Юля з Чудзян адгукнулася

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Сумоўе праз 24 гады

Фатаграфія — маўклівая. Гэта тэкст можна прачытаць. А фатаграфію — толькі разгледзець і запомніць. Ці адвярнуцца… Але ёсць фатаграфіі-вобразы. Іншым разам гэта здараецца. Не часта. Іншым разам.

/i/content/pi/cult/428/8824/14-3.jpeg

1 ліпеня 1989 года

Каб абкамаўская чорная “Волга” не выклікала недаверу сяльчан, я папрасіў вадзіцеля спыніць легкавік за ваколіцай, а сам пайшоў па галоўнай вуліцы вёскі Чудзяны. Вёска дажывала апошнія дні: жыхароў высялялі ў чыстыя ад радыяцыі раёны, а дамы рыхтавалі да знішчэння. На вуліцы я ўбачыў пажылую жанчыну ў белай сукенцы і белым фартуху. За спіной яе стаяла вялізнае дрэва, крона якога нагадвала ядзерны “грыб”. “Нікан” я ўзяў з “тэлевіком”, і здымак атрымаўся сімвалічным.

Нішто з навакольнага пейзажу не нагадвала пра радыяцыйную небяспеку. Я згадаў сваё першае наведанне чарнобыльскай зоны ў маі 1986-га: з чыноўнікам штаба па ліквідацыі наступстваў аварыі на АЭС мы пабывалі ў адной з вёсак 30-кіламетровай зоны. Запомнілася размова:

— Трэба з’язджаць, бабуля, — угаворваў чыноўнік жыхарку. — Заставацца тут нельга: радыяцыя.

/i/content/pi/cult/428/8824/14-4.jpeg

Адказ быў катэгарычны:

— Ды гары яна гарам, тая радыяцыя!

Сапраўды, куды з’язджаць, калі наўкол такая прыгажосць!..

А Чудзяны, здавалася, жылі звычайным жыццём. Хтосьці нёс ваду са студні. На лаўцы сядзелі бабулі. На ганку аднаго з дамоў я ўбачыў дзяўчынку ў квяцістай майцы з намаляванымі клоўнамі. Дзяўчынка паглядзела ў мой аб’ектыў — у ейным позірку было неўразуменне і... я не мог сабе патлумачыць, — штосьці яшчэ, важнае, трывожнае. Я пстрыкнуў затворам.

/i/content/pi/cult/428/8824/14-1.jpeg /i/content/pi/cult/428/8824/14-2.jpeg

Жанчыны, якія былі побач, усхваляваліся: “Што ж вы яе такую, запэцканую, фатаграфуеце! Пачакайце...” Схапілі маю гераіню і пачалі прыводзіць у парадак. Перада мной з’явілася тая ж дзяўчынка, але тое, што было ў ейным позірку, знікла… З павагі да клапатлівых жанчын я зрабіў некалькі здымкаў і запытаўся, як завуць дзяўчынку.

— Юля Ганчура, — паведамілі мне.

За весніцамі, дзе стаяла “Волга”, я ўбачыў на тэлеграфным слупе пустую буслянку. Птушкі не вярнуліся дахаты...

Матэрыял я накіраваў у Маскву. Працаваў я ў той час у агенцтве друку “Навіны”.

26 красавіка 1990 года

У мінскім Палацы мастацтва адкрылася мая фотавыстаўка “Белоруссия-Чернобыль”. На рэкламным плакаце — выявы Юлі і кінутай буслянкі.

19 красавіка 1991 года

У Маскоўскім доме вучоных экспанавалася тая самая выстаўка.

3 мая 1991 года

Згаданая экспазіцыя адкрылася ў Канцэртнай зале “Расія” ў Маскве, дзе адбыўся канцэрт Ігара Лучанка “Майскі вальс”.

7 мая 1991 года

“Белоруссию-Чернобыль” убачылі ў Брэсцкай крэпасці.

/i/content/pi/cult/428/8824/14-5.jpeg

9 мая 1991 года

Выстаўку паказалі ў Берлінскім цэнтры культуры... Потым яна пабывала ў Японіі, ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, Літве. Партрэт Юлі Ганчура пабачыў ці не ўвесь свет.

27 красавіка 2013 года

У газеце “Культура” надрукаваны здымак Юлі, а тэкст распавядаў: “Чудзян ужо няма... Дзе ты цяпер, Юля? Адгукніся! Мы спадзяёмся, што ў вачах тваіх цяпер жыве радасць”.

І мы не памыліліся.

17 мая 2013 года, 9.59

Мы атрымалі па электронцы ліст ад Юлі: “Добры дзень. “Юля з Чудзян, якіх ужо няма”, жыву цяпер у Шклове. Пішыце, рада буду пагутарыць”.

17 мая 2013 года, 11.28

Я адказаў: “Добры дзень, Юля. Рады, што адгукнуліся. Раскажыце крыху пра сябе. Ці памятаеце вы той дзень? Дарэчы, які гэта быў год: 1986-ы, 87-ы, 88-ы? Як склаўся лёс аднавяскоўцаў? Дасылаю вам фота. Дашліце, калі ласка, сваё цяперашняе”.

17 мая 2013 года, 12.49

А вось і Юлін адказ: “Культуру” майму бацьку перадала аднавяскоўка… Зараз мне 26 гадоў. У 1989-м мы пераехалі ў Круглянскі раён, дзе я вырасла разам з сястрой Наташай і братам Сяргеем. Бацькі, дзякаваць богу, — жывыя і здаровыя. У Наташы і Сяргея — ужо свае сем’і. Сястра жыве ў Маладзечне, брат — у Магілёве. А я з мужам і дачкой Ксюшай — у Шклове. Па адукацыі я — эканаміст-менеджар. Бабуля з дзядуляй пахаваны ў Чудзянах. Мы там бываем на Радаўніцу…Часам у мяне пытаюцца, чаму на тым фота ў мяне шчокі запэцканыя. Бабуля расказвала, што нехта мне даў цукерку, вось і запэцкалася…”

Вось такое атрымалася сумоўе праз дваццаць чатыры гады.

На здымках: Чудзяны-1989 і іх жыхары.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф