Крыніца аўтэнтыкі між паспешлівымі інавацыямі і “адбіваннем выдаткаў”

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Міжнародны форум у Магілёве: праблемы — агульныя і не вельмі / Рэгіянальная культура ў кантэксце свету

16 — 18 мая ў Магілёве прайшоў ІІ Міжнародны форум “Традыцыйная культуры як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Удзел у ім прымалі прадстаўнікі 13 краін. У параўнанні з леташняй, падзея стала больш прадстаўнічай — ці не ў тры разы. Таму не дзіва, што спонсарам мерапрыемства выступіў з дзясятак дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны. А Магілёўскі абласны метадычны цэнтр, Шклоўскі і Дрыбінскі раёны ператварыліся ў дыскусійныя пляцоўкі па абагульненні тэарэтыка-практычных напрацовак у кірунку захавання ды развіцця традыцыйнай нацыянальнай культуры і сённяшняга развіцця галіны, агульным вынікам дзейнасці якой прынята называць фарміраванне нацыянальных светапогляду і духоўнасці...

/i/content/pi/cult/428/8828/10-1.jpeg

Хтосьці калісьці назваў кожную з нацыянальных культур цаглінкай, укладзенай у падмурак агульнага збудавання. Параўнанне, як падаецца, не вельмі дарэчнае. Ці мала мы паўзводзілі сцен, якія, хочаш-не хочаш, а давялося руйнаваць? Нацыянальная культура — што тая крыніца заўжды сцюдзёнай і гаючай вады. У кожнага яна — свая ды адзіная. Але менавіта незаўважныя на першы погляд крыніцы жывяць рэкі і акіяны, якія з’яўляюцца агульным жыццядайным набыткам нацый ды народнасцей. Агульным месцам выйсця і паяднання тых крыніц стала ў другі раз запар менавіта Магілёўшчына — яшчэ адзін доказ таго, што ўсе структуры тутэйшага ўпраўлення культуры дзейнічаюць з гарантаванай выніковай эфектыўнасцю.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў пад час адкрыцця форуму: не варта вывучаць малекулярную генетыку, каб пераканацца, што ўсе народы лучыць культурнае сваяцтва. І доказам таму — значнае павелічэнне цікавасці да другога па ліку магілёўскага мерапрыемства. Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец адным з вектараў развіцця абласной культуры лічыў і лічыць цесныя ды ўзаемакарысныя стасункі з замежнымі калегамі. Таму і творчыя камандзіроўкі за кардон тут — справа ці не дзяжурная, у адрозненне ад іншых абласцей. Таму і форум атабарыўся суквеццем замежных сцягоў менавіта ў Магілёве. І менавіта Магілёўская вобласць першай займела грунтоўны зборнік свайго гісторыка-побытавага танца, самы “сталы” з якіх бярэ пачатак у XVI стагоддзі. Гэтак жа ашчадна тут ставяцца і да мясцовага нацыянальнага строю, што старанна адноўлены ў кожным з раёнаў. Не менш прэзентабельна выглядае і калецыя ручнікоў Прыдняпроўскага рэгіёна... Карацей, сёлетняя Культурная сталіца Беларусі і СНД мае што паказаць на міжнародным узроўні і на гэтым жа ўзроўні не ўпускае шанцу павучыцца.

Колькі юрыстаў, столькі і фалькларыстаў

Я, на жаль, не меў магчымасці адсачыць працу форуму цягам усіх трох дзён (частка мерапрыемстваў прыпала нават і на нядзелю). Але пагутарыць паспеў ці не з кожным замежным госцем. Цікавіў, натуральна, не толькі змест навуковых выступленняў пад час Міжнароднай канферэнцыі “Каштоўнасці традыцыйнай культуры і міжнародныя іміджавыя стратэгіі”, але і замежнае бачанне сучаснага стану развіцця духоўнасці кожнай з прэзентаваных на форуме краін. Пытанняў была процьма: а якая структура галіны, ці сутыкнулася яна з праблемай аптымізацыі ды мінімізацыі, да якой ступені “ўзяла ў палон” камерцыялізацыя і наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца для ўласнага развіцця пазабюджэтныя ды спонсарскія сродкі...

/i/content/pi/cult/428/8828/10-2.jpeg

Але спачатку — пра выключна навуковы сінтэз і аналіз нацыянальнай традыцыі. Выступленне дацэнта Тартускага ўніверсітэта Мадзіса Арукаска называлася “Праблематыка традыцыйных каштоўнасцей у сённяшні час”. Але з каларытным эстонцам я паспеў сустрэцца да пачатку канферэнцыі. На магілёўскім форуме ён прысутнічаў упершыню, таму з цікавасцю прыглядаўся да нашых строяў, беларускай традыцыйнай керамікі ды вышыўкі, што шчодра прэзентаваліся на кожным з паверхаў Магілёўскага абласнога метадцэнтра. Арукаск — фалькларыст. І прынцып дзейнасці для сябе выпрацаваў досыць цікавы: “Спачатку трэба задаваць праблемныя пытанні сабе, тады і адказы абавязкова знойдуцца”.

Традыцыйная культура, па меркаванні эстонскага навукоўцы, не столькі знікае, колькі пастаянна відазмяняецца і адшуквае сабе новыя зручныя формы. Але працэс гэты варта адсочваць, вывучаць ды кантраляваць. Сапраўды, ці можна захаваць аўтэнтыку двухсотгадовай даўніны ў першародным выглядзе? Культура — субстанцыя жывая. Значыць, пастаянна развіваецца, у тым ліку і ў кантакце з іншымі нацыянальнымі традыцыямі. Мадзіс Арукаск вылучае ў такім фальклорным працэсе “архіўнае” жыццё традыцыі і сучасную яе інтэпрэтацыю. Два гэтыя вектары суіснуюць ды пастаянна ўзаемадзейнічаюць. І, як я зразумеў суразмоўца, менавіта яны, гэтыя вектары — аснова дзейнасці любой эстонскай установы культуры.

/i/content/pi/cult/428/8828/10-10.jpeg

Але дзяржава найперш падтрымлівае тых работнікаў, якія прапаноўваюць доўгатэрміновыя праекты ды адшукваюць для іх рэалізацыі спонсараў. Эстонскі генератар рэгіянальных ідэй — вясковая абшчына. Сельскія дамы культуры амаль адышлі ў нябыт і ўтрымліваюцца мясцовым бюджэтам толькі з той прычыны, што выкарыстоўваюцца збольшага як сцэнічныя пляцоўкі. “У нас у Эстоніі — усё вольна, — распавядае Мадзіс. Нават мо занадта”. Але калі няма ініцыятывы “знізу”, няма і спонсараў. Мы, беларусы, толькі падступаемся да ўсведамлення гэтай высновы. У Эстоніі ж яна — аксіёма і рухавік культурнага прагрэсу.

Арукаск вельмі занепакоены тым, што ў асобных краінах мала ўвагі надаецца развіццю фальклору. “У нас фалькларыстаў не так шмат, як і юрыстаў, — кажа ён, — але яны ёсць і вельмі прафесійна курыруюць трансляцыю спадчыны, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні”. І гэта адзін з іміджавых бакоў эстонскага культурнага “медаля”. На Беларусі, як падаецца, такой узнагароды вартыя толькі адзінкавыя ўстановы культуры. Да прыкладу, тыя, што размешчаны ў Любанскім раёне. У іншых прафесійнага фалькларыста, кшталту Сяргея Выскваркі, днём з агнём не знойдзеш.

/i/content/pi/cult/428/8828/10-8.jpeg

Якія апетыты ў камуналкі?

Ірына Чугунова з Цэнтра культуры Ульянаўскай вобласці Расіі прыехала ў Магілёў павучыцца, бо праблемы, як высветлілася, у нас вельмі блізкія. Да прыкладу, аптымізацыя сеткі ўстаноў. На Ульянаўшчыне, распавяла яна, — 552 клубы. Дзяржава фінансуе толькі значныя культурныя фестывалі і масавыя мерапрыемствы. У маленькіх вёсках, дзе дзесяць-дваццаць бабуль, а моладзь адсутнічае, няма ўжо ні клубаў, ні бібліятэк. “Мы нядаўна праехаліся па такіх вёсках з экспедыцыяй, — кажа Ірына, — сабралі песні чувашскага народа, мяркуем выдаць зборнік”. Летась кіраўніцтва Ульянаўскай вобласці зацвердзіла шасцігадовую праграму па падтрыманні матэрыяльна-тэхнічнай базы тых устаноў, што засталіся. Амаль палова клубаў будзе адрамантавана.

Ірына адказвае ў сваёй установе за кантрольныя праверкі раённых і сельскіх клубных устаноў. Крытэрыі неэфектыўнай работы наступныя: малая колькасць мерапрыемстваў, дзяцей, ахопленых гуртковым клопатам, мастацкіх калектываў са званнем і невыкананне плана па аказанні платных паслуг... Карацей, усё тое, ад чаго галава баліць штодня і ў нашых работнікаў культуры.

Колькі ж расіяне з пазабюджэтнага заробку пакідаюць для развіцця ўласнай установы? Прыкладна столькі ж, колькі і ў нас. Большасць грошай “з’ядае” камуналка, таму штогод і нарошчваюцца заданні. А спецыялістаў пастаянна накіроўваюць на вучобу для “засваення перадавых прыёмаў культурнай камерцыйнай дзейнасці”. Паездка на Магілёўшчыну — адна з такіх вучоб. У нас, на жаль, супрацоўнікаў ГДК (не кажучы пра СДК) на вучобу за мяжу не накіроўваюць. А ўсё астатняе — люстраны адбітак беларускіх культурных праблем.

Нашу з Ірынай размову вельмі шчыра і горача каменціруе галоўны рэдактар маскоўскага прафесійнага часопіса для кіраўнікоў і спецыялістаў дамоў культуры Галіна Асоўская. У Белгарадскай вобласці, паведамляе яна, дзе створана сетка мадэльных дамоў культуры, кожная ўстанова здае ў арэнду свае памяшканні пад цырульні, кавярні, іншыя сэрвісныя арганізацыі і такім чынам “адбівае” затраты на камуналку. Так, пераконвае Галіна, бібліятэка не можа прадаваць дублетныя экзэмпляры літаратуры, бо гэта пярэчыць заканадаўству, і любы дзяржаўны захад па камерцыялізацыі ўстановы культуры з’яўляецца ганебным ды антыдухоўным. У Маскве, да прыкладу, цяпер актыўна зачыняюцца газетныя шапікі, гараджане не могуць набыць газеты ля метро, а дзяржава глядзіць на падтрымку выдавецкага бізнесу скрозь пальцы. Выхад новых кніг, газет, адкрыццё мастацкіх галерэй і г. д. павінны адбывацца, па перакананні Галіны Асоўскай, пад абавязковым патранатам дзяржавы. “І наш часопіс, — кажа яна, — супраць аптымізацыі. Я лічу, што ў нас закрываюць лепшыя ўстановы. Да прыкладу, у Мурманскай вобласці абласны Дом народнай творчасці далучылі да мясцовага ДК імя Кірава. А той дом быў адзіны на ўсю вялізную вобласць”. У выніку грамадскі рэзананс ад такой мінімізацыі страсянуў ці не ўсю культурную Расію. Балазе на беларускіх абсягах такой неахайнасці пакуль не зафіксавана. І барані нас бог ад неабачлівай аптымізацыі. Адмоўны замежны досвед — таксама досвед. Ігнараваць яго — нібыта на граблі наступаць.

/i/content/pi/cult/428/8828/10-3.jpeg

Без менеджменту не будзе і іміджа

Пад час адкрыцця форуму, у ліку іншых, выступіў і ансамбль бабуль “Незабудкі” з Чавускага раёна. Выступіў бліскуча. Калектыў мае статус нематэрыяльнай каштоўнасці краіны. А хто пра яго ведае ў замежжы, ці нават у роднай Беларусі? Нераскручанасць многіх нашых патэнцыйна іміджавых творчых калектываў і стала нагодай для маёй гутаркі з галоўным рэдактарам “Дома культуры” пра іміджавыя стратэгіі. Вось што на гэты конт зазначыла Галіна Асоўская:

— Надышоў час, на маю думку, калі мы можам і павінны дапамагчы сабе самі. А гэта азначае, што неабходна скрупулёзна займацца менеджментам культуры. Па магчымасці, у кожнай геніяльнай бабулі павінен быць уласны менеджар. Як гэта ажыццявіць? Ды лёгка! Прыцягнуць студэнтаў, валанцёраў... Паглядзіце, колькі еўрапейцаў імкнуцца наведаць расійскія фальклорныя фестывалі! Напрыклад, Калужская вобласць на ўвесь свет славіцца фэстам пад назвай “Дзікая мята”. А ён вырас з маленькага лакальнага мерапрыемства ў маштабную з’яву не пры міністэрскай дапамозе, а дзякуючы намаганням прафесіяналаў-энтузіястаў... Значыць, што неабходна рабіць? Змяняць менеджмент! Хіба ж чыноўнік ведае пра патрэбы культуры? Нават калі і ведае, яму не баліць!..

/i/content/pi/cult/428/8828/10-4.jpeg

Можна доўга разважаць пра чыноўніцкі менталітэт. Ён, падаецца, мае інтэрнацыянальны характар. Аднак ці можна назваць абыякавым чалавека, які хоць і займае высокую пасаду, але прайшоў да яе па ўсіх магчымых службовых прыступках? Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, да слова, пачынаў кар’еру з працы ў сельскім клубе... Але неаспрэчным застаецца іншае: прафесійнага менеджменту беларускай культуры, і не толькі рэгіянальнай, хранічна бракуе....

Распавяла Галіна Асоўская і пра расійскія этнавёскі. Гэта — спецыяльна створаныя за прыцягнутыя спецсродкі паселішчы, дзе супольнасць аднадумцаў прэзентуе ахвотным самыя розныя ўзоры этнічнай, альтэрнатыўнай культуры. Названыя праекты — камерцыйныя. А ў Белгарадскай вобласці мясцовае кіраўніцтва распачало рэалізацыю дзяржпраекта “Родавы маёнтак”. Ахвотным выдзяляецца зямельны ўчастак, на якім можна пабудаваць дом, заняцца асветніцтвам і культурай. Ці будзе даведзена губернатарская праграма да ладу, пакажа час... Я ж, у сваю чаргу, распавёў журналістцы пра першыя спробы нашай гарадской інтэлігенцыі прыдбаць ва ўласнасць вёску ці хутар, каб там не толькі жыць, але і ладзіць фестывалі, кінапаказы, спектаклі і г.д. У што гэта канчаткова выльецца, таксама пакажа час. У беларусаў і расіян ён у дачыненні да развіцця культуры, як аказваецца, супадае.

Страсці па строі

Навуковая канферэнцыя — не літаратурны салон. У выступленнях пераважала грувасткая тэрміналогія. Дэфініцыі чаргаваліся з рэмінісцэнцыямі і алюзіямі. Для журналісцкага вуха такая “музыка” — не мае адпаведнага драйву. Але сапраўдны драйв, тым не менш, з’яўляўся. І найперш тады, калі навукоўцы распачыналі жывую дыскусію, ініцыяваную ўзнятай кімсьці праблемай. Адной з такіх “парушальніц навуковай засяроджанасці” стала доктар гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Латвіі пры Латвійскім універсітэце Анетэ Карлсоне. Яна прапанавала прамову, прысвечаную мінуўшчыне і сучаснасці латышскага народнага строю, а дакладней, распавяла пра тое, што трэба зрабіць, каб строй той не вісеў у хатняй шафе як музейны рарытэт ды даніна памяці, а насіўся — і ў святы, і ў будні, без прымусу “зверху”, па поклічы душы.

/i/content/pi/cult/428/8828/10-7.jpeg

Інакш кажучы, лейтматыў выступлення зводзіўся да наступнага: нацыянальны строй — сродак нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. А ў Латвіі народны касцюм лічыўся модным адзеннем ужо ў XIX стагоддзі. Мясцовая інтэлігенцыя катэгарычна вырашыла, што варта адлюстраваць багацце традыцыйнай спадчыны не толькі песнямі, але і знешнім выглядам выканаўцаў. Спецкамісія занялася рэканструкцыяй такога адзення. У аснову была пакладзена аўтэнтыка. Сёння такія строі выкарыстоўваюцца не толькі ў паўсядзённым жыцці, не толькі на песенных святах, але і на прэзідэнцкіх прыёмах...

 — І ў вёсках штодня такія строі носяць? — запыталася кандыдат філалагічных навук Інстытута археалогіі і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія Арусяк Саакян.

— Актыўна выкарыстоўваюць у паўсядзённым адзенні дэталі нацыянальнага строю, — адказала Анетэ Карлсоне. — Індывідуальны стыль набывае рысы этнічнага. І датычыцца гэта, у тым ліку, шкарпэтак, пальчатак....

/i/content/pi/cult/428/8828/10-9.jpeg

У дыскусію ўступілі рэктар Інстытута культуры Іван Крук, дырэктар Цэнтра народнай культуры Літвы з Вільнюса Саўліс Ліаус. Выснова такая: традыцыйны строй — для нацыянальнага свята, строй з элементамі традыцыі — для паўсядзённага ўжывання. Для моладзі Латвіі і Літвы — гэта норма. Для Беларусі — мара...

Мне ў той момант узгадалася сцэнічнае дэфіле магілёўскіх дзяўчат у народных касцюмах, створаных навукова-вытворчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”. Зграбныя дзяўчаты на шпільках, фірмовыя стылізаваныя строі — усё разам глядзелася вельмі міла і прыстойна. Мода на такое адзенне для вуліцы, тэатра і інстытута можа прыйсці знянацку і ўвобмірг. Іншая справа, што маркетынгавай палітыкі для гэтага не стае. Дзе ж таму іміджу ўзяцца, калі не стае і нацыянальнай стратэгіі?

Што будзем аптымізаваць?

Увечары Арусяк Саакян на справе давяла ўсім замежным калегам, што армянскі нацыянальны строй і сёння не страціў актуальнасці ды прыгажосці. Арусяк — прыгажуня і разумніца. У яе — свой адметны погляд на нацыянальную культуру ды ідэалогію. І яна вельмі перажывае, што армянская народная калыханка, бліскучая і ўрачыстая (як і армянскі жаночы строй), страціла актуальнасць і не стала паўсядзённай неабходнасцю для маладых сем’яў, якія выхоўваюць сёння сваіх дзяцей.

Культурнае жыццё армянскага сяла, па словах Арусяк Саакян, за апошнія гады значна ажыло. Лепшыя самадзейныя калектывы збіраюцца ў сталіцы на традыцыйныя творчыя справаздачы. Але працэсу значна замінае сённяшні шоу-бізнес, у тым ліку і расійскі. “Калі спявак, які яшчэ ўчора быў нікім, лічыцца сёння прафесіяналам, а творца, што з’яўляецца носьбітам тысячагадовай армянскай песеннай традыцыі, застаецца ў вачах грамады самадзейным артыстам, дык асабіста я называю такі працэс разбурэннем высокага мастацтва!” — з горыччу прызналася Арусяк. Шоу-бізнесу жанчына абвясціла вайну, з канкрэтнымі прапановамі аб захаванні нацыянальнай спадчыны выйшла з аднадумцамі ва ўрад і міністэрства культуры. Інакш, прызналася, “аптымізаванай” застанецца народная спадчына, а армянскі фальклор нашчадкі будуць вывучаць па песеньках Кіркорава. У лепшым выпадку. Дарэчы, мастацкая спадчына ў Арменіі, як сцвярджае Саакян, не з’яўляецца падставай для нарошчвання пазабюджэту. Усё трымаецца на самаадданасці работнікаў культуры. Менавіта ў гэтым — брэнд армянскай культуры.

/i/content/pi/cult/428/8828/10-6.jpeg

Агульную мову з заслужаным работнікам культуры Украіны, прафесарам кафедры фалькларыстыкі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Іванам Паўленкам мы знайшлі імгненна. Ён разумее беларускую, я — украінскую. Так і кантактавалі.

На погляд Івана Акімавіча, украінская сельская бібліятэка як колішні культурна-асветніцкі цэнтр імкліва страчвае сваё выключна важнае значэнне. Бяздумныя “інавацыі”, як мяркуе ўкраінец, нясуць шмат разбуральнага: дзеля сумніўнай эканоміі матэрыяльных рэсурсаў закрываюцца вясковыя школы, знікаюць і ўстановы культуры. Клубы, да прыкладу, засталіся там, дзе ёсць спонсары, што разумеюць: без культуры няма грамадства.

— Я быў месяц у Японіі, — падзяліўся ўражаннямі Іван Паўленка. — Там грошы ў захаванне традыцыйнай культуры ўкладаліся пяцьдзясят гадоў запар. А менавіта традыцыя — аснова асноў духоўнасці. Таму і шыкуе цяпер Японія... За савецкім часам у кожным нашым сяле былі хор, духавы і народны аркестры... Зараз — толькі малыя формы, так званыя траістыя музыкі. Акадэмічныя хары зніклі ўвогуле, а спецыялісты-музыкі пайшлі ў царкву. Цяпер заможныя людзі адкрываюць цэрквы. Гэта модна. Але ж храмы — увасабленне духоўнасці. А на гэта забываюцца... У нашым выпадку канцэнтрацыя духоўнасці — традыцыйная культура. Але мы яе страцілі ў большасці ўкраінскіх сёл. Захаваліся толькі тыя калектывы, што былі створаны па народнай ініцыятыве... І фалькларыстаў-прафесіяналаў у нас няма, бо не існуе сістэмы іх якаснай падрыхтоўкі. Гэта адна з галоўных нашых праблем...

Праблема, Іван Акімавіч, — не толькі ўкраінская. Хранічна не хапае такіх спецыялістаў і на Беларусі. Вось папса з шансонам і перамагаюць. У нас, дзякаваць богу, гэтыя “перамогі”, як падаецца, пакуль не такія лёсавызначальныя. Мадзіс Арукаск з Эстоніі, калі бачыў і слухаў цягам гэтых дзён аматарскія творчыя калектывы Магілёўшчыны, пастаянна пытаўся ў мяне: “Гэта, відаць, прафесіяналы?”. “Не”, — са сцішаным гонарам адказваў я...

Усход — справа тонкая

Дактарант музыказнаўчага аддзялення Інстытута прыгожых мастацтваў Эрджысейскага ўніверсітэта Мехмет Арсланбога прыехаў з Турцыі без перакладчыка. Функцыю апошняга ажыццяўляў выконваючы абавязкі вучонага сакратара Навукова-метадычнага цэнтра па культуразнаўстве Азербайджанскай Рэспублікі Абульфаз Бабазадэ. (Інтэрв’ю з ім “К” публікавала па выніках I Міжнароднага форуму традыцыйнай культуры ў Магілёве.) Дык вось, Мехмет распавёў, што і для туркаў традыцыйная культура — аснова асноў. У краіне кожны год ладзяцца дзясяткі мерапрыемстваў, якія маюць фальклорны характар. Мехмет як музыказнаўца займаецца этнамузыкай. І не толькі турэцкай. У Кайсеры (Цэнтральная Турцыя) жывуць выхадцы з Паўночнага Каўказа. Вось іх традыцыйнае мастацтва ў кантэксце культурнай ідэнтычнасці Арсланбога і вывучае...

/i/content/pi/cult/428/8828/10-5.jpeg

Наколькі самастойныя турэцкія фалькларысты ў вырашэнні творча-фінансавых пытанняў? Гэтая самастойнасць залежыць ад актыўнасці няўрадавых арганізацый. Дзяржава дапамагае значна, нават асобным аулам. Аднак і прыватных ініцыятыў надзвычай шмат... Турцыя — даволі пярэстая ў нацыянальным плане (75 мільёнаў насельніцтва, 81 раён), таму грамадства імкнецца захаваць і развіць такую іміджавую шматколернасць мастацтваў.

Пры кожным турэцкім муніцыпалітэце дзейнічаюць не клубы, а сінтэтычныя ў функцыях цэнтры народнай творчасці. У кожным раёне ёсць бібліятэка. Праблема толькі ў тым, што няма дзіцячых музычных школ. Каноны ісламу замінаюць...

Мехмета прывёз у Магілёў Абульфаз Бабазадэ, які пад час першага форуму стаў ці не душой культуры Магілёўшчыны. І ён перакананы, што Азербайджан на сёння павінен асацыіравацца не толькі з паспяховай нафтаздабычай, але і з не менш паспяховым развіццём чалавечага капіталу. Інакш кажучы, тэндэнцыя развіцця азербайджанскай культуры — у фарміраванні адпаведнай дзяржаўнай палітыкі. Адзін з яе складнікаў — узмоцненая папулярызацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. Што ж, веласіпеда Абульфаз не вынайшоў. Нафта нафтай, але куды ж без песень, якія яшчэ бабуля спявала?..

“Чыталішты” і “Заранка”

Камен Тодараў Дончаў — галоўны асістэнт Інстытута этналогіі і фалькларыстыкі Балгарскай акадэміі навук. Ён распавёў пра спецыфічную асаблівасць балгарскай культуры. Тут дзейнічае арганізацыя “Чыталішты”. Узнікла яна пад час Балгарскага Адраджэння, у XIX стагоддзі. Зразумела, гаворка — пра шматкампанентныя ўстановы культуры (не толькі ў гарадах, але і ў мястэчках, вёсках), дзе можна чытаць. І не толькі. Тут ёсць сцэна, музачная апаратура. Менавіта тут дзеці асвойваюць музычныя інструменты, замежныя мовы, традыцыйныя танцы, займаюцца ў балетных гуртках. Установы такія, па словах Камена, зарабляюць на сваё існаванне самі. Шукаюць спонсараў, дабрачыннікаў. Спектаклі, канцэрты маюць за аснову не толькі традыцыйную культуры, а таксама і ўзоры сучаснага балгарскага мастацва.

А вось Ірына Распопава — руская, але жыве ў Галандзіі. Чалавек яна надзвычай напорысты і актыўны. Ну не захацелася ёй сядзець у замежжы склаўшы рукі. Стала дырэктарам галандскага Фонду па захаванні і прапагандзе рускай традыцыйнай культуры сярод жыхароў галандскага Вахінінгена. Вельмі хутка пра фонд даведаліся ва ўсёй краіне.

Пры фондзе пачаў дзейнічаць аматарскі творчы калектыў “Заранка”, якім таксама кіруе Распопава. А паколькі ў яе — беларускія карані, галандцы ў “Заранцы” спяваюць і па-беларуску. Аналагаў фонду і “Заранцы” ў Галандзіі няма. А колькасць удзельнікаў вось такой інтэрнацыянальнай самадзейнасці пастаянна павялічваецца. Чарговы праект Ірыны Распопавай — наладжванне кантактаў з беларускімі, у прыватнасці, з Веткі, стараверамі для стварэння агульных творчых праграм. Хто пасля гэтага будзе пярэчыць, што традыцыйная культура яднае, выхоўвае і пашырае межы не толькі краін, але і чалавечых душ...

У Магілёве, між тым, пачалі рыхтавацца да трэцяга форуму. Цікава, колькі гасцей будзе ў наступным годзе?..

На здымках: 1. Пад час канферэнцыі; 2. Чавускія "Незабудкі"; 3. Ірына Распопава; 4. Мехмет Арсланбога; 5. “Заранка” з Галандзіі; 6. Анатоль Сінкавец і Арусяк Саакян; 7. Мадзіс Арукаск; 8. Камен Тодараў Дончаў; 9. Іван Паўленка; 10. Галіна Асоўская.
Фота аўтара і Вольгі СЕМЧАНКА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"