“Нашаму роду няма пераводу”

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў не стаў знаёміць карэспандэнта “К” са здабыткамі сваёй галіны на словах. Замест гэтага ён падаў мне кампакт-дыск з электронным каталогам “Культура Лідчыны. Традыцыя і сучаснасць”: маўляў, глядзіце і рабіце высновы. Назва гэтага прадукту — дарэчы, першага на Гродзеншчыне, а мо і наогул на Беларусі, — даволі красамоўная і зусім негаласлоўная. Сапраўды, у спрадвечнай сваёй місіі — прапагандзе традыцыйных каштоўнасцей — работнікі культуры Лідчыны часта выкарыстоўваюць сучасныя (або проста інавацыйныя) тэхналогіі. Не забываючы пры гэтым, што “ноў-хаў” могуць глыбока ўкараняцца ў мінуўшчыну

Каб здабыткі не былі забыты

Відавочнымі вартасцямі электроннага каталогу стала яго інфарматыўнасць і візуальнае вырашэнне. Дыск лаканічна, але досыць поўна знаёміць з культурай краю — ад статыстычных дадзеных да ўзнёслых памкненняў. “Пагартаўшы” каталог на экране камп’ютэра, можна лёгка даведацца, што са 175 клубных фармаванняў Лідчыны 39 маюць статус народных або ўзорных, а даход ад пазабюджэтнай дзейнасці ў сферы культуры летась перавысіў 400 млн. руб. Убачыць самыя яскравыя кадры традыцыйнага ўжо конкурсу “Міс Лідчына”, даведацца пра фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Крышталёвы боцік”, агляд канцэртных праграм усяго раёна “Лідскае падвор’е”, экалагічны фестываль “Песні над Нёманам” і эстрадны “Зорны дождж”. А таксама і пра іншыя імпрэзы, стылістычны спектр якіх вар’іруецца ад форуму блізнятаў “Я+я” да брэйкдансавых фэстаў і “Рок-навальніцы”.
Што да прывабнасці для вока, дык яе стварае багаты ілюстрацыйны матэрыял — і карты-схемы, і фотаздымкі, у большасці з якіх адчуваецца рука сапраўднага майстра, вядомага лідскага фатографа Ігара Пашахонава. Праўда, дыск — гэта ўсяго толькі электронная версія каталогу, выдадзенага не так даўно звыклым паліграфічным спосабам. Але і ў такім выглядзе яго з’яўленне, канешне ж, мэтазгоднае. Бо перад тым самым звыклым каталогам дыск мае прынамсі дзве перавагі: распаўсюджваць інфармацыю на электронных носьбітах і танней, і прасцей.
Ды, зрэшты, Рым жа не адразу будаваўся. Таму і сапраўдныя мультымедыйныя каталогі з прывабным інтэрфэйсам, якія б дазвалялі не толькі пачытаць пра той ці іншы фестываль або народны ансамбль, але і пачуць спевы ці ўбачыць відэазапіс канцэртаў, трэба спадзявацца, з цягам часу з’явяцца. Бо на Гродзеншчыне перакананыя: такіх праектаў вымагае сучаснасць.
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-1.jpg
Аляксандр Лойка: “Такі кампакт-дыскпавінен быць створаны ў кожным раёне”.
Аб гэтым сведчыць хоць бы выступленне начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Лойкі на пасяджэнні выязной калегіі, з якім супала наведванне Лідчыны карэспандэнтам “К”. Аляксандр Часлававіч не толькі заклікаў калег Уладзіміра Самсонава пераймаць яго досвед, але і закрануў тэму, вельмі важную для ўсёй нашай культуры (і асабліва рэгіянальнай): фіксацыя сваіх здабыткаў. Каб пра яркія фестывалі, калектывы, праекты, якіх не бракуе цяпер ні на Гродзеншчыне, ні на ўсёй Беларусі, можна было не толькі расказаць гасцям альбо нашчадкам, але і паказаць. Што, пагадзіцеся, куды больш даходліва і пераканаўча.
Першы праект уласнай фільмавытворчасці лідскай культуры, які таксама патрапіў у папкі ўдзельнікаў калегіі — падвойны ДВД з фільмам пра сёлетні турнір “Меч Лідскага замка”, — сведчыць за тое, што даступнасць сучасных тэхналогій дазваляе “фіксаваць здабыткі” густоўна, надзейна і відочна.

Лідскі замак адкрывае рэзервы
Правядзенне калегіі стала для лідскай культуры добрай аказіяй “паказаць сябе” і ў больш паўнавартасным фармаце, чым электронны каталог. Госці з іншых мясцін Гродзеншчыны маглі паслухаць канцэрт лепшых калектываў Лідчыны, які адбыўся спецыяльна для іх у раённым Доме культуры, падзівіцца экзатычным дрэвам ля яго ганку і прыстойнай глядзельнай зале, убачыць выстаўку Дома рамёстваў і наладзіць сапраўдную фотасесію прыгажуням-мадэлям, што дэманстравалі арыгінальныя строі, створаныя ў яго сценах.
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-6.jpg
На “вяселлі Ягайлы”.
Натуральна, не абышлося і без наведвання замка.
Між іншым, гэты сімвал краю мае дачыненне да адной з тэм калегіі— тэмы, па-ранейшаму ці не самай “балючай” для многіх работнікаў культуры: платных паслуг. Балазе, год ужо набліжаецца да завяршэння, і пара “лічыць куранят”.
Паколькі планка штогод расце, “браць” яе становіцца ўсё цяжэй. Асабліва ў тых раёнах Гродзеншчыны, дзе значны рост аб’ёму платных паслуг адбыўся ўжо ў мінулыя гады і дзе тая самая планка паднялася надта высока.
Дзеля таго, каб выканаць план, А.Лойка заклікаў удзельнікаў калегіі шукаць скрытыя рэзервы, паабяцаўшы, што і сам выедзе з гэтай мэтай у “праблемныя” раёны. А гаспадары форуму прадэманстравалі досыць наглядны прыклад такога творчага пошуку. Прычым іх “майстар-клас” для калег ніхто не асмеліцца назваць занудлівым.
Што трэба, каб, уклаўшы ўсяго сто тысяч рублёў, за лічаныя месяцы зарабіць тры мільёны? Вядома, перш-наперш — вынаходлівасць. А па-другое — Лідскі замак. Адзін з найпапулярнейшых тураб’ектаў Беларусі яшчэ, вядома, не рэалізаваў увесь свой камерцыйны патэнцыял, але выконваць план платных паслуг ужо дапамагае.
Дырэктар Лідскага музея Ганна Драб сустрэла гасцей у старадаўняй вопратцы і амплуа ветлай гаспадыні— цяпер усе экскурсіі маюць лёгкі прысмак тэатралізаванага шоу, ад чаго грунтоўнасць расповедаў супрацоўнікаў музея, у тым ліку і слыннага краязнаўцы Валерыя Сліўкіна, вядома ж, не змяншаецца, а, бадай, павялічваецца.
А неўзабаве госці пабачылі і паўнакроўнае тэатралізаванае шоу, пабываўшы на шлюбнай бяседзе з Ягайлам і яго нявестай Соф’яй Гальшанскай. Рыцары з клуба “Дайнава” справіліся са сваёй задачай не горай за прафесійных акцёраў, адно што “жаніх” зусім не выглядаў на сямідзесяцігадовага дзядулю. Але гэта дробная “зачэпка”, калі ўлічыць, што ў цэлым міні-спектакль забівае адразу двух зайцоў: ён атрымаўся відовішчным, зусім не занудлівым і, да таго ж, пазнавальным з гістарычнага пункта гледжання.
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-4.jpg
Дырэктар Лідскага гісторыка-культурнага музея Ганна Драп вядзе экскурсію ў старажытным строі.

Другая праграма, якую з нядаўняга часу прапануе музей, прызначана не столькі для турыстаў, колькі для саміх лідчан — прычым і яна тычыцца сямейнай тэматыкі. Сярод лідскіх маладых ужо з’явілася завядзёнка завітваць у замак на пасляшлюбную фотасесію. У адной з яго вежаў для іх нават накрыты шыкоўны стол. І ў паўцемры не адразу ўбачыш, што апетытныя стравы — гэта ўсяго толькі рэквізіт.
Уласна, толькі ён і запатрабаваў выдаткаў пры стварэнні новага віду платных паслуг. Муляжы ненатуральна вялікіх рыбін ды іншых сярэднявечных дэлікатэсаў абышліся музею ўсяго ў нейкіх сто тысяч. А ствараць адмысловы рамантычны антураж не было патрэбы: ён ужо створаны амаль сем стагоддзяў таму.
За кошт развіцця экскурсійнай дзейнасці агульны аб’ём платных паслуг у музеі перавысіў леташні высокі паказчык у 25 млн. рублёў. Раней такія сумы для гэтай установы былі завоблачнымі. І трэба меркаваць, што неўзабаве, калі музей будзе працаваць не толькі ў замку і на выездах, але і ў сябе “дома” (які пакуль чакае рамонту), даходы яшчэ ўзрастуць. Тым болей, як запэўніў У.Самсонаў, першыя дзве выставачныя залы адчыняць свае дзверы для турыстаў у самым хуткім часе.
Дарэчы, па словах У.Самсонава можна меркаваць, што менавіта работнікі культуры робяць не абы-які ўнёсак у развіццё турызму на Лідчыне. Вось і налета мае быць адкрыты новы маршрут — у Дворышча. Вежу на маляўнічым схіле, што засталася ад колішняй сядзібы, плануецца выкарыстоўваць у якасці турыстычнага аб’екту.
Яркія колеры ў шэрую непагадзь
Яшчэ адна тэма калегіі— энергазберажэнне і гатоўнасць да зімы, — была праілюстраваная на практыцы падчас наведвання яе ўдзельнікамі цэнтральнага Дома культуры аграгарадка “Дзітва”. Калісьці ў яго глядзельнай зале было вялізнае вакно, немаведама дзеля чаго задуманае архітэктарам — хіба для “вентыляцыі”. Не так даўно яго заклалі цэглай. Дробязь, здавалася б, але…
— Але ў справе беражлівасці і такія дробязі адыгрываюць сваю ролю, — адзначыў з гэтай нагоды А.Лойка. — Асабліва калі яны ўключаны ў сістэмную працу, якая сур’ёзна вядзецца намі ў вобласці. Пры гэтым мы ставім не толькі задачу выканаць план у 12,5% эканоміі— хаця, мяркую, сёлета ў нас з гэтым праблем не будзе. Самае галоўнае, каб эканомія адбывалася не за кошт здароўя работнікаў і наведвальнікаў устаноў культуры. Бо ў прахалоднай бібліятэцы не правядзеш цёплы вечар.
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-3.jpg
Дырэктар Дзітвянскага ЦДК Рэгіна Снітко.
У Дзітвянскай бібліятэцы, па ўсім відаць, такіх праблем няма. Як і ў ДК, з якім яна дзеліць адзін будынак. Прыязнай атмасферы там спрыяе не толькі тэмпература, але і інтэр’ер, вытрыманы ў яркіх колерах. Псіхолагі, мусіць, ухвалілі бы перамену аблічча гэтай установы культуры, якая летась спазнала капітальны рамонт. Калі трапляеш туды ў шэрую непагадзь, настрой уздымаецца адразу ж, з парогу.
Па словах дырэктара ЦДК Рэгіны Снітко, спорт і культура ў Дзітве шчыльна супрацоўнічаюць. І сярод 9 разнастайных клубных фармаванняў у гэтай установе ёсць і аб’яднанне “Здароўе плюс”. Яго пасяджэнні, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця пры дапамозе творчасці, адбываюцца як у сценах ДК, так і ў навакольных мясцінах.
Яшчэ адна адметнасць ЦДК — харэаграфічны ансамбль “Сузор’е”, які выступае не толькі ў родных сценах, але і паспяхова гастралюе па раёне. У яго рэпертуары ёсць танец, які нідзе больш нельга ўбачыць — запалянская кадрыля, названая ў гонар недалёкай адсюль вёскі Заполле. Адметна, што танчыць яе пераважна дзятва і моладзь, прызвычаеныя, здавалася б, зусім да іншых рытмаў.
— Цяперашняя моладзь мне падабаецца, — не згаджаецца са стэрэатыпамі мастацкі кіраўнік ансамбля “Сузор’е” Галіна Прымава, якая мае стаж працы ажно ў чвэрць стагоддзя. — Яна адукаваная, адказная. Так, былі часы, калі цікавасць да старадаўніх мясцовых танцаў амаль знікла, але ж цяпер нам гэта не пагражае.


Тэатр у кардоннай скрынцы

Казаць пра тое, што сельская бібліятэка ў Ваверцы стала Цэнтрам сямейнага адпачынку толькі сёлета, не зусім дакладна. Так, сваё юрыдычнае існаванне гэтая ўстанова культуры новага тыпу распачала нядаўна, з 1 мая. Але змену афіцыйнага статуса не назавеш данінай модзе: яна адно зацвердзіла сапраўдны стан гэтага маленькага, але такога цёплага агменю культуры.
Якім павінен быць адпачынак, каб ён мог задаволіць кожнага з членаў сям’і — і бацькоў, і дзяцей, і бабуль з дзядулямі, паглыбіць іх духоўныя повязі, што так часта чэзнуць у сучасным свеце? І якой павінна быць бібліятэка, каб стаць цэнтрам вясковага жыцця не толькі на паперы?
Адказы на гэтыя зусім нялёгкія пытанні знаходзяцца падчас гутаркі з гаспадыняй Ваверскай бібліятэкі Верай Піскун, у яе захопленых расповедах пра сямейныя выправы на лыжах, супольнае святкаванне дзён народзінаў чытачоў, правядзенне не толькі Дня мамы, але і Дня таты, рэгулярныя экскурсіі па ўсёй Беларусі, вечары ля вогнішча з песнямі, конкурсамі ды смажаным салам...
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-8.jpg

Тамара Зенюкевіч: “Кнігі на любы густ”..


Пасля ўсяго гэтага разумееш, што Ваверская бібліятэка — не толькі месца, дзе захоўваюцца і выдаюцца кніжкі, а папраўдзе нешта больш важкае ды універсальнае. Сапраўдны Цэнтр з вялікай літары. І цэнтр гэтага Цэнтра вызначыць зусім нескладана.— Калі да мяне прыходзяць людзі, заўсёды карціць прапанаваць ім нешта новае, нязвыклае, — кажа бібліятэкарка, якая зазвычай з’яўляецца аўтарам і “рухавіком” смелых задум.
Бібліятэка займае ўсяго два невялікія пакоі — прычым стэлажы з добрай падборкай перыядычных выданняў давялося паставіць у калідоры. Але ж як тут усё дагледжана, папраўдзе “абжыта”! Вазоны з кветкамі, што займаюць ці не ўсё вольнае месца, прыемныя колеры інтэр’ера, дбайна аформленыя стэнды, на якіх чытачы могуць убачыць самі сябе на фотаздымках з мінулых імпрэз, нядаўні плён платных паслуг — прыгожыя фіранкі... Усе дэталі вонкавага “партрэта” гэтай бібліятэкі ствараюць папраўдзе мілую воку карціну.
Знайшлося ў гэтай цеснаце месца і для свайго тэатра — лялечнага. Ён, бы той казачны персанаж, “жыве” ў звычайнай кардоннай скрынцы, але часам яе пакідае, каб парадаваць і дзяцей, і дарослых. Адной з нядаўніх прэм’ер тэатра стала сцэнічнае ўвасабленне п’есы “Як казкі пераблыталіся” Г.Аўласенкі, апублікаванай у нашым “Куфры-радцы”.
— Дзецям вельмі спадабалася, і мы ўдзячныя, што ў вашай газеце з’явіўся такі праект,— зазначыла бібліятэкарка. Аматарскі клуб — ці, іншымі словамі, вялікая сябрына — “Мая сям’я” яднае каля сямідзесяці ўдзельнікаў самага рознага веку. Усім разам ім у бібліятэчнай зале нават і не змясціцца, і гэта становіцца яшчэ адным стымулам для правядзення імпрэз “на прыродзе”.
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-7.jpg
 “Сямейны” бібліятэкар Вера Піскун.
Вось і цяпер, на пачатку каталіцкага Адвэнту, ваверкаўцы ўжо рыхтуюцца да Божага Нараджэння, якому наступствуюць калядкі. У гэтых мясцінах яны спаконвеку праходзяць вясёла ды зухавата. А арганізоўваюцца цяпер тут, у бібліятэцы. Пробашч касцёла не толькі дапамагае, але і нярэдка выступае ў ролі спонсара: купляе падарункі.
— А яшчэ ведаеце, якая завядзёнка ў нас нядаўна з’явілася? — распавядае В.Піскун. — Кожнага разу на Каляды і Вялікдзень мы з дзецьмі ходзім віншаваць пажылых людзей. Спяваем і беларускія песні, і польскія. Наведваем з канцэртамі або спектаклямі таксама бальніцу і дзіцячы садок.
Па-за ўвагай бібліятэкі не застаюцца не толькі людзі, якім складана сюды прыйсці, але ітыя аднавяскоўцы, каму і чытаць ужо самім зацяжка. Для іх Вера Піскун, а таксама валанцёры з ліку дзяцей, вынайшлі такую папраўдзе ўражвальную форму абслугоўвання, як чытанне ўголас.
Разам з тым, бібліятэка мае што прапанаваць і актыўнай частцы насельніцтва Ваверкі — да іх паслуг і сканер, і каляровы прынтэр, і Інтэрнет. Адметна, што з’явілася гэтая тэхніка яшчэ да камп’ютэрызацыі вясковых бібліятэк,— у тыя часы, калі пахвастацца ёю маглі нават не ў кожным райцэнтры.
Адкуль з’явілася? Адтуль жа, адкуль і шыкоўныя дзіцячыя энцыклапедыі на паліцах, і тэлевізар, і сродкі на экскурсійныя выезды. Адну з найважнейшых крыніц папаўнення матэрыяльнай базы сваёй установы В.Піскун знайшла літаральна пад нагамі. Зразумеўшы, што ўсе патрэбы бібліятэкі аднымі толькі бюджэтнымі сродкамі не задаволіць, яе няўрымслівая гаспадыня надумала... збіраць металалом!
Дружная бібліятэчная сям’я адразу падтрымала гэтую ініцыятыву, не пашкадаваўшы ні высілкаў, ні вольнага часу, ні ўласнага гужавога транспарту. І працуючы талакою, заўзятары неўзабаве ачысцілі ад жалезнага друзу ўсе прылеглыя да вёскі тэрыторыі.
Вера Піскун рашуча адпрэчвае распаўсюджанае цяпер меркаванне адносна таго, што чытаць апошнім часам стала “нямодна”. І сапраўды, установа гэтая запатрабавана і ў сваім “першасным” прызначэнні— як бібліятэка. На перапынках сюды гурмою заскокваюць пагартаць часопісы шкаляры, завітваюць настаўнікі ў пошуку матэрыялаў для ўрокаў, наведваюцца і людзі сталага веку.
— Галоўнае — знайсці да кожнага падыход, — тлумачыць бібліятэкарка сакрэт поспеху. — І працаваць з імпэтам, ад душы.
Вера Піскун спадзяецца, што гэтага імпэту ёй хопіць ажно да 84 гадоў — чамусь менавіта такі яна вызначыла сабе пенсійны век. Праўда, мала хто сумняецца ў тым, што руплівіца не пакіне сваю працу і па дасягненні гэтага ўзросту...
Ваверскую бібліятэку-цэнтр мы наведалі разам з намеснікам дырэктара ЦБС Лідчыны Тамарай Зенюкевіч і двума маладымі спецыялістамі. Яны прывезлі не толькі кніжныя навінкі, але і прапанову: стварыць тут праект “Мой радавод” — свайго роду спаборніцтва сярод чытачоў, хто колькі каленаў продкаў ведае. Уключае ён таксамаі своеасаблівы музей: у кожнай сям’і ёсць тое, што асабліва дарагое як памяць, хай сабе гэта будзе не якісь прадмет, а песня.
Пакуль сёе-тое, дык абаяльная гаспадыня ўсіх бібліятэчных камп’ютэраў Лідчыны,
 /i/content/pi/cult/140/883/Kult-49-5.jpg
 Мадэлі з Дому рамёстваў.
інжынер-праграміст Крысціна Лянко паспела абнавіць праграмнае забеспячэнне Ваверскай бібліятэкі, а мастак-аздабляльнік Вольга Мікавоз — прыкінуць ідэі новых стэндаў.
Развіццё бібліятэчнай сферы на Лідчыне стала вымагаць такіх “вузкапрофільных” спецыялістаў, бо самастойна засвоіць навінкі тэхнікі і “софту” простыя карыстальнікі-бібліятэкары не могуць.
Ды і адносна інтэр’ераў патрабаванні таксама іншыя, чым раней. Проста пабеленыя сцены нікога ўжо не задавальняюць — усе хочуць яркіх ідэй і індывідуальнага дызайну.
— Бібліятэк у нас 32, — кажа Т.Зенюкевіч, — а мастак толькі адзін. Таму да Вольгі ўжо цэлая чарга сабралася.

* * *
.
..Прымаўку “Нашаму роду няма пераводу”, якая красуе на стэндзе Ваверскага Цэнтра сямейнага адпачынку, можна было б абраць дэвізам не толькі яго дзейнасці, але і семінара-нарады кіраўнікоў аддзелаў культуры гар(рай)выканкамаў і абласных арганізацый, што наступстваваў калегіі і меў тэму “Прапаганда агульначалавечых каштоўнасцей і маральных асноў сям’і сродкамі ўстаноў культуры і мастацтва”.
— Тэма для нас не новая, — адзначыў карэспандэнту “К” А.Лойка. — Па вялікім рахунку, праца работнікаў культуры ва ўсе часы была скіравана менавіта на прапаганду маральных каштоўнасцей. Адно што цяпер нам трэба акрэсліць новыя шляхі гэтай дзейнасці — асабліва ва ўмовах засілля мас-культуры. Не, нават не новыя — хутчэй забытыя старыя. Не сумняюся, што ў кожным куточку Гродзеншчыны напрацаваны свой адметны досвед. І абапіраючыся на яго, мы здолеем выконваць найважнейшую сваю задачу, няўхільна спраўджваць у штодзённай працы сваё галоўнае прызначэнне — спрыяць аздараўленню і гуманізацыі грамадства.

Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Лідскі раён — Мінск
Фота аўтара