Пранесці намётку

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Глыбоччына: нечаканы ракурс традыцыі

Здаецца, што мы ведаем пра беларусаў амаль усё, але наша нацыянальная культура працягвае адкрываць даследчыкам свае таямніцы. Так адбылося і з абрадам вёскі Папшычы Глыбоцкага раёна. Гэты абрад, як аказалася, з’яўляецца адной з нешматлікіх праяў традыцыйных архаічных практык.'

/i/content/pi/cult/428/8830/12-3.jpeg

Штогод у Папшычах на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў (па календары каталіцкай канфесіі) мясцовыя жыхары “носяць намётку”. Вяскоўцы збіраюцца ля прыдарожнага крыжа, пасля непрацяглых спеваў разгортваюць белае палатно — “намётку”. На яго кладуць грашовыя ахвяраванні, затым урачыстая працэсія са спевам накіроўваецца да могілкавай капліцы, дзе адбываецца святая імша. Цікава, што права несці намётку маюць толькі дзеці. Папшычане вераць у моц намёткі, у тое, што яна засцерагае вёску ад хваробаў і бед.

У памяці людзей захавалася паданне аб узнікненні гэтага абраду, якое мы пачулі ад Марыі Францаўны Кушнярэвіч, 1941 г. н.: “…Нашто носяць, гэтак нашыя бацькі казалі. Ну, гэта яшчэ не знаю, да вайны, ці гэта… Страшная хвароба была — халера. Усіх людзей сплош радам. Ну, што рабіць? Ужо тут блізка і гэта… Сабралася вёска. За ноч выткалі палатно. Ну, якое там што ў каго было, зняслі там і выткалі. І што рабіць? Ля вёскі была дарога вакруг даўней, круга вёскі хадзілі. Ну, сабраліся ўсе і пашлі гэтай [дарогай]. І ружанец і мадлітвы і пашлі круга вёскі ўжо прасіць Бога, каб абараніў ад гэтай халеры. І праз нескалька, ну, і цішына. Ніякія ўжо [не ўміралі]. У Зялезьках уміралі, там радам гэтыя. Уміралі, уміралі. Тады некаму тут са старых саснілася, гэта, хвароба. Кажыць: “Чаго ты прычапілася?!” (Ну, дзе ўміралі.) Ідзі ў Папшычы! (Што тут ніхто не ўміраіць). Кажыць: “Не пайду. Там рыжы сабака круга вёскі лётаіць”. Ну, і ніхто не памёр”.

Сёлета абрад у Папшычах праходзіў 19 мая. Для яго вывучэння і фіксацыі былі запрошаны прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук і Інстытута культуры Беларусі.

 

/i/content/pi/cult/428/8830/12-4.jpeg

Спадзяёмся, што агульнымі намаганнямі абрад будзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ўзяты пад ахову дзяржавы.

Дзяніс ФІЛІПЧЫК

На здымках: эпізоды абраду "Намёткі".

Фота Таццяны МАРМЫШ