Хроніка, што нібыта вырасла з зямлі

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Горад Быхаў будзе ўпрыгожаны скульптурнай кампазіцыяй у гонар помніка беларускага пісьменства — Баркулабаўскай хронікі.

Гэты летапіс быў створаны на пачатку XVІI. Ён напісаны ў вёсцы Баркулабава, што на Быхаўшчыне, і фактычна ўяўляе з сябе мясцовую хроніку на фоне падзей агульнадзяржаўнага значэння. Гэтую акалічнасць (спалучэнне лакальнага і глабальнага, прыватнага і дзяржаўнага), выяўленую ў спецыфіцы жанру згаданага літаратурнага твора, мусілі ўлічыць аўтарскія калектывы, якія прымалі ўдзел у конкурсе на праект помніка.

/i/content/pi/cult/428/8825/1-1.jpeg

Адбыўся першы тур творчага спаборніцтва. Прадстаўленыя ў ім кампазіцыі збольшага адпавядалі ўстойлівым эстэтычным стэрэатыпам адносна таго, якім павінен быць рэалістычны помнік летапісу ці летапісцу. Была і іншая крайнасць: цікавыя самі па сабе фармальныя рашэнні, але тэму не адлюстроўвалі.

Журы прызнала лепшым праект творчай групы, лідарам якой з’яўляецца скульптар Іван Арцімовіч. Сувязь з канкрэтнай мясцінай, дзе была створана хроніка, выяўлена праз вобраз кнігі, якая, нібыта, вырастае з зямлі. Аўтарам прадпісана цягам дзесяці дзён больш грунтоўна прадумаць архітэктурную прывязку помніка і ўдасканаліць скульптурную пластыку, пасля чаго можа распачацца праца над рабочай мадэллю. Далей — абвяшчэнне тэндара на адліўку і ўстаноўку помніка.
На здымку: праект творчай групы Івана Арцімовіча.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"