторыі горада. Існаваў Музей горада як глабальнай з’явы, так бы мовіць, горада ўвогуле. Былі экспазіцыі, прысвечаныя сацыялістычнай рэканструкцыі Ленінграда і асобным падзеям яго гісторыі. А вось такога, каб адлюстроўваў панараму трох стагоддзяў Пецярбурга-Петраграда-Ленінграда-ізноў Пецярбурга, не існавала… Цяпер жа як установа ён існуе, але паўнавартаснага канцэптуальнага напаўнення пакуль не мае. Яно фарміруецца. Спадарыня Дземідзенка мяркуе, што ў такім музеі трэба аб’ектыўна распавесці, сярод іншага, і пра савецкую эпоху ва ўсёй яе супярэчлівасці. А ў кантэксце савецкай эпохі — аб’ектыўна пра сацрэалізм.

ХХ стагоддзе ў 12 сегментах

Людміла Лысенка, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва Нацыянальнай акадэміі выяўленчага мастацтва і архітэктуры Украіны, распавяла пра маштабны праект “Мастацтва Украіны ХХ стагоддзя”. Ён складаецца з 12 тэматычных сегментаў, за якія адказваюць, адпаведна, 12 куратараў. Гэта панарамны агляд усіх напрамкаў і з’яў, што больш-менш трывала прараслі ў мінулым стагоддзі на культурным полі нашай паўднёвай суседкі. Сама спадарыня Лысенка непасрэдна займалася вялікай рэтраспектыўнай выстаўкай скульптуры. Хоць у справу і былі ўкладзены дзяржаўныя грошы, без самаадданай працы валанцёраў ажыццявіць праект усё адно не атрымалася б…

Цікавым і ў чымсьці вартым пераймання з’яўляецца досвед інтэрпрэтацыі спадчыны савецкай эпохі ва ўмовах новай гістарычнай парадыгмы, выкладзены ў выступленні Алесі Аўраменка, заслужанага дзеяча мастацтваў Украіны, спецыяліста па праблемах сучаснага мастацтва. Праўда, мне падалося, што яна перабольшвае ўплыў агрэсіўнага соцыуму на творчы лёс мастака. Калі-нікалі драматычныя і нават трагічныя аспекты творчасці той або іншай асобы абумоўлены не вонкавымі прычынамі, не сацыяльнай рэчаіснасцю, а самой прыродай мастакоўскай працы, падсвядомай сарыентаванасцю творцы на канфлікт з асяроддзем і часам.

Цікава, што ў Санкт-Пецярбургу рэалізуецца і мае шырокі розгалас праект “MANUMENTALITA & MОDERNITA”, які трактуецца як сучасны фармат гісторыка-культурнага даследавання “таталітарнай” эпохі. Куратар праекта — Ірына Бембель.

Яшчэ адзін штрых

Інга Пурвінскене, прадстаўнік Літоўскага музея тэатра, музыкі і кіно, праілюстравала сваё выступленне паказам на экране калекцыі кінаплакатаў літоўскіх мастакоў савецкага часу. З пачутага і пабачанага можна было зрабіць выснову, што цалкам адмежавацца ад савецкай эпохі сённяшняй Літве не надта атрымліваецца. Што ні кажы, якія ні прыцягвай трактоўкі, а многае з таго, чым ганарыцца гэтая краіна ў галіне культуры, было створана ў той час і, адпаведна, адлюстроўвае савецкую рэчаіснасць.

Падсумоўваючы свае нататкі з “круглага стала”, мушу зрабіць уласную выснову. Праблему стаўлення да савецкай спадчыны ўвогуле і яе культурнага сегмента ў прыватнасці наўрад ці здолеюць вырашыць людзі, якія нарадзіліся і сфарміраваліся як асобы ў савецкі час. У іхняй свядомасці могуць дамінаваць жыццёвы прагматызм ды ўсведамленне каштоўнасці нацыянальнага суверэнітэту, але знойдзецца месца і настальгічным пачуццям. Бо там, у савецкім часе, засталася пазачасавая каштоўнасць — іх маладосць. Каштоўнасць жа сумоўя, пра якое ідзе гаворка, у тым, што яго ўдзельнікі не рабілі выгляду, нібыта праблемы той самай інтэрпрэтацыі і трактоўкі — няма. А вырашэнне праблемы, як вядома, пачынаецца з яе пастаноўкі…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"